Нехта з цемры аддаў мікрафон і падаў мне руку. Раз прыступка, другая, трэцяя... Божа, які няўстойлівы абцас, і навошта я надзела гэтыя туфлі. Бачу налеплены на падлозе сцэны ружовы квадрацік – месца, дзе трэба стаць. Накіроўваюся туды і раптам разумею: не памятаю пачатак песні.
Для кастынгу выбрала няпростую, але вельмі прыгожую кампазіцыю «Белая ластаўка».
Здаецца, ішла да гэтага квадраціка цэлую вечнасць і спрабавала выцягнуць з памяці тэкст першага куплета сваёй падрыхтаванай «Белай ластаўкі», якую ў арыгінале спявае Алена Ланская.
У гэты момант адчувала сябе ў знаёмай многім кампазіцыі «Город, которого нет». Там гучаць у прыпеве словы: «Мне до него последний шаг, и этот шаг длиннее жизни...». Крокі да ружовага квадрата сапраўды былі даўжэйшымі, чым мае 24 гады.
Адзін дзень, два куміры
Кастынг на народнае вакальнае шоу «Звездный путь» арганізаваны такім чынам: пяць прадзюсараў, сярод якіх Ірына Дарафеева, Жанет, Андрэй Гузель, Яўгеній Алейнік і Валерый Шмат, набіраюць па ўсёй краіне каманды. Кожны з настаўнікаў прыязджае ў горад для адбору і адзін дзень праслухоўвае жадаючых. Каб патрапіць сюды, неабходна быць паўналетнім членам прафсаюза і не мець спецыяльнай музычнай адукацыі.
Доўга разважаць, да якога менавіта прадзюсара я пайду, не прыйшлося: выбар паў на Валерыя Шмата – заслужанага артыста Беларусі, кампазітара, спевака, арганіста і лідэра арт-групы «Беларусы». Цікава, што з творчасцю музыканта я пазнаёмілася, калі сачыла ў інтэрнэце за ягонай жонкай – пісьменніцай, дырэктарам і прадзюсарам арт-групы Алесяй Кузняцовай. Яна таксама была ў складзе журы на кастынгу. Атрымліваецца, у дзень адбору я сустрэла адразу двух сваіх куміраў, якія, дарэчы, сёлета адзна-чылі сярэбранае вяселле.
Добры бабайка з падполля
Праслухоўванне праходзіла на базе Дома прафсаюзаў, дзе жадаючых патрапіць у каманду да Валерыя Шмата было 78 – аматары спеваў прыехалі з розных куткоў рэгіёна, удзельнічалі нават сем’ямі.
Прызнаюся, крыху спачувала тым, хто працуе ў гэтым будынку, бо распяваліся мы ўсюды: у асобным пакоі, які нам вылучылі ў якасці грымёркі, на калідорах і нават у прыбіральні. Адзіным месцам адноснай цішыні заставаўся хол: там арганізатары папрасілі не спяваць, каб проста не перашкаджаць адзін аднаму.
Перажываючы за супрацоўнiкаў Дома прафсаюзаў, якiх мы, па маiх адчуваннях, адцягвалі ад работы, я хацела спусцiцца ў падвальнае памяшканне: туды якраз былi прыадчынены дзверы. Паралельна, вядома, напявала. Трэба добра патрэніравацца, таму што акрамя падрыхтаванай песні прадзюсар просіць выканаць што-небудзь яшчэ а капэла. Акуратна спускаюся ў падвал, перабіраючы рэпертуар Алены Ваенгі, углядаюся ў цемру, каб праверыць, ці ёсць там хто жывы, як раптоўна, незразумела адкуль пачуўся мужчынскі голас: «Класны вакал». Шчыра кажучы, я так і не ўбачыла, хто гэта сказаў. І ад збянтэжанасці рванула ўверх па лесвіцы, стукаючы абцасамі. Толькі крыкнула ў цемру «дзякуй». Калі б усе бабайкі былі такімі прыветлівымі, я б не баялася іх у дзяцінстве.
Страшэннае «Цудоўнае далёка»
Акрамя бабайкі з падвала мяне і некаторых удзельнікаў напалохала яшчэ нешта. Гэтае нешта – звычайная песня з нашага дзяцінства, знаёмае кожнаму «Цудоўнае далёка». Нам пачулася, што прадзюсар папрасіў адну з канкурсантак праспяваць яе. А кампазіцыя вельмі цяжкая (гэта пацвердзіў мой педагог). Замест рэпетыцыі ўласных песень, мы разам кінуліся напяваць «Цудоўнае далёка». Дарэчы, нікому з нас трох больш яно не спатрэбілася. Правільна казаў Валерый Шмат у пачатку: не слухайце, як выступаюць іншыя, гэта збівае. Затое мы ўдосталь нажартаваліся, што цудоўнае далёка ў некаторых выпадках не такое ўжо і цудоўнае.
І, вядома, было прыемна праспяваць з кімсьці разам, хто разумее тваё хваляванне і хто такі ж аматар як ты. Адно з самых цудоўных уражанняў, якія падарыў мне кастынг, – магчымасць апынуцца сярод сваіх. Гэта месца, дзе перастаеш саромецца, што ты чагосьці не ўмееш.
Іншая найважнейшая рэч – погляд прафесіянала.
Убачыць гук і сказаць дзякуй
І вось я ўсё-такі дайшла да ружовага квадраціка на сцэне. Паралельна здзівілася, што відэакамера не такая вялікая, як я сабе ўяўляла. Прывіталася з журы, прадставілася і... праслухала першае пытанне.
Аказалася, каб разрадзіць атмасферу, Валерый Шмат пацікавіўся, якіх знакамітых цёзак – Лізавет – я ведаю. Успомніла дзвюх каралеў Вялікабрытаніі, але забыла пра Расійскую імперыю і імператрыцу Лізавету Пятроўну.
Зайграла музыка, на аўтамаце я ўсё ж такі ўспомніла пачатак першага куплета: спяваю і чамусьці не разумею як. Па нотах? Вышэй чым трэба? Ці ніжэй? У гэты час Алеся Кузняцова пачала паказваць Валерыю Шмату нешта ў маёй анкеце. Я ўжо зусім было напружылася. Калі музыка праз куплет спынілася, настаўнік сказаў:
– У вас у анкеце напісана: «Да 18 гадоў акружаючые казалі, што музычнага слыху няма». Дык вось, не ведаю, хто менавіта гэта казаў, але не слухайце, спелі вы чыста.
Пасля гэтых слоў я, здаецца, не чула ўжо нічога. Будучы чалавекам, які большую частку жыцця лічыў, што яму мядзведзь на вуха наступіў, пачуць такія словы ад прафесіянала, нешта з разраду фантастыкі. Ёсць праблема ў мяне ў іншым – у непастаўленым дыханні дыяфрагмай.
Валерый Сяргеевіч паказаў на практыцы як гэта рабіць. Я слухала і ківала. Нават калі ён задаў рытарычнае пытанне «Мы можам убачыць гук?», я ўсё роўна ківала. Ён, вядома, здзівіўся. Вось што робіць з людзьмі яе вялікасць сцэна. Слоў песні не памятаю, Лізавет не памятаю, затое гук бачу. На самай справе, дыхаць дыяфрагмай мяне вучылі і на факультэце журналістыкі, і ў чатырох тэатральных гуртках, дзе я займалася, і ў трох вакальных студыях. А як выйдзеш на сцэну – усё роўна што белы ліст.
Насамрэч, за гэтыя дзесяць хвілін Валерый Шмат зрабіў для мяне значна больш, чым можа падацца на першы погляд. У гэты дзень я ўваходзіла ў Дом прафсаюзаў як чалавек, які сумняваецца ў тым, ці варта яму ўвогуле займацца вакалам, а выйшла – з афіцыйным дазволам гучаць.
Аказалася, тры словы ад мужчыны, якія могуць ашчаслівіць дзяўчыну, гэта не заўсёды «Я цябе кахаю» ці «Выходзь за мяне». Часам яны гучаць як «Спявайце, гэта ваша».
P. S. Працяг чытайце ў наступным годзе, калі стартуе новы кастынг праекту, а я пакуль пайшла працаваць над дыханнем.
Автор Елизавета Орлова, фото Александра Горбачева