Найти тему

Касцёлы Беларусі. Маладзечанскі раён. Краснае. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

З Мінска на поўнач вядзе дарога, якую мы ведаем пад нумарам Р-28. Яна ідзе каля Заслаўя, праз Радашковічы ў бок Маладзечна. Раней гэтая дарога была часткай вядомага Віленскага тракта з Вільні ў Мінск, якому, нават, прысвечыў свой верш беларускі паэт Янка Купала:

Мінск, Маладзечна, Вільня...
Як жа знаёмы шлях гэты!
Змерыў яго я калісьці,
Як шукаў шчасця па светах.
Помнік Віленскаму тракту. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту
Помнік Віленскаму тракту. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту

Дык вось пасля Радашковічаў былы віленскі тракт трапіць ў вялікую вёску Краснае. Вёска раней мела назву Краснае Сяло, якую з часам паменьшылі да аднаго слова Краснае. Першыя звесткі пра Краснае Сяло датуюцца другой паловай 15 стагоддзя. Гэта было ўладанне вялікалітоўскіх князёў Казіміра Ягелончыка і потым яго сына Аляксандра Ягелончыка.

Краснае было буйнай вёскай і ў 1486 годзе атрымала статус мястэчка. А ў 1500 годзе ў суседняй вёсцы Плябань ад якой да Краснага меньш за 2 кіламетры быў пабудаваны парафіяльны Касцёл, парафія якога мела назву Краснасельская і адносілася да Краснага Сяла. Чаму была вырашана пабудаваць храм у гэтым месцы, а не непасрэдна ў вёсцы зараз ужо не вядома, але ёсць легенда, што гэтаму спрыяў адзін выпадак:

Так, аднойчы Вялікі князь Аляксандр Ягелончык рушыў са сваёй світай з Краснага Сяла ў Маладзечна. Толькі яны ад'ехалі ад Краснага Сяла як былі абкружаны воўчай зграяй. Гэта прымусіла Вялікага князя збіцца з шляху, каб выратавацца ад драпежнікаў. Зграя пераследавала вершнікаў да самага ўзбярэжжа рэчцы Уша. Дзякуючы Панну за ўратаванне, Аляксандр Ягелончык даў наказ пабудаваць на гэтым месцы драўляны Касцёл.

Вялікі Князь Літоўскі і Кароль Польскі Аляксандр Ягелончык
Вялікі Князь Літоўскі і Кароль Польскі Аляксандр Ягелончык

Таксама трэба адзначыць, што сваю назву вёска Плябань атрымала як раз дзякуючы гэтаму Касцёлу, бо тут знаходзілася і плябанія пры Касцёле. А яшчэ раней яна, верагодна, мела назву Юрыздыкі. Гэтая назва была таму, што Юрыздыкай раней называлася маёмасць, якую ахвяравала прыватная асоба на карысць Касцёла. І ў рэестры 1766 года яна ўгадваецца як "Юрыздыка Краснасельскага храма" ў якой пражываў 21чалавек (4 мужчыны, 6 жанчын і 11 дзяцей). Такім чынам гісторыя Плябані і Краснага маюць агульныя каранні і звязанны адзін з адным.

Як ужо было сказана, спачатку ў Плябані была драўляная святыня, верагодна яна не раз рэканструіравался, а ў 1800 годзе Краснасельскі канонік Казімір Харэвіч пачаў будаўніцтва новага мураванага храма. Гэта была доўгая праца, бо канчаткова будаўніцтва скончылася толькі ў 1858 годзе.

Нажаль храм не доўга змог прымаць вернікаў. У 1863-1864 па землях былога Вялікага Княства Літоўскага віхрам прайшло паўстанне беларусаў былых ліцвінаў за сваю незалежнасць, якое мы ведаем як паўстанне Кастуся Каліноўскага. Не абышло яно і вёску Краснае. Так у 1863 годзе тут змагаўся атрад Юліяна Бакшанскага.

Паўстанцы Кастуся Каліноўскага на карціне Міхала Эльвіра Андрыёлі
Паўстанцы Кастуся Каліноўскага на карціне Міхала Эльвіра Андрыёлі

У Касцёле паўстанцы хавалі зброю, а 4 красавіка 1863 іх атрад трапіў у засаду расейскіх войск. Падчас гэтага бою які адбыўся каля вёсак Плябань і суседняй вёскі Свечкі загінуў амаль увесь атрад паўстанцаў.

На месцы гераічнай смерці паўстанцаў быў усталяваны крыж і невялікі валун-помнік, на якім потым размясцілі памятную шыльду. Нажаль, зараз гэтае месца зусім не ахоўваецца, а шыльду зусім выдралі, каб нішто не нагадвала, хто тут пахаваны.

Помнік паўстанцам у Плябані. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту
Помнік паўстанцам у Плябані. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту

Але вернемся да Касцёла. За тое, што храм як і многія каталіцкія святыні таго часу падтрымліваў паўстанне не толькі словам і малітвай, але часам і справай, расейскія ўлады ў 1872 годзе каталіцкі храм зачынілі і перадалі яго праваслаўнай царкве, а ксяндза-пробашча саслалі ў Сібір. Так на месцы каталіцкага Касцёла, які існаваў тут каля 370 гадоў з'явілася Свята-Успенскай праваслаўная царква.

Трэба адзначыць, што каталіцкі храм усё ж такі вярнуўся ў Плябань не на доўгі час. Адбылося гэта ў 1921 годзе падчас міжваенай Польшчы, калі будынак былога Касцёла зноў вярнулі парафінянам, але ў 1939 годзе з прыходам савецкай улады храм зачынілі і зрабілі з яго сховішча. А падчас вайны будынак святыні быў значна пашкоджаны і амаль зруйнаваны. Так ён і прастаяў да 90-х гадоў калі з яго зноў зрабілі праваслаўную царкву

Выгляд Касцёла ў Плябані ў савецкі час. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту
Выгляд Касцёла ў Плябані ў савецкі час. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту
Выгляд Свята-Успенскай царквы ў 2016 годе.  Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту
Выгляд Свята-Успенскай царквы ў 2016 годе. Здымак узяты з адкрытых крыніц інтэрнэту

Але ў нашым апяваданні мы вернемся да вёсцы Краснае. У другой палове 19 стагоддзя, пасля таго як расейскія ўлады зачынілі Касцёл у Плябані, краснасельская парафія засталася без святыні. І 5 жніўня 1908 годзе пачалося буданіцтва новага храма непасрэдна ў самім Краснам. Вуглавыя камяні падмурка будучай святыні былі закладзены 15 жніўня і асвечаны кнсяндзом Віктарам Радзімінскім-Францкевічам, Апостальскім протанатарыусам.

-8

Зямлю пад новую святыню надаў Пётр Эрмуш, вялікую фундацыю на будаўніцтва надаў пан Казімір Тышынскі ўладар маёнтка Мясата. Таксама вялікі ўклад зрабілі звычайныя парафіняне з Краснага.

Таксама недалёка ад месца будаўніцтва пабудавалі часовую драўляную капліцу. Яна была асвечана 15 красавіка 1908 года і ў ёй праводзіліся першыя набажэнствы ксяндзом Лявонам Вайткевічам на плячах якога і ляжалі турботы і клопаты па будаўніцтву святыні.

-9

Будаўніцтва храма ішло хуткім тэмпам і ўжо ў лістападзе 1911 года былі скончаны асноўныя работы, а 18 снежня 1911 года Касцёл быў асвечаны дэканам віленскім ксёндзам Антонам Чарняўскім пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Першым пробашчам новага Касцёл стаў ксёндз Лявон Вайткевіч.

-10

У 1912 на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, новы Касцёл у Краснам быў кансэкраваны. Тут трэба адзначыць, што ёсць блытаніца ў даце якую лічыць датай заснавання храма. Так святыня была асвечана і набажэнствы пачаліся ў 1911 годзе, але вежу канчаткова дабудвалі толькі ў 1912 годзе калі і быў кансэкраваны храм, таму ў афіцыйных крыніцах пішуць, што дата будаўніцтва - 1912 год.

-11

Былы каталіцкі храм у Плябані быў вернуты ў каталікам у 1921 годзе. Паколькі ў гэты час ужо існаваў Касцёл у Краснам, то было вырашана храм у Плябані зрабіць філіял парафіі Краснага, а з 1929 года там была створана асобная рэктаральная парафія.

-12

Касцёл у Краснам стаіць на ўзгорку і ў 1938 годзе намаганнем ксёндза Вайава Драбба да яго былі пабудаваны ўсходы. Цікавы факт, колькасць іх ступеняў - 33.

-13

Таксама трэба сказаць, што храм ніколі не зачыняў свае дзверы. Ён працаваў і ў другую сусветную вайну і падчас СССР і працуе зараз, а ўбачыць яго вы можаце калі будзеце ехаць з Мінску ў бок Маладзечна па дарозе Р-58 старому Віленскаму тракту.

-14

Дзякуй Вам, што даглядзелі і дачыталі гэты допіс. Калі Вам падабаўся допіс, калі ласка, падпісывайцеся на мой канал, будзе яшчэ шмат чаго цікавага і таксама не забывайцеся паставіць лайк да гэтага допіса.