Больш за 250 тыс. слоў будзе налічваць новы фундаментальны тлумачальны слоўнік беларускай мовы ў 15 тамах. Пра гэта напярэдадні Міжнароднага дню роднай мовы ў прэс-цэнтры БЕЛТА расказаў дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» НАН Беларусі Ігар Капылоў, перадае карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны».
— Першы том выйдзе ў свет хуткім часам. Слоўнікі такіх аб’ёмаў у Беларусі яшчэ не выдаваліся: 15 тамоў, больш за 250 тыс. слоў. Ён адлюструе наша лексічнае багацце з улікам тых змен, якія адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі ў культурным і сацыяльным жыцці краіны. Наогул на сённяшні дзень у краіне існуе дастатковая колькасць практычных дапаможнікаў, слоўнікаў, граматык, якія забяспечваюць патрэбы моўнай практыкі. Але праца над складаннем новых дапаможнікаў вядзецца штогод, — адзначыў І. Капылоў.
Такім чынам, у 2022 г. выйшаў з друку тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы ў двух тамах на 65 тыс. слоў. Вядзецца праца над слоўнікамі мовы ХІХ стагоддзя і мовы пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, у прыватнасці, Дуніна-Марцінкевіча і іншых адметных аўтараў гэтага перыяду. Ствараецца электронны зводны слоўнік беларускіх народных гаворак, які будзе ахопліваць мову з другой паловы ХІХ да пачатку ХХІ стагоддзя. Таксама выйшаў першы ў гісторыі перакладны кітайска-беларускі і беларуска-кітайскі слоўнік аб’ёмам 18 тыс. слоў. А на сучасным этапе рыхтуецца акадэмічны кітайска-беларускі слоўнік, праца над якім павінна быць завершана ў 2025 г.
Супрацоўнікамі інстытута таксама зроблена вялікая работа па выданні помнікаў беларускай спадчыны. Гэта «Жыціе Еўфрасінні Полацкай», першы беларускі буквар Спірыдона Собаля, «Баркулабаўскі летапіс» і многае іншае.
Смотрите также: