Найти в Дзене
Leon Lauresh

Луцкевіч Антон. Тарашкевіч і Аляхновіч

Луцкевіч Антон. Тарашкевіч і Аляхновіч 7 снежня гэтага года на польска-савецкай мяжы Браніслаў Тарашкевіч, шматгадовы палітычны вязень у Польшчы, быў абменены на савецкага вязня, знанага ў Вільні беларускага літаратара Францішка Аляхновіча. Як падае прэса, перамовы паміж польскімі і савецкімі ўладамі па гэтай справе вяліся на працягу 5 месяцаў. Абмен Тарашкевіча ні для кога не быў неспадзянкай і верагодна пра яго знаў і сам вязень. Пасля суду можна было падаваць апеляцыі аб невінаватасці, але ён гэтага не рабіў. Лічылася, што Тарашкевіча чакае такі ж самы лёс, як і ўсіх былых беларускіх паслоў. Такім чынам, да шматлікай групы былых беларускіх парламентарыяў, якія пакінулі няўдзячнае палітычнае поле Польшчы, дадаўся яшчэ адзін дзеяч, гэтым разам самы таленавіты і папулярны. Хоць палітычнае крэда Тарашкевіча можа выклікаць вялікую засцярогу, аднак шматгадовы тэрмін у турме і асабістыя чалавечыя вартасці Тарашкевіча спрыялі таму, што ён выклікаў не толькі спачуванне, але і розныя груп

Луцкевіч Антон. Тарашкевіч і Аляхновіч

7 снежня гэтага года на польска-савецкай мяжы Браніслаў Тарашкевіч, шматгадовы палітычны вязень у Польшчы, быў абменены на савецкага вязня, знанага ў Вільні беларускага літаратара Францішка Аляхновіча. Як падае прэса, перамовы паміж польскімі і савецкімі ўладамі па гэтай справе вяліся на працягу 5 месяцаў.

Абмен Тарашкевіча ні для кога не быў неспадзянкай і верагодна пра яго знаў і сам вязень. Пасля суду можна было падаваць апеляцыі аб невінаватасці, але ён гэтага не рабіў. Лічылася, што Тарашкевіча чакае такі ж самы лёс, як і ўсіх былых беларускіх паслоў.

Такім чынам, да шматлікай групы былых беларускіх парламентарыяў, якія пакінулі няўдзячнае палітычнае поле Польшчы, дадаўся яшчэ адзін дзеяч, гэтым разам самы таленавіты і папулярны. Хоць палітычнае крэда Тарашкевіча можа выклікаць вялікую засцярогу, аднак шматгадовы тэрмін у турме і асабістыя чалавечыя вартасці Тарашкевіча спрыялі таму, што ён выклікаў не толькі спачуванне, але і розныя групы палітыкаў жадалі бачыць у сваім коле такую неардынарную асобу. Нядаўна з'явілася агрэсіўная брашура, якая характарызавала Тарашкевіча, як закончанага камуніста. Аднак, здаецца, супраць пажаданням аўтара, гэтая брашура палегчыла Тарашкевічу выезд да Саветаў. Гэта быў адзіны эфект ад яе.

Дарога, якую прайшоў у сваёй палітычнай дзейнасці Тарашкевіч, вельмі павучальная. Ад няўдалых спробаў супольнай працы з палякамі, барацьбы ў апазіцыі ён пераходзіць да пераканання, што марксізм у інтэрпрэтацыі Леніна ёсць адзінай дактрынай, здольнай змяніць і ўдасканаліць свет. Не будзем разбірацца з тым, ці ішоў Тарашкевіч па правільнай дарозе, варта падкрэсліць, што яго паступовая метамарфоза не ёсць адзінкавым фактам сярод беларускіх дзеячаў у межах Польшчы. Дзякуючы нацыянальнай палітыцы ў нас, дарога Тарашкевіча ўсё больш становіцца папулярным гасцінцам для беларуса. Менавіта палітыка прывяла Тарашкевіча з лагера радыкальных паланафілаў у лагер верных паслядоўнікаў камуністычнай дактрыны. Эвалюцыя цягнулася шэраг гадоў і, як можна меркаваць з прамоваў Тарашкевіча у судзе, ёсць прадуктам яго глыбокіх роздумаў і пошукаў вырашэння грамадскіх праблем. Таму не трэба казаць, што Тарашкевіч быў не ў згодзе з самім сабой, прыняў модную зараз ідэалогію для кар'еры. А выезд Тарашкевіча толькі пацвердзіў факты, якія да гэтага маглі лічыцца домысламі ці дапушчэннямі.

Наколькі выезд Тарашкевіча нікога не здзівіў, настолькі яго абмен на Аляхновіча ўсіх шакіраваў. Якая іронія лёсу! Даўнія старыя сябры сталі каля памежных слупоў, як прадстаўнікі варожых палітычны накірункаў [1]. І абодва адначасова атрымалі свабоду пасля шматгадовай вязніцы [2] ...

Апошнім часам, мы прызвычаіліся бачыць на месцы Аляхновіча арыштаваных ксяндзоў, польскіх патрыётаў і дзеячаў. Першы раз вяртаецца гэтай дарогай беларус. Без сумнення цяжкім быў лёс Аляхновіча на Салавецкіх выспах, і не дзівіць тое, што імкнуўся ён уратавацца з таго пекла і любым коштам вярнуцца ў родную Вільню. Аднак, у мясцовых беларускіх колах яго вяртанне выклікала шматлікія каментары.

Аляхновіч ніколі не быў палітыкам. Гэта тыповы літаратар, які нават у сваіх творах не кранаўся палітыкі. З-за нейкага выпадку ці непаразумення прыклеілі яму ў Саветах этыкетку палітыка, а пасля абмену праз згоду польскага ўраду на Тарашкевіча, гэтая этыкетка яшчэ мацней і назаўсёды да яго прыстала.

Да беларускага грамадства прыбыла новая сіла, якую можна будзе выкарыстаць для культурнай працы на карысць беларускага тэатру. Аднак гэта праца магла б развівацца толькі ў тым выпадку, калі з урадавых сфераў замест задавальнення ад кідання няшчасных крошак "дзеля адчэпнага", згадзіліся б на вялікую і шырокую дапамогу культурнай працы ў беларускай вёсцы на роднай мове. Але пра гэта не можна і марыць.

Зразумела, што Аляхновіч ведаў пра цяжкія ўмовы працы ў родны краі, і тое што застаў тут, не было для яго неспадзяваным [3].

S-wicz. Taraszkiewicz - Alechnowicz // Pregląd Wileński. № 15-16, 19 grudnia 1933. S. 8-9. (S-wicz. - псеўданім Антона Луцкевіча.)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

[1] Кажуць, што сустрэўшыся на памежным мастку, яны прыўзнялі капелюшы, і Аляхновіч, скрушна прамовіў: "Куды ты, Бронюсь, ідзеш?" - Л. Л.

[2] 8 студзеня 1938 г. Тарашкевіч быў прыгавораны да расстрэлу. Пад нечалавечымі катаваннямі падпісаў даносы на 249 (!) чалавек. Даследчык Леанід Маракоў выказваў меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч не быў расстраляны, а загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. - Л. Л.

[3] Францішак Аляхновіч быў забіты ў Вільні ў сваёй кватэры 3 сакавіка 1944 г. Хто яго забіў - чырвоныя партызаны ці АК, невядома да нашага часу. Але перад забойствам Аляхновіч, як рэактар газеты "Беларускі голас" пачаў друкаваць спісы беларусаў, забітых АК-аўцамі ў Лідскім павеце. - Л. Л.