Ангола – былая калонія Партугаліі – атрымала незалежнасць 11 лістапада 1975 г. Гэта дастаткова вялікая дзяржава на паўднёвым захадзе Афрыкі, багатая на карысныя выкапні ўсёй табліцы Мендзялеева. І адначасова – яшчэ адна з шматлікіх кропак на Зямлі, што атрымалі назву “гарачых”. На працягу больш чым сарака год – з 1961 па 2002 гг. – тут амаль няспынна ішлі баявыя дзеянні і гінулі людзі. На саракагадовых мужчын з павагай глядзелі толькі за тое, што яны здолелі дажыць да такога ўзросту, таму што значная большась насельніцтва Анголы гінула маладзейшай.
Гэта была вайна некалькіх нацыянальна-вызваленчых рухаў, якія карысталіся падтрымкай розных дзяржаў – і арыентаваліся на капіраванне розных эканамічных і палітычных сістэм: сацыялістычнай і капіталістычнай, а прасцей – СССР і ЗША. “Звышдзяржавы” аказвалі супрацьлеглым бакам фінансавую і палітычную падрымку. СССР падтрымліваў Аўгуштынью Нэту і яго арганізацыю Народны рух за вызваленне Анголы – Партыя Працы (МПЛА[1]). ЗША – дзве іншыя партыі, Фронт нацыянальнага вызваленняАнголы (ФНЛА[2]) на чале з Холдэнам Рабэрту і Нацыянальны Саюз за поўнае вызваленне Анголы (УНІТА[3]) на чале з Жонасам Савімбі. Таксама ў краіне быў яшчэ адзін лагер – ФЛЭК[4], Фронт за вызваленне Кабінды, анклава Анголы на тэрыторыі суседняга Конга. Як сцвярджае выдатны англійскі даследчык, былы разведчык Пітэр Кальвакарэссі, Ангола вытрымлівала шматгадовую спусташальную вайну, таму што была багатай краінай. Баявыя дзеянні, у ходзе якіх кожны з бакоў траціў 1-2 млрд долараў у год на ўзбраенне, фінансаваліся за кошт продажу нафты і алмазаў. Нафта дазваляла ўраду МПЛА атрымліваць замежныя крэдыты, а алмазы апазіцыйная УНІТА прадавала міжнароднаму картэлю, якім кіравала кампанія “Дэ Бірс”[5].
Удзел у грамадзянскай вайне ў Анголе прымалі і іншыя дзяржавы. На баку МПЛА ваявалі рэгулярныя кубінскія злучэнні, якія пачалі прыбываць ў сталіцу Анголы Луанду ў лістападзе 1975 г. на савецкіх ваенных самалётах пад выглядам турыстаў, у цывільным адзенні, з формай і зброяй ў “чамаданах”, і амаль што не з трапа ішлі ў бой. І даследчыкі, і ўдзельнікі грамадзянскай вайны ў Анголе аднагалосна сцвярджаюць: без кубінскіх войскаў МПЛА не ўтрымала бы ўладу ў дзяржаве нават на тыдзень. Кубінцы кіраваліся заветам свайго лідэра Фідэля Кастра: “Ангола – ваша другая Радзіма!” Таму яны так выдатна і самааддана ваявалі за ангольскую рэвалюцыю, якая не для кожнага ангольца была блізкай і зразумелай.
У сваю чаргу, на баку ФНЛА і УНІТА ў вайне ўдзельнічала дзяржава, адмоўна вядомая сістэмай апартэіду, якая ў тыя гады пры прамой дапамозе ЗША і Велікабрытаніі валодала самай моцнай і добра ўзброенай арміяй на Афрыканскім кантыненце – Паўднёва-Афрыканская рэспубліка (ПАР). Побач з паўднёваафрыканскімі вайскоўцамі ваявалі найміты ўсіх колераў і нацыянальнасцяў, у тым ліку рускія эмігранты, палякі, англічане, французы, бразільцы, амерыканцы, чылійцы, партугальцы і іншыя.
Гісторыю савецкіх узброеных сіл вельмі складана падзяліць на 15 асобных частак, што мы часам вымушаны рабіць пасля распаду СССР. У Савецкай Армііне існавала нацыянальных вайсковых фарміраванняў (выключэнне, ў некаторай ступені, уяўляе сабой славуты “мусульманскі батальён”, які прымаў удзел у вайне ў Афганістане), і, атрымаўшы пагоны, вайсковец мог быць накіраваны ў любую кропку Савецкага Саюза, у любую ваенную акругу. Магчымасць праілюстраваць удзел прадстаўнікоў Беларусі (тады – БССР) у вайне ў Анголе мы бачым ў наступным: выявіць максімальную колькасць народжаных ў БССР, беларусаў, якім давялося служыць у Анголе, а таксама тых, хто накіроўваўся ў Анголу з ЧБВА[6] альбо з’яўляецца грамадзянінам сучаснай незалежнай Рэспублікі Беларусь. Мэта дадзенага артыкула – выяўленне асаблівасцей удзелу савецкіх вайскоўцаў ў грамадзянскай вайне ў Анголе на прыкладзе прадстаўнікоў Беларусі: іх катэгорый, функцый, якія ім даводзілася выконваць,і наступстваў гэтай вайны для большасці з іх.
Артыкул падрыхтаваны з дапамогай метадаў вуснай гісторыі, на падставе зместу інтэрв’ю, якія давалі аўтару непасрэдныя ўдзельнікі падзей. Фрагменты мемуараў відавочцаў і асобных аналітычных прац па сусветнай гісторыі другой паловы ХХ ст. таксама выкарыстаны пры падрыхтоўцы тэксту артыкула.
Тэрыторыя Анголы падзяляецца на 17 правінцый, на чале кожнай з якіх знаходзіўся правінцыяльны камісар. У сваю чаргу, падчас грамадзянскай вайны правінцыі ўваходзілі ў склад той ці іншай ваеннай акругі. Асноўных акруг было 6: 1-я – Негажэ, 2-я – Кабінда (абедзве – поўнач краіны), 3-я – Луэна (усход), 4-я – Уамба (цэнтр), 5-я – Лубанга, 6-я – Менонге (абедзве – поўдзень). У залежнасці ад інтэнсіўнасці баявых дзеянняў, акругі таксама падзяляліся на дзве катэгорыі – баявыя і небаявыя. Баявымі на працягу ўсёй грамадзянскай вайны былі 3-я і 6-я акругі; у розныя перыяды баявымі лічыліся таксама 1-я, 4-я, і 5-я. Кожны савецкі вайсковец, які трапляў ў службовую камандыроўку ў Анголу, павінен быў мінімум год (з абавязковых двух гадоў без сям’і і трох з сям’ёй) правесці ў баявой акрузе. Але атрымлівалася па-рознаму: адным ўвогуле не даводзілася трапіць ў такую акругу (толькі ў кароткатэрміновай паездцы), а ў іншых ўвесь тэрмін камандыроўкі праходзіў у зоне непасрэдных баявых дзеянняў.
Храналагічна ўвесь тэрмін знаходжання нашых суайчыннікаў ў Анголе падчас грамадзянскай вайны, якая фактычна працягвалася да лютага 2002 г., можна падзяліць на тры вялікія этапы, якія мы умоўна назавём “легальным”, “нелегальным” і “постсавецкім”. Апошні выходзіць за рамкі дадзенага артыкула і можа стаць аб’ектам асобнага даследавання. Да двух першых неабходна дадаць тлумачэнні.
Першы этап знаходжання савецкіх вайскоўцаў у НРА абмяжоўваецца 1975–1979 гг. Доўгі час афіцыйна сцвярджалася, што савецкія ваенныя саветнікі і спецыялісты выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Анголе толькі на працягу названага тэрміну, і ні адзіным годам пазней. З датай пачатку ўсё зразумела: афіцыйныя зносіны і супрацоўніцтва з СССР НРА ўсталявала пасля дэкларавання сваёй незалежнасці ў лістападзе 1975 г. Вызначэнне даты сканчэння гэтага этапа вызывае пытанні, дакладнага адказу на якія няма. Асноўных версій дзве. Першая, якая больш часта сустракаецца ў друку: “поўнае засакрэчванне” савецкай ваеннай дапамогі Анголе было звязана з увядзеннем савецкіх войск у Афганістан у 1979 г. Другая, значная радзей, але таксама згадваецца – смерць 19 верасня 1979 г. першага прэзідэнта НРА і лідэра МПЛА Аўгуштынью Нэту, з якой быццам бы скончылася ваеннае супрацоўніцтва СССР і НРА, і засталося толькі эканамічнае і палітычнае. Але нягледзячы на афіцыйныя прычыны, вельмі доўгі час фармальна працяг удзелу нашых суайчыннікаў у грамадзянскай вайне ў Анголе абмяжоўваўся 1975–1979 гг., у нешматлікіх кнігах і надпісах на помніках пазначаліся менавіта гэтыя даты.
Другі этап – 1979–1992 гг. – скончыўся разам з развалам Савецкага Саюза, падпісаннем так званых Бісескіх пагадненняў паміж камандуючымі супрацьлеглых узброеных бакоў – прэзідэнтам Анголы Жазэ Эдуарду душ Сантушам і лідэрам УНІТА Жонасам Савімбі, і прыпыненнем баявых дзеянняў для правядзення прэзідэнцкіх выбараў, якія і адбыліся 29-30 верасня 1992 г.
Менавіта на гэты этап прыйшліся асноўныя баявыя дзеянні, вайсковыя аперацыі, у ходзе якіх савецкім саветнікам, спецыялістам, перакладчыкам давялося не столькі “раіць” ангольскім камандзірам, колькі ваяваць са зброяй у руках і, на жаль, нават гінуць. У прыватнасці, у ходзе ажыццяўлённай атрадамі рэгулярных войск Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі супраць ФАПЛА (Народных узброеных сіл вызвалення Анголы – рэгулярнай арміі ангольскага ўрада)[7] аперацыі “Пратэя” у 1981 г. у баі за горад Нжыва (правінцыя Кунэнэ, 5-я ВА) 27 жніўня загінуў ваенны саветнік, які быў родам з г. Быхава Магілёўскай вобласці, падпалкоўнік І.І. Важнік. Афіцыйная справаздача аб гэтай трагічнай падзеі пазначана у журнале баявых дзеянняў апарата Галоўнага ваеннага саветніка ў Анголе ў той жа дзень наступным чынам: “На працягу для праціўнік вёў баявыя дзеянні ў раёне Каама, Нжыва, Мангуа. Гарнізон Мангуа да пях. роты разбіты, знішчана рота РТУ (кубінцаў) у Шыбемба. 11 пбр вядзе абарончыя баі ў раёне Нжыва. Пасля бомба-штурмавога націску у8.30 горад быў атакованы атрадамі арміі ПАР (магчыма батальёнам «Буфала») і УНІТА. У 21.30 сувязь з брыгадай страчана. Лёс нашых ваенных саветнікаў высвятляем. Па нашых дадзеных у раёне Нжыва збіта 4 самалёты праціўніка”.
Падчас выхаду з акружэння адна з калон савецкіх спецыялістаў была разбіта, у баі загінулі І.І. Важнік, падпалкоўнік Я.Ф. Кірэеў, яго жонка Лідзія і жонка ваеннага спецыяліста, прапаршчыка М.Ф. Пестрацова Ядзвіга. У тым жа баі сам М.Ф. Пестрацоў трапіў у палон і быў вызвалены (абменяны на пілота сбітага над Анголай паўднёва-афрыканскага самалёта) толькі праз 15 месяцаў, вытрымаўшы жудасныя ўмовы паўднёва-афрыканскіх турмаў. Менавіта яму давялося везці на радзіму самы, мабыць, страшны ў яго жыцці “багаж” – труны з рэшткамі загінуўшых пад Нжывай сваёй жонкі, саветніка Я. Кірэева і яго жонкі, і І.І. Важніка. На працягу ўсяго часу палону М.Ф. Пестрацова іх трымалі забальзаміраванымі ў моргу Йаханэсбурга.
Адной з самых масштабных і вырашальных падзей грамадзянскай вайны ў Анголе стала так званая бітва за Куіта-Куанавале – маленькі горад у ангольскай правінцыі Кванда-Кубанга, які атрымаў неафіцыйную назву “ангольскі Сталінград”. Такая назва мае пад сабой падставы – не маштабы баёў, але іх значнасць для працягу і прыпынення самой вайны і сканчэння ўдзелу ў ёй прадстаўнікоў кубінскай і паўднёва-афріканскай армій, а таксама паскарэння набыцця незалежнасці апошняй калоніяй на Поўдні Афрыкі – Намібіяй (была акупіравана паўднёва-афрыканскімі войскамі) і ліквідацыі ў самой ПАР сумна славутага рэжыму апартэіду. Для УНІТА і паўднёва-афрыканскіх войскаў вельмі важна было авалодаць Куіта-Куанавале. Для ФАПЛА і кубінцаў – не аддаць, утрымаць. Правакацыі войскаў УНІТА і ПАР на тэрыторыі правінцыі Кванда-Кубанга, у цэнтры якой знаходзіцца гэты горад, вяліся амаль няспынна на працягу 1980-х гг., ажыццяўляліся амаль пастаянна: як узгадваў былы ваенны саветнік, палкоўнік у адстаўцы С.Ф. Сідорскі, інтэрвенцыі паўтараліся кожныя два-тры месяцы, радзей – кожныя паўгода, і накіроўваліся заўсёды з паўднёвага ўсходу, з боку Замбіі, у бок Менонге (цэнтр Кванда-Кубанга), і за імі пачыналіся наступленні групіровак УНІТА[8]. Былы ваенны перакладчык, старшы лейтэнант запаса С.П. Дзямідчык (выпускнік МДЛУ) паведамляе, что толькі на працягу яго знаходжання ў раёне Куіта-Куанавале ў якасці перакладчыка саветніка камандзіра 8-й мотапехотнай брыгады ФАПЛА ў лютым–верасні 1986 г., масіраваныя артылерыйскія абстрэлы горада артылерыяй ПАР (155-мм гаубіцы, якія білі на 47 км) працягваліся амаль без перапынку на працягу мая – жніўня 1986 г. Яму, перакладчыку, які дагэтуль нават не служыў ў арміі, давялося ўдзельнічаць у бліжнім стралковым баі, калі атрады ФАПЛА фактычна пад камандаваннем савецкага саветніка – палкоўніка І.І. Чарных, сумесна з астатнімі СВС і С брыгады ўтрымлівалі мост праз раку Куіта, на які спрабавалі прарвацца атрады УНІТА[9].
Сапраўдная бітва за Куіта-Куанавале, у рамках ваеннай апераціі “Насустрач Кастрычніку” (“Вітаем Кастрычнік”) (якая была спланавана з мэтай захвата галоўнай базы УНІТА г. Мавінга і пацярпела фіаска), з удзелам кубінскіх войск, пачалася ў сярэдзіне 1987 г. і працягвалася амаль год. Найбольш яскравым сведчаннем цяжкасці і складанасці гэтых баёў стаў дзённік перакладчыка 21-й пяхотнай брыгады ФАПЛА, малодшага лейтэнанта (зараз падпакоўніка запаса) І.А. Ждаркіна, які ён вёў у ходзе аперацыі ў 20-аркушавым школьным сшытку, пакуль той не скончыўся[10]:
“14 кастрычніка 1987 г. Сёння ў 7.30 раніцы прыбылі нарэшце на КП 21-ай брыгады ФАПЛА. Сустрэлі тут саветнікаў 47-й брыгады і спецыялістаў па «Оса-АК» (усяго 9 чалавек). Наслухаліся “жахаў”, даведаліся пра падрабязнасці таго бою на беразе ракі Ломба, дзе загінуў перакладчык Алек Снітко. 47-я брыгада была разгорнута ўздоўж берага. ПАРаўцы і атрады УНІТА напалі знянацку, зрабілі адну за другой тры атакі. Фаплаўцы не вытрымалі і ў роспачы пабеглі. Прычын было шмат: і тое, што падыходзілі да канца боепрыпасы, і адсутнасць дакладнага кіравання, і запалоханасць афіцэраў і салдат перад ПАРаўцамі, асабліва перад іх дальнабойнай артылерыяй. Але рашаючым фактарам, на думку нашых саветнікаў, апынулася пераправа, што была наведзена праз раку. І пра яе ўсе ведалі. Можа, калі б яе не было, салдаты не пабеглі б, бо не было б куды… 25 кастрычніка 1987 г. У некалькіх кіламетрах ад нас знаходзіцца 59-я брыгада. Каля 17 гадзін яе бамбіла авіяцыя. ПАРаўцы распрацавалі новую тактыку: спачатку робяць артабстрэл, усе ангольцы хаваюцца, у тым ліку і зянітчыкі. А потым раптам з’яўляецца авіяцыя і пачынае далбіць. І самалёты адлятаюсь раней, чым зянітчыкі выбіраюцца са схованак”[11].
Толькі ў канцы мая 1988 г. баі былі завершаны перамогай ангольскіх, а ў большай ступені кубінскіх войскаў, калі Прэторыя афіцыйна запрасіла аб мірных перамовах.
Аб тым, што ў гэтых баях прымалі ўдзел і нават гінулі савецкія саветнікі, спецыялісты, перакладчыкі, ніхто не казаў, не пісаў. Наадварот, савецкае кіраўніцтва афіцыйна заяўляла, што нашы вайскоўцы не прымаюць удзел у ваенных канфліктах за межамі СССР. Але яны там былі. І першымі пацвердзілі і адзначылі іх мужнасць і гераізм паплечнікі, браты па духу і зброі – кубінцы. У 1988 г. на Кубе была створана спецыяльная ўзнагарода ў гонар гэтых падзей – медаль “За абарону Куіта-Куанавале”. Акрамя кубінцаў, гэтым медалём было ўзнагароджана 90 саветнікаў і спецыялістаў, у тым ліку – беларусы: саветнік начальніка штаба 6-й ваеннай акругі (Менонге), ураджэнец Гомеля палкоўнік У.Е. Альтшулер (сучаснае месца жыхарства невядома); ваенны спецыяліст 24-й зенітна-ракетнай брыгады FAPA/DAA (ВПС/ППА Анголы), мінчанін, капітан Ю.М. Марозаў; перакладчык 25-й пяхотнай брыгады ФАПЛА, жыхар г. Баранавічы Брэсцкай вобласці лейтэнант А.А. Грыцук; ўзгаданы вышэй перакладчык 21-й пяхотнай брыгады ФАПЛА, малодшы лейтэнант І.А. Ждаркін.
Акрамя баёў на зямлі, адбываліся і баі ў небе. Транспартыроўка грузаў і людзей у Анголе ажыццяўлялася ў асноўным паветраным шляхам, і зразумела, паўднёва-афрыканскія і ўнітаўскія СПА – спецыяльныя групы т.зв. «caçadores» - “паляўнічых” па-партугальску – збівалі самалёты ФАПЛА, якія часцей за ўсё вадзілі савецкія пілоты. Вельмі часта самалёты збівалі разам з пасажырамі, і дакладную колькасць тых, хто загінуў у такіх трагічных выпадках, немагчыма высветліць да сённяшняга дня. Здаралася, калі збітыя самалёты знаходзілі ў саванне праз сем год пасля катастрофы. Калі імёны загінуўшых пілотаў магчыма высветліць амаль заўсёды, таму што кожны экіпаж быў замацаваны за адпаведным бортам, то пра імёны пасажыраў даведацца бывае складана. Менавіта з гэтай прычыны большасць тых, хто загінуў у падобных катастрофах (а на барту магло знаходзіцца да больш чым дзесяці пасажыраў), невядомы да гэтага часу.
25 лістапада 1985 г., падчас аднаго з чарговых запланаваных на той дзень, дастаткова звычайных палётаў па маршруце Менонге – Луанда адной з груп “паляўнічых”, якой камандаваў капітан войскаў спецыяльнага прызначэння арміі ПАР Андрэ Дыдэрыкс, быў збіты самалёт Ан-12, бартавы нумар 11747. У катастрофе загінулі ўсечлены экіпажа і пасажыры. Сярод іх было два беларуса: камандзір экіпажа, капітан ВПС С.В. Лукьянаў, які нарадзіўся ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці, і пасажыр, саветнік начальніка тыла пяхотнай брыгады ФАПЛА, маёр М.М. Жарнасек, родам з вёскі Падымхі Лепельскага раёна Віцебскай вобласці[12]. Імёны ўсіх пасажыраў былі дакладна высветлены зусім нядаўна, у тым ліку з дапамогай аўтара дадзенага артыкула. Пошук працягваецца.
Роля «camaradas sovieticos» – савецкіх таварышаў – была ў ангольскай вайне буйной і значнай, гэта прызнавалі і ангольцы, і кубінцы. Сярод іх ёсць ўзнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі, як савецкімі (медалями “За баявыя заслугі”, ордэнамі Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме”), так і кубінскімі. Ужо названым намі медалём “За абарону Куіта-Куанавале” узнагароджаны 4 нашыя суайчыннікі. Спецыяліст па абслугоўванні самалётаў маёрзапаса, жыхар г. Баранавічы Брэсцкай вобласці А.І. Рязвянкоў узнагароджаны кубінскімі медалямі “За баявую садружнасць” і “За выдатнае выкананне воінскага абавязку”, якія ўручыў яму асабіста ў той час міністр абароны, а зараз глава Рэспублікі Куба Рауль Кастра[13].
На жаль, на радзіме падобныя подзвігі ацанілі далёка не ўсе. Шмат ветэранаў Анголы, таксама як ветэраны Афганістана, Эфіопіі, іншых “гарачых кропак”, карыстаюцца ільготамі ветэранаў вайны. Але таксама шмат хто з іх – А.С. Шлык, В.І. Сінянскі, матрос П.А. Ракіцкі, капітан 2 ранга запаса У.А. Лякін, шэраг перакладчыкаў-двухгадзічнікаў, і іншыя – нават не здолелі даказаць, што яны з’яўляліся удзельнікамі баявых дзеянняў[14]. «У Генштабе, канешне, пісалі, што мы накіраваны на выкананне “баявога задання ўраду”, у асобных сакрэтных дакументах, але шырока гэта, зразумела, не асвятлялася. І калі прыйшоў час плаціць па рахунках – па нашых рахунках, і грошы трэба было плаціць баявыя! – то адразу ўсе нашы чыноўнікі, у Генштабе і іншых месцах, пачалі спрабаваць зрабіць так, каб тыя грошы якімсьці чынам нам не заплаціць», - узгадване былы ваенны перакладчык падпалкоўнік запаса А.А. Грыгаровіч[15]. Таму што тыя савецкія вайскоўцы, што служылі ў Анголе, не мелі пры сабе ніякіх дакументаў, насілі форму ангольскай арміі (т.зв. “фаплаўку”), партыйныя білеты пакідалі ў ЦК КПСС. Атрымлівалася, што дзеля доказу знаходжання ў Анголе таго ці іншага вайскоўца патрабавалі, напрыклад, пацверджання галоўнага ваеннага саветніка, які да таго моманту ўжо мог памерці[16].
У адрозненне ад Афганістана, у Анголе ніколі не ваявалі рэгулярныя савецкія вайсковыя адзінкі. Усе прадстаўнікі савецкіх узброеных сіл у Анголе мелі агульную назву – “савецкія ваенныя саветнікі і спецыялісты” (СВС і С), і ўмоўна падзяляліся на наступныя групы:
· Ваенныя саветнікі. У гэтую групу ўваходзіў таксама камандуючы ўсімі савецкімі вайскоўцамі ў Анголе –галоўны ваенны саветнік (ГВС). Асноўнай агульнай функцыяй прадстаўнікоў гэтай групы было навучанне ангольцаў вайсковаму майстэрству, дапамога ў складванні і камплектаванні ўрадавых войск і, у агульным, дапамога ў стварэнні рэгулярнай арміі Народнай Рэспублікі Ангола – ФАПЛА. Як узгадвае былы ваенны спецыяліст, падпалкоўнік запаса В.А. Авілаў, які служыў ў Анголе ў 1979–1982 гг. і чатыры апошнія месяцы сваёй камандыроўкі выконваў абавязкі саветніка начальніка аргмабупраўлення Генеральнага штаба ФАПЛА, у якасці саветнікаў у Анголу накіроўваліся афіцэры ў званні палкоўніка і вышэй, і звычайна пад кіраўніцтвам саветніка знаходзілася некалькі спецыялістаў[17]. Але ёсць прыклады накіравання ў Анголу ў якасці саветнікаў падпалкоўнікаў і маёраў: маёр В.І. Сінянскі быў накіраваны з Мінска, з пасады камандзіра зенітна-ракетнага дывізіёна, на пасаду саветніка начальніка ППА[18] зенітна-артылерыйскай брыгады[19] ФАПЛА[20]; згаданы вышэй маёр М.М. Жарнасек – з Брэста, з пасады намесніка камандзіра па тыле гвардзейскай мотастралковай дывізіі, на пасаду саветніка начальніка тыла пяхотнай брыгады ФАПЛА[21]. Саветнікі працавалі непасрэдна з кіраўніцтвам – з начальнікамі упраўленняў Генеральнага штаба ФАПЛА, камандуючымі ваеннымі акругамі, камандзірамі брыгад, і г.д. Адбор на пасады ваенных саветнікаў у СССР праводзіўся дастаткова жорсткі; у прыватнасці, кожны кандыдат на гэтую пасаду пасля адбору на ўзроўні дывізіі павінен быў прайсці персанальную камісію на Ваенным савеце акругі[22].
Пасада ГВС у Анголе была высокай (штатная катэгорыя – генерал-лейтэнант), і, як паведамляе былы ваенны перакладчык, прэс-сакратар “Саюза Ветэранаў Анголы” у г. Масква, С.А. Каломнін, прэстыжнай і вельмі добра аплочвалася. ГВС валодаў шырокімі паўнамоцствамі: ад права дакладу міністру абароны СССР і прэзідэнту Анголы да датэрміновага адкамандыравання “праштрафіўшыхся” саветнікаў і спецыялістаў. Да таго ж, яму палагалася двухпавярховая вілла, персанальны “мерсэдэс” з вадзіцелем, асабісты самалёт. ГВС падначальваліся не толькі ваенныя саветнікі, але ўсе савецкія ваеннаслужачыя, якія з той ці іншай прычыны знаходзіліся ў краіне[23]. На працягу знаходжаня савецкіх вайскоўцаў у Анголе пасаду ГВС займала 10 генералаў. Сярод іх – два беларуса: з сакавіка 1976 да сярэдзіны 1977 г. – генерал-лейтэнант мінчанін І.П. Панамарэнка («вельмі вопытны генерал, які да камандыроўкі камандаваў гвардзейскай арміяй, разгорнутай по штаце ваенного часу»[24]), і з сярэдзіны 1977 па 1980 г. уключна – генерал-лейтэнант В.В. Шахновіч (родам са Случчыны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, да прызначэння ў Анголу служыў у якасці ГВС у Самалі).
· Ваенныя спецыялісты. Асноўнымі функцыямі гэтай катэгорыі савецкіх вайскоўцаў, значна шырэйшай за ваенных саветнікаў, было абслугоўванне савецкай вайсковай тэхнікі (на якой ваявала ангольская армія, прычым, не толькі ўрадавая, але часам і апазіцыйная) і навучанне ангольцаў працы на гэтай тэхніцы. Колькасць неабходных спецыялістаў і іх катэгорыі, як паведамляе С.А. Каломнін, вызначаліся амаль заўсёды ангольскім камандаваннем, суадносна с колькасьцю і якасцю савецкай баявой тэхнікі, што пастаўлялася ў НРА[25]. На пасаду ваеннага спецыяліста камандзіраваліся савецкія вайскоўцы ў званнях ад старшага лейтэнанта да падпалкоўніка; былі таксама сержанты і прапаршчыкі. Як сведчыць В.А. Авілаў, падбор спецыялістаў адбывался спачатку на ўзроўні дывізіі, потым тыя ж кандыдатуры разглядаліся ў штабе акругі. У адрозненне ад праходзіўшых на Ваенным савеце акругі персанальную камісію ваенных саветнікаў, спецыялісты разглядаліся агульным спісам[26].
У Анголу накіроўваліся прадстаўнікі розных родаў войск – ВМФ, ВПС, ППА, АМУ и г.д., і праходзілі там службу, у залежнасці ад сваёй вайсковай прафесіі, у якасці спецыялістаў пры афіцэрах розных родаў войск ФАПЛА. Шмат хто з іх спрабаваў вывучаць партугальскую мову, каб лягчэй было знаходзіць кантакт з вайскоўцамі ФАПЛА, з якіх только асобныя афіцэры вучыліся ў СССР і маглі размаўляць па-руску (дарэчы, другі і пакуль апошні прэзідэнт Анголы – Жазэ Эдуарду душ Сантуш – навучаўся ў Бакінскім нафтавым інстытуце і добра ведае рускую мову – прым. аўт.), і не залежаць заўсёды ад перакладчыка.
· Ваенныя перакладчыкі. Гэтая катэгорыя, ва ўмовах знаходжання савецкіх вайскоўцаў у чужой краіне, якая только пачала супрацоўнічаць з СССР і таксама мела ў распараджэнні малую колькасць кадраў, якія валодалі рускай мовай, апынулася ключавой ў забяспечанні дакладнай камунікацыі і ўзаемапаразумення савецкіх і ангольскіх вайскоўцаў. Паколькі да 1975 г. СССР не меў дыпламатычных стасункаў з былой метраполіяй Анголы Партугаліяй (дзе дзейнічаў фашысцкі рэжым Салазара–Каэтана) і не супрацоўнічаў актыўна з Бразіліяй – асноўнымі краінамі, дзе дзяржаўнай мовай з’яўляецца партугальская, вялікай колькасці перакладчыкаў партугальскай мовы ў СССР не рыхтавалася. Таму пасля рэвалюцыі ў Партугаліі і пачатку набыцця незалежнасці яе калоніямі такіх перакладчыкаў патрэбна было рыхтаваць тэрмінова і як мага больш. Узгадвае А.А. Грыгаровіч, які прыбыў у Анголу на чацвёрты дзень пасля аб’яўлення яе незалежнасці[27]: «Быў 1975 год, калі я вярнуўся з Сірыі. А у 1974-м адбылася рэвалюцыя ў Партугаліі, і яе калоніі былі на парозе незалежнасці. Ужо было зразумела, што туды трапяць савецкія ваенныя спецыялісты, і адпаведна, ім будуць патрэбны перакладчыкі. Таму прыярытэтам пры размеркаванні на вывучэнне партугальскай мовы карысталіся тыя, хто меў рэальны баявы вопыт[28], таму што там чакаліся новыя “гарачыя кропкі”. Але такімі былі далёка не ўсе. Добра, што я меў армейскую падрыхтоўку, таму што я служыў у арміі, ведаў, як страляць з аўтамата. А тыя, хто паступаў у інстытут “з цывілкі”, не мелі пра гэта ніякага разумення»[29].
Ва ўмовах, калі колькасць савецкіх вайскоўцаў у Анголе паступова павялічылася ад першапачатковых 40 чалавек у 1975 г. да некалькіх тысяч у 1980-я гг., узнікла патрэба ў значна большай колькасці перакладчыкаў, чым іх было на той момант падрыхтавана. У выніку, як паведамляе С.А. Каломнін, перакладчыкаў партугальскай мовы сталі рыхтаваць па паскоранай праграме, выклікаць з запаса, і нават прызываць іспаністаў, таму што іспанская і партугальская мовы падобныя адна на адну, прыкладна як руская і беларуская, і таму, калі ведаеш адну, можна хутка вывучыць другую[30]. Так у Анголу трапілі курсанты Ваеннага інстытута замежных моў – выпускнікі т.зв. «ускора» (паскораных 10-месячных курсаў партугальскай мовы) у званні малодшых лейтэнантаў, сярод іх беларусы І.А. Ждаркін (служыў у Анголе ў 1986–1988 гг.), П.С. Іваноўскі (1986–1988 гг.), А.Э. Алексееўскі (1986–1988 гг.), М.Г. Маргелаў[31] (1988 – 1990 гг.), і інш. А таксама – лейтэнанты-двухгадзічнікі, выпускнікі цывільных ВНУ, у тым ліку Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (зараз МДЛУ), настаўнікі і перакладчыкі іспанскай мовы, якія вывучалі партугальскую непасрэдна ў працэсе службы, на працягу першых 2-3 месяцаў камандыроўкі: А.С. Шлык (служыў у Анголе ў 1979–1982 гг.), С.П. Дзямідчык (1986–1988 гг.), А.А. Грыцук (1986–1988 гг.), А.М. Хаванскі (1985–1987 гг.), І.Л. Кавалевіч (1985 – 1987 гг.), С.П. Баягін (1979–1981 гг.), С. Ерашоў (1986 – 1988 гг.), А. Штукін (1986 – 1988 гг.), А. Хаткевіч (1986 – 1988 гг.) і шмат іншых, імёны якіх яшчэ трэба высветліць.
· Салдаты тэрміновай службы. Яны накіроўваліся ў Анголу для службы ў якасці радыстаў, вадзіцеляў БТРаў і БРДМаў, рамонта суадноснай тэхнікі. Гэтая катэгорыя савецкіх вайскоўцаў у Анголе па колькасці была самай меншай. На цяперашні час высветлена імя толькі аднаго беларуса – ураджэнца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці В.С. Раманюка, які служыў там, у 5-й ваеннай акрузе, ў 1984 – 1986 гг.
Дакладная колькасць савецкіх грамадзян – афіцэраў, прапаршчыкаў, салдат, нават грамадзянскіх спецыялістаў, якія служылі ў Анголе на працягу войны – дагэтуль не высветлена. Пасамых прыблізных падліках, гэта не менш за 12 тыс. чалавек. Афіцыйная колькасць загінуўшых – 54 чалавекі[32], але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Дзякуючы пошукавай працы саміх ветэранаў, навуковых даследчыкаў, у тым ліку і аўтара дадзенага артыкула, ужо высветлена больш за 100 імёнаў загінуўшых пры выкананні службовых абавязкаў у Анголе. Сярод іх – 5 чалавек, якія нарадзіліся ў Беларусі: ужо названыя І.І. Важнік, М.М. Жарнасек, С.В. Лук’янаў, а таксама жыхар Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці служачы Савецкай Арміі П.Дз. Стралкоў (загінуў 4 жніўня 1978 г. у Луандзе) і выхадзец з г/п Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці капітан 2 ранга А.Дз. Дрозд (загінуў 15 студзеня 1979 г.).
На цяперашні момант намі высветлены імёны 139 чалавек – прадстаўнікоў беларускай зямлі, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у такой для нас далёкай, а для іх – вельмі блізкай афрыканскай краіне. На жаль, не ўсе з іх жывы, і не кожнага можна запытацца, “як гэта было”. Спіс катастрафічна няпоўны, таму – мы чакаем дыялогу з чытачамі.
[1] MPLA – Movimento Popular de Libertação de Angola (парт.).
[2] FNLA - Frente Nacional de Libertação de Angola (парт.).
[3] UNITA - União Nacional para a Independência Total de Angola (парт.).
[4] FLEC - Frente para a Libertação do Enclave de Cabinda (парт.).
[5]Кальвокоресси П. Мировая политика после 1945 года: В 2-х кн.: Кн.2 / Пер. с англ. – М.: Международные отношения, 2000. – с. 275.
[6] Чырвонасцяжная Беларуская ваенная акруга.
[7] FAPLA - Forças Armadas Populares de Libertação de Angola (парт).
[8] Успаміны ваеннага саветніка, палкоўніка ў адстаўцы, лётчыка-знішчальніка С.Ф. Сідорскага. С.Ф. Сідорскі нарадзіўся ў Кіеўскай вобласці УССР, з 1970 г. служыў у ЧБВА, зараз жыве ў Мінску, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. - З асабістага архіва аўтара.
[9] Успаміны ваеннага перакладчыка, старшага лейтэнанта запаса С.П. Дзямідчыка. С.П. Дзмідчык нарадзіўся ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці, зараз жыве ў Мінску, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. - З асабістага архіва аўтара.
[10] Дзённік І.А. Ждаркіна апублікаваны ў кнізе “Россия (СССР) в войнах второй половины XX века [участие российских (советских) военнослужащих в боевых действиях за пределами Российской Федерации (СССР) после Второй мировой (1946–2002)]” — М.: Триада-фарм, 2002, і ў кнізе самога І.А. Ждаркіна ««Такого не было даже в Афгане»: воспоминания участника войны в Анголе (1986 – 1988 гг.). – М.: Memories, 2008. І.А. Ждаркін нарадзіўся ў Гомелі, беларус, з 1983 г. пражывае ў Маскве, грамадзянін Расійскай Федэрацыі.
[11] Ждаркин И.А. ««Такого не было даже в Афгане»… - С. 20, 28.
[12] Больш падрабязна аб гэтай трагедыі гл.: Коломнин, С.А. Смертельный укус «Цербера» / С.А. Коломнин / www.veteranangola.ru/main/publikacii/bratishka/cerber, дата доступу 25 студзеня 2011 г.
[13] Успаміны ваеннага спецыяліста, маёразапаса А.І. Рязвянкова. А.І. Развянкоў нарадзіўся і пражывае ў г. Баранавічы, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. - З асабістага архіва аўтара.
[14] Успаміны падпалкоўніка запаса В.І. Сінянскага. В.І. Сінянскі нарадзіўся ў Львоўскай вобласці Украіны, пасля сканчэня Палтаўскага артылерыйскага вучылішча з 1973 г. служыў у ЧырБВА, зараз грамадзянін Рэспублікі Беларусь. - З асабістага архіва аўтара.
[15] Успаміны ваеннага перакладчыка падпалкоўніка запаса А.А. Грыгаровіча. А.А. Грыгаровіч – беларус па паходжанні, з Мазыра, нарадзіўся ў Германіі, з 1965 г. пражывае ў Маскве. Грамадзянін Расійскай Федэрацыі. – З асабістага архіва аўтара.
[16] Успаміны ваеннага перакладчыка, капітана запаса А.С. Шлыка. А.С. Шлык нарадзіўся ў Валкавыску Гродзенскай вобласці, зараз жыве ў Мінску, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. - З асабістага архіва аўтара.
[17] Успаміны ваеннага спецыяліста, падпалкоўніка запаса В.А. Авілава. В.А. Авілаў нарадзіўся ў г. Баку, пасля сканчэння Мурамскага вучылішча связі з 1956 г. служыў у ЧБВА, зараз жыве у Мінску, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. – З асабістага архіва аўтара.
[18] Проціва-паветраная абарона.
[19] Ангольскія ўзброеныя сілы дзяліліся на брыгады. – Прым. аўт.
[20] Успаміны ваеннага саветніка, падпалкоўніка запаса В.І. Сінянскага.
[21] Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Брэста. У 2 кн.: Кн.2. – Мінск: БЕЛТА, 2001.- С. 669.
[22] Успаміны падпалкоўніка запаса В.А. Авілава.
[23]Коломнин, С.А. Русский спецназ в Африке / С.А. Коломнин. – М.: Яуза, 2005. – с. 64.
[24]Коломнин, С.А. Русский спецназ в Африке. – М.: Яуза, 2005. – с. 89.
[25]Коломнин, С.А. Русский спецназ в Африке. – С. 95.
[26] Успаміны В.А. Авілава.
[27] Першая група СВС і С прыбыла ў Луанду 15 лістапада 1975 г. Неафіцыйна гэты дзень удзельнікі той вайны лічаць Днём ветэрана Анголы.
[28] А.А. Грыгаровіч першапачаткова паступіў у Ваенны інстытут замежных моў (потым – Ваенны Чырвоназнамённы інстытут Міністэрства абароны СССР) на паскораны курс арабскай мовы. Два з паловай гады служыў у якасці ваеннага перакладчыка ў Сірыі, удзельнічаў у араба-ізраільскай “вайне Суднага дня” у кастрычніку 1973 г. Быў узнагароджаны адной з вышэйшых сірыйскіх узнагарод – Ордэнам “За мужнасць”, а таксама сірыйскім ордэнам “Айчыннай вайны 1973 г.”
[29] Успаміны А.А. Грыгаровіча.
[30] Коломнин, С.А. Русский спецназ в Африке / С.А. Коломнин. – М.: Яуза, 2005. – с. 37.
[31] Міхаіл Генадзьевіч Маргелаў – унук славутага камандуючага паветрана-дэсантных войск СССР, генерала арміі Васіля Піліпавіча Маргелава, беларус па паходжанні, нарадзіўся і жыве ў Санкт-Пецярбургу. Грамадзянін й. Сучасны расійскі палітык Міхаіл Васільевіч Маргелаў – яго стрыечны брат. – Прым. аўт.
[32] Россия (СССР) в войнах второй половины XX века [участие российских (советских) военнослужащих в боевых действиях за пределами Российской Федерации (СССР) после Второй мировой войны (1946–2002)]… - С. 149.
Статья старая, но из тех, за которую не стыдно. Опять же, на белорусском языке пишу не так часто. У нее вообще вышли интересная судьба: написана она была в 2014 году, а опубликована в Киеве, в "Вестнике Киевского национального университета" в 2016-м на украинском языке, причем я об этом узнала еще через 4 года, совершенно случайно. Вот и такое было еще возможно.
Лайки, репосты и комментарии приветствуются. Благодарю всех, кто дочитал до конца.