Найти тему

“Там б'е крылом гісторыя сама”

Чаго толькі не сабраў у сабе, як у каштоўны куфэрак, гэты маршрут! Знакамітыя замкі, храмы розных канфесій, часткова адрэстаўраваныя старадаўнія сядзібы, манастыры і нават фамільны магільны склеп знакамітага роду Умястоўскіх. А ў «маленькім Іерусаліме» І’ўі наведаем найстарэйшую дзеючую мячэць Беларусі!

* Экскурсія праводзіцца на беларускай мове.

Праграма экскурсійнага тура "Там б'е крылом гісторыя сама"

Іўе, якое прыпала да Гродзенскай шашы, часам называюць "маленькім Іерусалімам". Там размяшчаюцца найстарэйшая дзеючая мячэць Беларусі і адзіны музей нацыянальных куль­тур. Наведванне мячэці дазволіць вам шмат даведацца пра традыцыі і побыт татараў у Беларусі. Тут на бы­лой рыначнай плошчы пастаўлены ўнікальны помнік "Адзінства чатырох канфесій": каталіцызм, юдаізм, праваслаўе і іслам. І нібы ў працяг гэтай тэмы верацярпімасці ля сцен касцёла св. Пятра і Паўла 1491 г. пабудовы вы даведаецеся пра легендарную Акадэмію арыян, якая бы­ла адным з цэнтраў адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI ст. Ста­туя Хрыста ля Іўеўскага касцёла мімаволі асацыіруецца са знакамітай скульптурай у Рыа-дэ-Жанейра.

-2

На змену Іўю прыходзіць былое мястэчка Суботнікі, вядомае з ХVII ст. Чырвонацагляны касцёл Св. Уладзісла­ва (1904) здалёк зачароўвае сваёй грацыёзнай сілуэтнай графікай. Узводзілі свя­ты­ню Уладзіслаў і Яніна Умястоўскія. У ім і пахавалі фундатара, а затым у магільны склеп былі ўнесены астанкі яго даўно памерлых сваякоў. Пра гэта паведамляе мемарыяльная дошка, усталяваная ў 1931 годзе ў фамільным магільным склепе Умястоўскіх у крыпце хра­ма: дзівосная чысціня, бліскучыя паліраванымі гранямі самавітыя мармуровыя пліты з імёнамі і датамі...

-3

З графамі Умястоўскімі цесна звязана і былы маён­так Жамыслаўль. Тутэйшы палац з бельведэрам і карынфскімі порцікамі па абодва бакі ўяўляе сабой паменшаную копію каралеўскага "Палаца-на-вадзе", выбудаванага для апошняга манарха Рэчы Паспалітай Станісла­ва Аўгу­ста Панятоўскага ў Лазенках пад Варшавай. Лепка на столях і мазаічная падлога збліжалі жамыслаўскі палац з варшаўскім, а багата прыбраныя інтэр'еры сведчылі аб выдатным гусце яго ўладальнікаў. Вакол сядзібы, якая цяпер чакае рэстаўратараў, захаваліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы. А потым на маршруце нас чакае смачны абед.

-4

З Жамыслаўля дарога прыводзіць нас у Трабы. Яны вядомы з ХV стагоддзя, калі князь Трабус пабудаваў тут замак. Петра-Паўлаўская царква ў Трабах бы­ла складзена з дрэва ў 1784 годзе і істотна перароблена на мяжы ХIX-XX стст. У тутэйшага касцёла Нараджэння Дзевы Марыі (1905) вельмі маляўнічы сілуэт. Яго магутныя трох'ярусныя вежы, перспектыўны партал і франтон-шчыт уверсе; карагод контрфорсаў пакідаюць у памяці яркі вобраз нейкага гатычнага "містыцызму".

-5

Гальшаны ў мінулым былі прыватнаўласніцкім паселішчам князёў Гальшанскіх (Альшанскіх). З іх ро­ду паходзіла Соф'я Гальшанская — жонка караля Уладзісла­ва Ягайлы, якая ста­ла родапачынальніцай дынастыі Ягелонаў і якой тут пастаўлены помнік. З XVI ст. мястэчкам валодаў род князёў Са­пе­гаў. У 1618 годзе Па­вел Стэфан Са­пе­га па­чаў будаўніцтва ком­плек­су кляштара францысканцаў. Манастырскія пабудовы выкарыстоўваюцца і цяпер як дзейны касцёл. А збудаваны палацава-замкавы ан­самбль ро­ду Са­пе­гаў — Гальшанскі замак — дайшоў да нас у маляўнічых руінах. Гальшанскі замак зараз рэстаўруецца, ужо гатова адна з веж, частка сцен. Наведванне музея ў вежы зам­ка. А з агляднай пляцоўкі на вежы зам­ка — цудоўны від на наваколлі... У Гальшанах таксама ацалела характэрная местачковая забудова XIX-XX стст., што надае цяперашняму аграгарадку асаблівае зачараванне.

-6

Старая дарога з Гальшан вядзе ў Баруны. З 1691 г. жыццё гэтага былога мястэчка бы­ло моцна звязана з манастыром, які стаў адным з духоўных цэнтраў уніяцтва ў Беларусі. У яго сценах знаходзіцца дагэтуль цудатворны абраз Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы ўсіх засмучаных. Святыню адрозніваюць вытанчанасць фор­маў "віленскага" барока.

-7

І нарэшце, Крэва. Аграгарадок (раней — вялікакняжацкі маён­так) вядомы з XIV ст., калі тут быў пабудаваны замак, у якім у 1385 годзе бы­ла заключана знакамітая ў гісторыі Крэўская унія. Яна паклала пачатак аб'яднанню Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Маляўнічыя руіны старажытнага зам­ка — адна з найбольш яркіх славутасцяў Беларусі. Крэўскі замак у цяперашні час у працэсе рэканструкцыі, адноўлена адна сцяна. У 1387 годзе ў Крэве з'яўляецца драўляны касцёл — на яго месцы зараз можна ўбачыць пабудаваны ў 1990-х гадах каменны храм Праабражэння Гасподняга. Насупраць яго ўздымае да не­ба сваю шатровую званіцу праваслаўная царква ў імя Св. Аляксандра Неўскага (1854).

-8

Падрабязней аб экскурсіі тут

А вы былі на гэтай экскурсіі? Пішыце вашыя водгукі ў каментарах. Будзем вам удзячныя!

Экскурсии по Беларуси:

Туристско-информационный центр "Планета Беларусь", тел. в Минске +375295000180, +375445000225 (Вайбер, Телеграм, Вотсап).

Еще экскурсии:

Еще больше экскурсий по этой ссылке