Людзі, што абралі самаізаляцыю ў гэтыя часы, вельмі моцна абмежаваныя ў станоўчых эмоцыях. Многія кажуць, што лядоўня стала адчыняцца ў сто разоў часцей, чым да пандэміі. Давайце падумаем, што можна туды пакласці, каб і сябе папесціць, і наваколлю нашкодзіць мінімальна. Сёння расскажу пра меню, якое дазваляе не жыць ля пліты, але рабіць крутыя стравы.
Паехалі. Мае правілы набыцця прадуктаў такія:
- наведваю краму адзін раз на тыдзень;
- набываю цэлыя прадукты (а не іх часткі);
- малочку і яйкі замаўляю ў фермераў;
- спрабую карыстацца сваімі кулькамі (але зараз атрымоўваецца горш, таму іх мыю і зноў выкарыстоўваю).
Вось так выглядаюць мае пакупкі на гэты тыдзень.
Тут няма курыцы, бо я на тым тыдні набыла цэлую індычку, якую мы ніяк не даямо. Сыр цвёрды «Літоўскі» – ідэальны для пасты, салатаў і песта!
Зараз я хаджу ў краму ў шматразовай масцы і пальчатках. Ад такіх атрыбутаў не адмаўляюся, але ў мяне і тут zero waste падыход. Я потым мыю іх.
Паспрабуйце зрабіць самі тое, што часта набываеце
Перад тым, як выпраўляцца ў краму, пытаю мужа, што б ён хацеў паесці. Звычайна ў адказ прыходзіць кшталту «Макароны, пельмені і сасіскі». То бок нешта максімальна простае ў прыгатаванні і не самае карыснае. О, і ў пластыкавай упакоўцы!
Але такое насамрэч можа стаць цікавым чэленжам і магчымасцю крута правесці час з сям’ёй. Скажыце, ці ляпілі вы калі-небудзь пельмені? Калі не, малю: дайце ім шанец! Свае пельмені – гэта рэстаранная страва, а не ежа на чорны дзень.
Складнікі прасцейшыя: на цеста трэба мука, вада і (апцыянальна) яйка, начынне – фарш, соль і перац. Вегетарыянскі варыянт: мука, вада, а замест фарша – рікота, шпінат (ці крапіва, напрыклад). Можна браць ягады – будзе салодкі варыянт! Зараз ягадны сезон, можна даесці леташнія запасы з маразілкі і набыць замарожаныя ягады ў краме (вядома, у свій пакет). Закручваеце іх ў цеста, варыце, пасыпаеце цукрам, падаеце на стол і становіцеся каралём і каралевай кулінарыі.
Дарэчы, лавіце рэцэпт! Уключаеце які-небудзь лёгкі фільм, падкаст ці музыку, у муку дадаеце ваду (і яйка) і месіце да стану пругкага шарыка, даеце пастаяць хвілін 15, раскатваеце на таўшчыню 2–3 міліметра (ці на вока), выціскаеце шклянкай кружочкі, на іх – начынне. Прыгожанька ці хоць як злепліваеце, пасыпаеце мукой і ў маразілку.
Ітак, за вечар можна:
- налупіць касмічна смачных пельменяў ці варэнікаў на некалькі дзён;
- даглядзець сезон серыяла ці карысна пабавіць час з сям’ёй (дзеці проста ў захапленні ад лепкі пельменяў!);
- зрабіць чароўнейшую страву;
- не выкінуць ніводнага пластыкавага пакета ці ўпакоўкі.
Калі ў вас засталося цеста, раскатваеце яго такім жа чынам, наразаеце палоскамі, пасыпаеце мукой, падсушваеце ў духоўцы – вуаля, выдатная хатняя паста для супоў ці другіх страў гатова! І яна не крывенькая, а крафтавая!
Плануйце свой рацыён
Я ненавіжу планаванне. Шчыра, гэта не мой моцны бок. Таму я набываю цэлыя прадукты, якія мы спажываем па чарзе. Спачатку свежыя, потым замарожаныя.
Салаты з зеляніны сыходзяць у першы ж дзень. А потым з'ядаем белакачановую і чырвоную капусту, цыбулю і моркву. Дадаеце да іх жменю гарбузовых семак, кунжута, запраўляеце аліўкавым алеем з лыжкай віннага воцата, соллю – можна глынуць язык ад смаку. Тут галоўнае нарэзаць тонка гародніну.
Ніякіх курыных ног, крылак у асобнай упакоўцы я не бяру. Цэлая курыца – гэта выдатны варыянт. Мажаце яе спецыямі і соллю, абгортваеце фальгой і запякаеце. Гэта проста, и сям’я не галодная. Птушку можна разабраць і на складнікі, нешта замарозіць, а нешта прыгатаваць. Дробныя часткі можна зберагчы для булёну. Калі памыць пакецік з-пад курыцы, то ў сметнік не патрапіць ніводнай упакоўкі. А як зручна ў такім пакеце замаражваць пельмені!
Тое ж тычыцца рыбы: запякаеце дзве вялікія рыбіны – сытыя і вольныя. Рыба ў нас прадаецца звычайна замарожаная, таму сістэма харчавання сама пакрысе вымалёўваецца: запякаем курку і круцім пельмені, потым размаражваем і ямо рыбу.
Адзін дзень я ладжу вегетарыянскі. Для гэтага набываю грыбы, розныя капусты, перац і фасолю. Нічога з пералічанага не псуецца за хуткі час, таму вегетарыянскі дзень у мяне звычайна ў чацвер.
Мой самы круты сакрэт пра брокалі: з чаранка робім суп-пюрэ (рэжам, варым разам з морквай, падсмажанай цыбулькай, спецыямі і прабіваем міксерам), а суквецці смажым з перцам, грыбамі, цыбуляй і морквай на алеі з соўсам церыяке. Проста космас. Можна есці асобна, а можна падаваць разам з хатняй лапшой! Гэта настолькі смачна, што да вячэры не дажывае, і выпадае даставаць з замарозкі варэнікі.
На пятніцу я раблю хатнюю піцу, у суботу гатую з таго, што засталося: рагу з гародніны ці бігас, а нядзеля ў нас – дзень падтрымкі мясцовай кафэшкі. Дзякуючы яе дастаўцы ў мяне ёсць выдатныя кантэйнеры для мікразеляніны!
Вядома, гэта не жалезабетонныя правілы, таксама гэта не ўсё, што мы ямо. Але з такой «рыбай» значна лягчэй закупацца ў краме адзін раз на тыдзень ці нават радзей.
Пашырайце свой гастранамічны досвед
Калі вы думаеце, што мамалыга – гэта нейкае імя, а да гарбаты слодычы можна толькі набываць, я вам зайздрошчу, бо ў вас наперадзе дужа цікавыя адкрыцці.
Раз на тыдзень я набываю адзін прадукт, які раней мы не ўжывалі. Адзін, каб не было шкада, калі ён нам не пойдзе. Ну і каб не рабіць рэвалюцыю ў нашым харчаванні. Палента для нас стала гастранамічным адкрыццём года: з яе можна рабіць хоць кашу, хоць катлеты! Проста і вельмі смачна.
Чулі, што людзі заядаюць стрэсы салодкім? А гарбату без прысмакаў да яе называюць голай! Ды і мама дарагая, як я люблю салодкае... Але і награбаць цэлыя мяхі крамных цукерак – гэта не варыянт.
Такую сітуацыю я вырашыла проста: у краме набываю горкі шакалад (так, я ведаю пра этычнасць пытання, але зараз не пра яго) у папяровай абгортцы, а дома раблю суперпростае хатняе печыва.
Мяшаеце пачак мяккага масла са шклянкай цукру, дадаеце мукі. Пакуль цеста не перастане брацца за рукі, раскатваеце яго, рэжаце, як хочаце (можна вырубкай, можна праз мясарубку, можна проста квадратамі), і печаце пры 170 градусах хвілін 15–20. Па жаданні можна дадаваць мушкатовы гарэх, цынамон, перац, ваніль. Клопат на паўгадзіны, не больш.
А яшчэ самы час брацца за сочыва, якое ўжо гадоў сто стаіць у самым цёмным куце кладоўкі. Сочыва з печывам і шклянкай фермерскага малака – да ніякая дэпрэсія пасля такога не возьме!
А як вам ідэя зрабіць хатні мармелад? Бывае просты з жэлацінам, а на агары пасуе веганам.
Дарэчы, з манкі і тварагу можна зрабіць выбітны і дужа просты маннік: мяшаеце два пачака тварагу з манкай, дадаеце троху смятаны, пакідаеце пастаяць, каб манка разбухла, потым – чайная лыжка соды. Выпякаеце ў форме 20 хвілін – гатова!
З нагоды самаізаляцыі ў Беларусі сёлета з’явіліся і сваеасаблівыя гастранамічныя трэнды. Сочыва з дзьмухаўцоў мы ўжо зрабіць не паспеем, а вось соўс песта са сніткі – на зароўе!