Вітаю вас на маём канале. Гэты допіс будзе працягам падарожжа па святыням Астравецкага раёна. Апошні мой допіс быў аб Касцёле Святых Космы і Дам'яна, але калі прайсці далей па гораду, то за будынкам старага аўтавакзала можна ўбачыць яшчэ адзін храм ў неараманскім стыле - Касцёл Адшукання Святога Крыжа.
Мабыць Вам цікава, як так атрымалася, што ў такім невялікім месцы як Астравец (трэба адразу сказаць, што Астравец афіцыйна стаў горадам толькі 10 гадоў таму, ў 2012 годзе) апынулася адразу два такіх прыгожых храма? Вось аб гэтым і будзе мой сённяшні допіс.
А пачалося ўсё з падзей сярэдзіны 19 стагоддзя, дакладней з паўстання 1863 - 1864 гадоў, якое было жорстка задушана Расейскай Імперыяй. Трэба казаць, што Касцёлы і кляштары актыўна падтрымлівалі паўстанцаў і іх імкненне да свабоды і незалежнасці. А пасля таго як паўстанне было задушана, пачаўся працэс пошука і пакарання ўсіх хто яго падрымліваў. Так вялікая колькасць каталіцкіх храмаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага была або перароблена ў праваслаўныя царквы, або наогул зачынена. Цяжка ўявіць, але за гэты час было зачынена каля 359 Касцёлаў па ўсяму заходняму краю.
Рэпрэсіі супраць каталіцтва не абышлі бокам і Астравец. Адзіны каталіцкі храм быў зачынены ў 1866 годзе, а яго будынак перарабілі ў праваслаўную царкву. Цікава, што па ўспамінам мясцовых жыхароў у той час асабліва і не каму было ходзіць у новую царкву, бо ў Астраўцы жыў усяго адзін праваслаўны жыхар - майстра па рамонце гадзіннікаў Рыткодзін. А тым часам парафія, якая налічвала амаль 14 тысяч вернікаў засталася без храма.
Так працягвалася да пачатку 20 стагоддзя, калі мясцовыя жыхары вырашылі пабудаваць новы Качцёл самастойна на ўласныя сродкі. Будаўніцтва новага будынка пачалося ў 1910 годзе і кіраваў ім ксёндз Пётр Баханоўскі.
Будаўніцтва вялося хутка і за два гады будынак быў узведзены. Першапачаткова па плане архітэктара будынак павінен быў быць з двума вежамі, але з-за хуткіх тэмпаў будаўніцтва і шэрагу іншых прычын ад другой вежы адмовіліся. На жаль ксёндз Пётр Баханоўскі не змог цалкам уладкаваць храм, бо пачалася Першая Сусветная вайна і прыкладна ў 1915 годзе на тэрыторыі Віленскага края (а Астравец размешчаны не далёка ад Вільні) пачалася эпідэмія тыфу. І вось аднойчы, пасля наведвання хворай дзяўчынкі захварэў і сам ксёндз, мясцовы доктар спрабаваў яго вылечыць, але ўсё было беспаспяхова. Перад смерцю ксёндз Баханоўскі папрасіў пахаваць яго ў Касцёле які ён так і не паспеў дабудаваць. Так перад алтаром выкапалі яму, забетанавалі і там яго і пахавалі.
Пасля 1939 года ў Астравец прыйшла савецкая ўлада, якая вельмі негатыўна ставілася да рэлігіі і ў пасляваены час Касцёл зачынілі, а ў яго будынку зрабілі звычайнае сховішча. Так і прастаяў ён да самага 1994 года, калі яго перадалі вернікам і адчынілі зноў. Вось такі лёс ў па-сапраўднаму народнага храма ў Астраўцы.
Дзякуй Вам, што даглядзелі і дачыталі гэты допіс. Калі Вам падабаўся допіс, калі ласка, падпісывайцеся на мой канал, будзе яшчэ шмат чаго цікавага і таксама не забывайцеся паставіць лайк да гэтага допіса.