Найти тему
Minsknews.by

КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ. Як слуцкія паясы сталі нацыянальнай рэліквіяй і сучасным брэндам краiны

Оглавление

Нязначная на першы погляд рэч стала нацыянальнай рэліквіяй і сучасным брэндам Беларусі. Падрабязнасці — у карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

-2

Першыя персіярні адкрылі Радзівілы

На Слуцкую фабрыку мастацкіх вырабаў трапіла ўпершыню. Выпускаюць тут найпрыгажэйшыя пледы, ручнікі, кілімкі, адзенне, сувенірную прадукцыю. Аднак славіцца прадпрыемства перш за ўсё знакамітымі на ўвесь свет слуцкімі паясамі.

Мы ў фабрычным музеі. Ён месціцца якраз там, дзе калісьці пачыналася вытворчасць. За шклянымі вітрынамі — адзінкавыя вырабы, шэдэўры ручнога ткацтва, якое ва ўсе часы на нашай зямлі было ў пашане. Пояс заўсёды лічыўся абавязковай часткай касцюма — і народнага, і шляхецкага. У XVIII стагоддзі ў моду ўвайшлі тканыя паясы з Усходу. Іх прывозілі з Персіі і Асманскай імперыі. Каштавалі яны вельмі дорага.

Вырабляліся з шоўку з дабаўленнем золата і срэбра, — распавядае тэхнолаг Таццяна Новік. — Як атрымлівалі такі матэрыял? На тоненькую шаўковую нітку ўручную намотвалася залатая або срэбная стужка. Праца ювелірная — ніткі былі танчэйшыя за чалавечы волас. З іх на драўляных ручных станках і ткалі паясы. Тэхналогію пад страхам смерці трымалі ў строгім сакрэце.

-3

Тым не менш аднаму чалавеку нейкім цудам удалося вывезці з Турцыі ў Рэч Паспалітую два станкі ў разабраным выглядзе, а яшчэ майстра-зборшчыка і ткача для навучання людзей на месцы. Першыя прадпрыемствы — персіярні — у XVIII стагоддзі адкрылі ў Слуцку і Нясвіжы Радзівілы. Князь Міхаіл Казімір Радзівіл (Рыбанька) выпісаў са Стамбула таленавітага майстра Яна Маджарскага. Справа пайшла. У год выпускалі па 200 паясоў: гэта былі сапраўдныя шэдэўры. Слава пра іх распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе.

Жонка князя Міхаіла, Уршуля Францішка Радзівіл, была найразумнейшай жанчынай таго часу. Ведала некалькі замежных моў, на тэрыторыі цяперашняй Беларусі адкрыла першы тэатр і сама стварала п’есы для яго. Паглядзець на гэты цуд прыязджалі нават з-за мяжы. Пасля спектакля гасцей вялі на прадпрыемства. Амаль усе з’язджалі з набытымі за вялікія грошы паясамі — такі вось маркетынгавы ход. Не драмалі і замежныя спецыялісты: там-сям сталі з’яўляцца падробкі. Каб абараніць брэнд, беларускія майстры ставілі на прадукцыі таемныя пазнакі.

Пад грыфам «сакрэтна»

Пояс складаўся з трох частак, — паказвае экспанаты гід. — Першая — «галава» — самая прыгожая, менавіта тут выкарыстоўваліся золата і срэбра. Другая — «сераднік» — без узораў (іх ўсё роўна не відаць). Трэцяя называлася «бардзюр» (афармленне па краях).

-4

Паясы маглі быць аднабаковымі і двухбаковымі, а таксама двух-, трох- і чатырохліцавымі, без выварату. Самымі каштоўнымі і дарагімі лічыліся чатырохліцавыя. Рабіліся яны больш шырокімі, з частак рознага колеру, і складвалі іх так ці інакш у залежнасці ад падзеі. На свята — чырвоным ці залатым на правы бок, пры жалобе — чорнай, а ў паўсядзённым жыцці — шэрым альбо зялёным. Выявы кветак і ўзоры распрацоўвалі мастакі. Персідскія арнаменты часта змяняліся беларускімі.

А вось старадаўняя ткацкая майстэрня. Стаяць ручныя станкі, за імі — работнікі (дакладней, іх муляжы). Працаваць ім даводзілася і рукамі, і нагамі.

Навучанне ішло 6–7 гадоў, — гаворыць Таццяна Новік. — Патрабавалася дакладна ведаць, куды і калі пакласці адну нітачку і прыбраць іншую. Калі здаралася памылка, працэс спыняўся, сатканае распускалі і перараблялі нанова. За свой кошт, без аплаты. А на выраб аднаго пояса і так патрабавалася ад шасці месяцаў да некалькіх гадоў. Працоўны дзень у мануфактуры доўжыўся 16 гадзін. Зараблялі ткачы вельмі добра, пакідаць прадпрыемства з-за сакрэтнасці ім забаранялася.

Жанчын да вытворчасці паясоў не дапускалі. Лічылася, што ад дотыку іх рук да залатых і срэбных нітак метал пацямнее і выраб згубіць якасць. Яшчэ асцерагаліся, што прадстаўніцы слабага полу могуць раскрыць тэхналагічныя сакрэты. А за гэта належала смяротнае пакаранне.

-5

Чырвонай ніткай

Калiсьцi паясы на беларускай зямлі насілі ўсе. Багачы — шаўковыя, звычайныя людзі задавольваліся баваўнянымі і ільнянымі. Гэтыя аксэсуары ўдзельнічалі ва ўсіх цырымоніях: у вяселлях, пахаванні, хрэсьбінах, народных святах. Калі нараджалася дзіця, бабка-павітуха павязвала чырвоныя паясочкі на тыя часткі яго цела, якія лічыліся самымі ўразлівымі. Чалавек захоўваў іх да канца сваіх дзён і перадаваў дзецям і ўнукам. Дзяўчынкі навучаліся ткаць ужо ў 9 гадоў і пачыналі збіраць сабе пасаг. У дзень вяселля паясы дарылі абсалютна ўсім — і гасцям, і музыкам, і таму, хто дапамагаў ладзiць застолле. Дарэчы, жанчыны насілі гэты аксэсуар пад адзеннем — так было прынята. А вось калі мужчына выходзіў на вуліцу без пояса, усе ўспрымалі гэта як ганьбу, непавагу да іншых. Адсюль і выраз пайшоў: «Зусім расперазаўся!» Гэта значыць, непрыстойна сябе паводзіў.

Слуцкі эксклюзіў

-6

Ідзём на сучаснае прадпрыемства. Тут выключна па заказах вырабляюць копіі знакамітых слуцкіх паясоў. За празрыстай перагародкай — новы станок і ўсяго адна работніца. Дарэчы, тут працуюць толькі жанчыны!

Ён адзіны ў свеце, — тлумачыць Таццяна Новік. — Створаны спецыяльна для нашай фабрыкі. Аналагаў яму няма. Станок абсталяваны адмысловымі праграмамі, ім кіруюць два камп’ютары: з дапамогай першага загружаюцца параметры для працы, у другім змяшчаецца каталог вырабаў. Заказчык выбірае тое, што яму трэба.

Які сярэдні кошт пояса? — цікаўлюся ў гіда.

Ад 2,5 тысячы рублёў у залежнасці ад памеру. Напрыклад, выраб 3,5–4 м даўжынёй і 35–40 см шырынёй каштуе каля 8 тысяч рублёў.

-7

— Заказаў шмат?

Попыт ёсць. Не так даўно адзін пояс з’ехаў у Францыю — выконвалі прыватны заказ.

Як і раней, вырабы ткуцца толькі з натуральных валокнаў з дабаўленнем золата і срэбра і карыстаюцца вялізнай папулярнасцю ў краіне і за яе межамі.

Фота аўтара

Еще материалы рубрики:

КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ. Лида — Берёзовка — Дятлово – интересное на маршруте

КАБ ЛЮБIЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МIЛУЮ. Путешествуем по Воложину и его окрестностям

КАБ ЛЮБIЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МIЛУЮ. Чым славіцца Шчучынскі раён, і пры чым тут Шарль дэ Голь

КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ. Почему в деревне Сынковичи хочется задержаться как можно дольше

КАБ ЛЮБІЦЬ БЕЛАРУСЬ НАШУ МІЛУЮ. Цікавыя факты з падарожжа ў Любчу і Усялюб