Найти в Дзене

100-гадовы юбілей адзначыў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах

14 верасня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адзначылі 100 гадоў ад моманту пабудовы святыні. На ўрачыстасць прыбылі мясцовыя іерархі, духавенства, а таксама шматлікія вернікі і госці не толькі з Баранавічаў, але і з іншых мясцовасцей Беларусі. У гэты дзень католікі свету адзначалі свята Узвышэння Святога Крыжа. Яно ўзгадвае момант, калі ў 335 годзе над месцам пахавання Хрыста ў Ерузалеме былі асвечаны дзве святыні, а для вернікаў першы раз быў публічна выстаўлены (“узвышаны”) крыж, на якім укрыжавалі Езуса. Касцёл у Баранавічах носіць імя Узвышэння Святога Крыжа. Таму 14 верасня ён адзначаў яшчэ і свой парафіяльны фэст. Галоўнай часткай святкавання юбілею стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Канцэлебравалі эўхарыстыю: біскуп-эмерыт Казімір Велікаселец, а таксама святары: пробашч парафіі кс. Валянцін Новак, канцлер курыі Пінскай Дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка, кс. Алег Сількевіч, кс. Антоній Гей, кс. Станіслаў Маленькі SCI, кс.Эдуард Сінкевіч SCI.

14 верасня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах адзначылі 100 гадоў ад моманту пабудовы святыні. На ўрачыстасць прыбылі мясцовыя іерархі, духавенства, а таксама шматлікія вернікі і госці не толькі з Баранавічаў, але і з іншых мясцовасцей Беларусі.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, 14 верасня 2025 года
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, 14 верасня 2025 года

У гэты дзень католікі свету адзначалі свята Узвышэння Святога Крыжа. Яно ўзгадвае момант, калі ў 335 годзе над месцам пахавання Хрыста ў Ерузалеме былі асвечаны дзве святыні, а для вернікаў першы раз быў публічна выстаўлены (“узвышаны”) крыж, на якім укрыжавалі Езуса.

-2

Касцёл у Баранавічах носіць імя Узвышэння Святога Крыжа. Таму 14 верасня ён адзначаў яшчэ і свой парафіяльны фэст.

Галоўнай часткай святкавання юбілею стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Канцэлебравалі эўхарыстыю: біскуп-эмерыт Казімір Велікаселец, а таксама святары: пробашч парафіі кс. Валянцін Новак, канцлер курыі Пінскай Дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка, кс. Алег Сількевіч, кс. Антоній Гей, кс. Станіслаў Маленькі SCI, кс.Эдуард Сінкевіч SCI.

Казанне для прысутных прамовіў кс. Андрэй Рылка. Святар распавёў гісторыю ўзнікнення свята Узвышэння Святога Крыжа. Таксама ён нагадаў прысутным, наколькі важна глядзець на Крыж Хрыста і памятаць, што Бог заўсёды побач з намі — нават у самыя складаныя моманты.

Біскуп Антоні напрыканцы Імшы запрасіў вернікаў на галоўную ўрачыстасць з нагоды юбілею Пінскай Дыяцэзіі, якая адбудзецца 25 кастрычніка ў Пінскай катэдры.

-8

Пасля адпустовай святой Імшы для парафіянаў і гасцей з іншых парафій быў арганізаваны пачастунак, а таксама музычная праграма, на якой выступіў ансамбль “Вербіца”.

-10
-11

Даведка:

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах пабудавалі ў 1925 годзе ў стылі эклектыкі, дзякуючы намаганням мясцовых вернікаў, пробашча парафіі, кс. Люцыяна Жаландкоўскага, а таксама прадстаўнікоў сям'і графа Развадоўскага. Апошні, дарэчы, лічыцца адным з заснавальнікаў горада Баранавічы. Згодна з завяшчаннем, Развадоўскіх пахавалі менавіта ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа — у падземнай крыпце святыні.

-13

У тым жа 1925 годзе касцёл асвяціў Біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі. Святыня лічыцца найстарэйшай у Баранавічах. У савецкі час яна не зачынялася, а ў перыяд ад Другой сусветнай вайны і да 1995 года была адзіным каталіцкім храмам у горадзе.

Тут маліўся, прымаў сакрамэнт канфірмацыі і служыў прыміцыйную Імшу першы беларускі кардынал Казімір Свёнтэк, які правёў у Баранавічах сваё дзяцінства і юнацтва.

Марына Валасар, фота аўтара і з адкрытай крыніцы