Найти в Дзене

Будслаўскі фэст 2025. Фотарэпартаж

4-5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі ўрачыстасці ў гонар ушанавання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. На фэст прыехалі і прыйшлі пешшу 2484 пілігрымы з усёй Беларусі, а таксама з-за мяжы. Як прайшло свята ў першы дзень і ноччу, глядзіце ў фотарэпартажы. Першым пунктам праграмы была сустрэча і прывітанне пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Кусташ санктуарыя, ксёндз Дзмітрый Дубовік, акрапляў пілігрымаў святой вадой і запрашаў памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай. Пасля невялікага адпачынку ў палатачным гарадку пілігрымы накіраваліся на святую Імшу, якую ўзначаліў самы малады каталіцкі біскуп Беларусі - Андрэй Зноска. Канцэлебравалі эўхарыстыю іншыя беларускія біскупы і святары, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі Сяргей Гаек і госць з Расіі - біскуп Клеменс Піккель, які з’яўляецца ардынарыем святога Клеменса ў Саратаве. Падчас гаміліі біскуп Андрэй Зноска заахвоціў пілігрымаў скарыстацца сакрамэнтам спове

4-5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі ўрачыстасці ў гонар ушанавання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай. На фэст прыехалі і прыйшлі пешшу 2484 пілігрымы з усёй Беларусі, а таксама з-за мяжы. Як прайшло свята ў першы дзень і ноччу, глядзіце ў фотарэпартажы.

Першым пунктам праграмы была сустрэча і прывітанне пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Кусташ санктуарыя, ксёндз Дзмітрый Дубовік, акрапляў пілігрымаў святой вадой і запрашаў памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай.

Пасля невялікага адпачынку ў палатачным гарадку пілігрымы накіраваліся на святую Імшу, якую ўзначаліў самы малады каталіцкі біскуп Беларусі - Андрэй Зноска. Канцэлебравалі эўхарыстыю іншыя беларускія біскупы і святары, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі Сяргей Гаек і госць з Расіі - біскуп Клеменс Піккель, які з’яўляецца ардынарыем святога Клеменса ў Саратаве.

-3

Падчас гаміліі біскуп Андрэй Зноска заахвоціў пілігрымаў скарыстацца сакрамэнтам споведзі, каб пакінуць усе “камяні” граху тут, у Будславе.

Яркім момантам святой Імшы была працэсія з дарамі на тэму надзеі. Падчас яе паломнікі прыносілі да алтара шматлікія сімвалы надзеі: белых галубоў, запалены факел, якар, што сімвалізуе непахіснасць, вялікі паветраны шар у выглядзе сэрца, скрутак з фрагментам з Бібліі, у якім узгадваецца надзея, букет сланечнікаў, а таксама віно і хлеб.

-9

Далей у праграме фэсту былі: Акафіст у выкананні хора грэка-каталіцкай Царквы, Марыйныя Нешпары, Крыжовы шлях, моладзевая праграма і працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Кульмінацыяй першага дня святкаванняў была святая Імша апоўначы, ужо 5 ліпеня, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.