Наша суразмоўца Алеся не лічыць сябе жаданай для гаспадароў кватэранаймальніцай: у яе — папугай, які пастаянна на вольным выпасе, і ровар, для якога патрэбна месца. Да таго ж для дзяўчыны вельмі важна, каб здымнае жыллё адпавядала яе экалагічным перакананням. Аднак знайсці арэнднае жыллё, якое б адказвала экалагічным стандартам, можна нават у правінцыі.
Кідаць крошкі мурашам і назіраць, як тыя заносяць іх у мурашнік
З экалогіяй дзяўчына пасябравала з дзяцінства дзякуючы маме — настаўніцы біялогіі. Яна навучыла дачку цікаўнасці і павазе да прыроды: што трэба паважаць яе правілы, можна назіраць, але не трэба ўмешвацца. Адныя з самых першых успамінаў Алесі — як яны з маці кідалі крошкі мурашам і назіралі, як тыя заносяць іх у мурашнік.
У дарослым жыцці прынцып павагі і прыслухоўвання да прыроды ў яе застаўся і праяўляецца ў звычках, прыязных для навакольнага асяроддзя. Больш за тое, у сваіх звычках яна зайшла далей за сваю настаўніцу, то бок маму.
— Большасць прынцыпаў у мяне выпрацавалася ў той час, калі я жыла асобна ад бацькоў. Напрыклад, я мыю посуд не пластыкавай губкай, а люфай. Карыстаюся цвёрдым шампунем, запакаваным у паперу. Малако купляю ў празрыстым пластыку, які перапрацоўваецца ў Беларусі. І ўсякае такое.
«Не ўцягвай мяне ў гэтую фігню, нават не пачынай»
— Цікава, як суседзі па кватэры ўспрымалі твае прынцыпы?
— За сваё дарослае жыццё я змяніла больш за восем арэндных кватэр і пакояў. Суседзяў шмат было. Памятаю, аднойчы мы пачалі здымаць кватэру з сяброўкай, якая ведала пра мае экалагічныя прынцыпы. Яна адразу сказала: «Не ўцягвай мяне ў гэтую фігню, нават не пачынай». На маю прапанову паставіць асобныя сметніцы для рознага тыпу смецця яна адказала: «У кухні няма на гэта месца». Я згадзілася і паставіла гэтыя сметніцы ў сябе ў пакоі. І калі бачыла ў агульнай пластык, паперу ці шкло, то ціхенька вылоўлівала і сартавала ў сябе ў пакоі. Праз пару месяцаў сяброўка раскрыла гэтую схему. Пакруціла пальцам ля скроні і аб’явіла, што з гэтага дня мы заводзім асобны пакет для пластыка, так і быць.
Яшчэ ў Алесі быў этап жыцця, калі яна мыла галаву жытняй мукой. Замешвала такую сумесь і настойвала ў кухні.
— Сусед, з якім мы тады здымалі кватэру, усё дзівіўся, чаму я раблю цеста, а бліны ніколі не смажу. Пасля даведаўся, зрабіў вялікія вочы, і нічога, прывык. Затое яму было што расказаць сваім сябрам на тэму «прыкінь, а мая суседка…»
Алеся прызнаецца, што чытаць сябрам лекцыі па экалогіі — гэта не пра яе. Лічыць, што самае каштоўнае тое, да чаго мы дайшлі сваім розумам. Хаця часам з блізкімі і адпускае ядавітыя каментары. Напрыклад, калі сябра ішоў да яе ў госці і прыхапіў да кавы пячэнне — такое, дзе кожная пячэнька ў асобным пластыкавым пакеціку — дзяўчына не магла ўтрымацца. У выніку той сябра цяпер прыходзіць да яе з пустымі рукамі: баіцца, што зноў не тое прынясе.
Тры месяцы жыла ў вельмі «пластыкавай» кватэры
Але здараліся ў жыцці нашай суразмоўцы і такія сітуацыі, калі яна мусіла забыцца на свае экалагічныя прынцыпы:
– Неяк паміж ад’ездам з адной кватэры і заездам на другую ў мяне аб’явіліся тры месяцы, якія трэба было недзе перакантавацца. Тады я жыла ў вельмі «пластыкавай» кватэры і вельмі любіла яе за тое, што яна проста была. Тады было не да прынцыпаў.
І ўсё ж ніколі б на доўгі час Алеся не зняла тую кватэру. Кухня, ванная і туалет там былі ў сайдзінгу і падвясных столях. У пакоях сінтэтычныя дываны, шмат элементаў мэблі з таннага пластыку. На тыя палічкі дзяўчына проста баялася ставіць нешта цяжкае — такімі хліпкімі яны выглядалі. А рэшта мэблі – з дсп. Кажа, у такім атачэнні ёй было б цяжка жыць доўга.
Заўсёды, калі Алеся ходзіць глядзець патэнцыйнае жытло, звяртае ўвагу, што з некамфортнага для сябе можа змяніць, а што не. Вядома, замяніць падвясныя столі ці пластыкавыя вокны ў чужой кватэры не атрымаецца. А вось прыбраць пластыкавыя абрусы ці штучныя кветкі — можна.
— Я пытаюся ў гаспадароў, куды можна скласці тыя іх рэчы, якімі не збіраюся карыстацца. Там складзірую ўсе сінтэтычныя накідкі на канапы, падушкі, шторы, якія я ўвогуле не люблю і заўсёды здымаю. Неяк мне трапілася кватэра, дзе ў кожным пакоі было па некалькі штучных бярозак — такіх уюнковых раслін. У ваннай пластыкавымі галінкамі была абкручаная батарэя і вентыляцыя. Я, канечне, папярхнулася, як гэта пабачыла, але пасля акуратна зняла і схавала іх у шафу. Магчыма, пасля майго ад’езду гаспадыня закруціла іх назад.
Набор мэблі з нефарбаванай сасны падарожнічае з гаспадыняй
У сезон Алеся ездзіць на ровары, і ёй важна, каб было месца, дзе яго можна захоўваць. Хай гэта будзе падвал ці вялікая лесвічная клетка, але ад ровара яна не гатовая адмовіцца. Таксама яна звычайна агучвае гаспадарам пажаданне па магчымасці вывезці нейкую мэблю.
У дзяўчыны ёсць свой набор мэблі са звычайнай нефарбаванай сасны, які ездзіць з ёй з кватэры на кватэру. Гэта працоўны стол, стул, кававы столік, стэлаж для кніг. І таксама камфортны матрац — калі няма ложка, то яго можна класці на падлогу. Да такіх пажаданняў гаспадары звычайна ставіліся з разуменнем.
Важна, каб рэчы былі шурпатыя, цёплыя, жывыя
— Калі кватэра ўся ў пластыку, ты дрэнна сябе адчуваеш?
— Я вельмі люблю рэчы, якія маюць сваю гісторыю і душу. Набор у дзесяць аднолькавых талерак, купленых у Цуме, — гэта не маё. А вось адна талерка, злепленая на майстар-класе, другая — размаляваная сынам сяброўкі, трэцяя і чацвёртая – прывезеныя з розных раёнаў Таджыкістана, узоры на іх мне тлумачылі знаёмыя таджыкі, – гэта мне блізка. І такія рэчы з гісторыяй — яны часцей за ўсё натуральныя па матэрыялах.
Да таго ж Алеся шмат часу праводзіць дома: любіць чытаць, вышываць, сустракаць гасцей. Працуе апошнія гады збольшага анлайн. Таму ёй важна, каб месца, дзе праходзіць 80 працэнтаў яе часу, было не толькі практычнае, але і ўтульнае. Таксама дзяўчына кінэстэтык. Ёй важна, каб рэчы былі прыемныя на дотык: шурпатыя, цёплыя, жывыя. Гэта пра дрэва, гліну, воўну, а ніяк не пра гладкі і халодны пластык.
— Часам мне праз гэтыя свае патрэбы нялёгка: толькі звіла гняздзечка на новай кватэры, усё зрабіла, як мне зручна, – і трэба пераязджаць на новую. І заўсёды думаю: ну не, на новым месцы ніякіх гнёздаў! Толькі чыста бытавыя практычныя моманты. Але не, я не ўмею іначай. І пачынаецца гняздо нумар 100500.
— А чым табе падабаецца сённяшняе жыллё?
— Тым, што яно адпавядае не толькі маім высокім патрабаванням, але і пераўзыходзіць іх —цяпер я маю свой невялікі агародзік і клумбы, якія прыемна даглядаць. Мой папугай тут таксама шчаслівы, бо мае шмат прасторы для палётаў.