Арцыбіскуп Юзаф Станеўскi павiншаваў католікаў з Вялікаднём.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.
Людзі добрай волі!
Падзяляю з вамі, як і кожны год, радасць Вялікадня — свята Уваскрасення Хрыста! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
Вопыт веры
Калі мы думаем пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, наша ўяўленне перапоўнена вобразамі. Мы ўяўляем пустую магілу Хрыста, сямейны вялікодны стол, фарбаванкі, кулічы і г. д. Аднак тое, пра што мы часамі забываем, можа быць самым важным — гэта наступствы ўваскрасення для нашага паўсядзённага жыцця…
Ва ўрыўку з Евангелля, які чытаецца ў касцёлах у велікодную нядзелю, апісваецца, як Марыя Магдалена, а таксама апосталы Пётр і Ян спяшаюцца, нават пераходзяць на бег, калі даведваюцца, што магіла Хрыста пустая. Хрыстовае Уваскрасенне дае ім і ўсяму свету дынаміку духоўнага развіцця, якой ніколі яшчэ не было дагэтуль.
Мае дарагія! Веруючымі людзьмі Уваскрасенне Хрыста не можа ўспрымацца толькі як прыгожая падзея з мінулага, паколькі ў такім выпадку гэта будуць толькі тэарэтычныя веды… Марыя Магдалена, якая прыйшла да магілы Хрыста, разумеючы, што адбываецца нешта незвычайнае, спяшаецца паведаміць пра гэта Пятру і «іншаму вучню». Можна заўважыць, што вопыт сустрэчы з Уваскрослым выводзіць малады Касцёл з раз’яднанасці і збянтэжанасці, якая панавала пасля смерці Збаўцы на крыжы, да еднасці і мужнага вызнання веры.
Крыніца надзеі
У Вялікую суботу 16 красавіка 1927 года нарадзіўся будучы папа Бэнэдыкт XVI, якога Пан паклікаў да сябе напрыканцы мінулага года. У кантэксце завяршэння яго зямнога жыцця асаблівым чынам гучаць словы гэтага пантыфіка на ўрачыстасць Вялікадня: «З раніцы ўваскрасення ў свет прыходзіць новая крыніца надзеі; з гэтага дня пачынаецца нашае ўваскрасенне, таму што Вялікдзень — гэта не асобны момант гісторыі, але пачатак новага стану. Езус уваскрос з мёртвых не для таго, каб памяць пра Яго засталася жывой у сэрцах Яго вучняў, але каб Ён сам жыў бы ў нас і каб мы ў Ім маглі ўжо цяпер паспытаць радасці вечнага жыцця».
Браты і сёстры! Ва ўсіх нас ёсць жаданні, якія настолькі глыбокія, што мы з цяжкасцю іх распазнаем і рэдка выражаем, але ў нас заўсёды ёсць жаданне нечага большага: больш супакою, больш радасці і больш любові. І Бог хоча адказаць на гэтае нашае глыбокае жаданне большага: бо шукаючы любові і міласэрнасці, мы насамрэч шукаем самога Бога.
У кожным людскім пакаленні ёсць вялікае мноства вернікаў, якія паверылі, што Хрыстус уваскрос, і пачалі глядзець на сваё жыццё Божымі вачыма. Езус для іх стаў не стваральнікам якой-небудзь ідэалогіі ці палітычным лідэрам, але асабістым сябрам, настаўнікам і лекарам душы. Як i апосталы, мы можам засведчыць усяму свету, што Хрыстус сапраўды ўваскрос і дае ласку падымацца з грахоўных упадкаў.
Дом для кожнага
Мае дарагія! Унутры чалавека пастаянна адбываецца барацьба духоўнай цемры са святлом уваскрасення. Метафару гэтай барацьбы можна ўбачыць у тым, як евангеліст Ян апісвае абставіны ўваскрасення Хрыста: Марыя Магдалена ідзе да магілы Езуса, «калі было яшчэ цёмна». Цемра панавала перад узыходам сонца, але таксама ноч была ў сэрцы і душы Марыі, цемра, звязаная з абставінамі смерці Езуса. Калі ж сонечнае святло рассейвае цемру, Марыя сустракае ўваскрослага Хрыста. Святло Уваскрослага рассейвае цемру нашых грахоў так, як рассеяў цемру душы Пятра, які тройчы адрокся ад свайго Настаўніка.
Браты і сёстры! Пустая магіла Езуса з’яўляецца вобразам Касцёла, які аб’ядноўвае тых, хто паверыў ва ўваскрасенне. Папа Францішак не аднойчы падкрэсліваў, што Езус не выключаў нікога і хацеў, каб Яго Касцёл быў домам для кожнага, а не толькі для выбраных: «Касцёл — гэта міласэрная маці, якая заўсёды шукае магчымасці дапамагчы і натхніць, нават перад сваімі дзецьмі, якія памыліліся і памыляюцца, ніколі не закрывае дзверы»…
Дарагія браты і сёстры!
Няхай Вялікдзень прынясе кожнаму з нас новае жыццё, нягледзячы на тое, якія катастрафічныя сітуацыі адбываюцца ў свеце і ў нашым асабістым жыцці… Няхай Уваскрослы Хрыстус асвятляе сваім святлом усю цемру нашага жыцця, няхай прынясе нам надзею і спакой! Няхай Хрыстус сёння ўваскрэсне ў кожным з нас!
Дазволім Хрысту ўваскрасіць нас, будзем сведкамі і апосталамі Яго ўваскрасення і новага жыцця.
Гэтыя свае велікодныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем: у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.
З Пастырскага паслання арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Вялікдзень 2023 года.