Добавить в корзинуПозвонить
Найти в Дзене

Не гераічна, а жыццёва

Калі мы гаворым пра вайну, у нашай свядомасці ўсплываюць бітвы, штабы, генералы, лічбы страт. Але ёсць іншая вайна – напрыклад, тая, што засталася ў памяці зусім малога хлопчыка, які не ўмеў адрозніваць людзей па ваенных званнях, але ўжо ведаў, як падаць сігнал, калі ўбачыш немцаў. Франак і Ясь Падмосткі. Гледзячы на гэта пасляваеннае фота, мой тата заўсёды смяяўся: «Але ж і адзежа ў нас была. Я вырас з усіх сваіх штаноў. Стаю, як у брыджах. А што было насіць? Іншых жа не меў». Нарадзіўся мой тата, ­Францішак ПАДМОСТКА, у 1937-м, у Вуглянах. Больш за тры гады таму ён пайшоў у іншы свет, але ў свой час я  паспела запісаць  на дыктафон ўспаміны пра яго жыццё ў розны час. Ёсць сярод іх жывое  сведчанне таго, як вайна сказіла само паняцце дзяцінства…. «Сям’я наша была простая, небагатая. Бацькі з ранку да ночы – у рабоце, а мая галоўная нянька – старэйшы на пяць гадоў брат Ясь. Часта ён  быў маёй другой маці, пакуль не прыйшла тая, каго ніводнае дзіця не павінна ­бачыць – вайна», – гучыць

Калі мы гаворым пра вайну, у нашай свядомасці ўсплываюць бітвы, штабы, генералы, лічбы страт. Але ёсць іншая вайна – напрыклад, тая, што засталася ў памяці зусім малога хлопчыка, які не ўмеў адрозніваць людзей па ваенных званнях, але ўжо ведаў, як падаць сігнал, калі ўбачыш немцаў.

Франак і Ясь Падмосткі. Гледзячы на гэта пасляваеннае фота, мой тата заўсёды смяяўся: «Але ж і адзежа ў нас была. Я вырас з усіх сваіх штаноў. Стаю, як у брыджах. А што было насіць? Іншых жа не меў».

Нарадзіўся мой тата, ­Францішак ПАДМОСТКА, у 1937-м, у Вуглянах. Больш за тры гады таму ён пайшоў у іншы свет, але ў свой час я  паспела запісаць  на дыктафон ўспаміны пра яго жыццё ў розны час. Ёсць сярод іх жывое  сведчанне таго, як вайна сказіла само паняцце дзяцінства….

«Сям’я наша была простая, небагатая. Бацькі з ранку да ночы – у рабоце, а мая галоўная нянька – старэйшы на пяць гадоў брат Ясь. Часта ён  быў маёй другой маці, пакуль не прыйшла тая, каго ніводнае дзіця не павінна ­бачыць – вайна», – гучыць голас з дыктафона.

Вайна ўварвалася ў свет дзіцяці не гарматамі, а прыгажосцю: «Памятаю, як позна вечарам усё неба на ўсходзе заззяла. Ляцелі нямецкія самалёты на Маладзечна, а агеньчыкі на іх пераліваліся рознымі колерамі. Людзі павыхо­дзілі на вуліцу, «любаваліся феерверкам»… Праз пяць дзён немцы прыйшлі да нас. Такія шэрыя, з аўтаматамі. Прабылі нядоўга – спяшаліся на фронт».

Пазней у лесе паблізу суседніх вёсак Хаўсты, Ягаднае і Ардзяя з’явіліся партызаны. У Войстаме стаяў нямецкі гарнізон.

Самае дзіўнае, што сапраўднымі героямі бацькавага дзяцінства сталі не казачныя персанажы, а маладыя хлопцы на чорных конях: «У 1943 годзе да нас на хутар прыехалі  партызаны з Віцебшчыны. Памятаю двух разведчыкаў: Мішу і Грышу. У чорных скураных куртках і шапках. Залезлі на гарышча, адтуль з дапамогай бінокляў пачалі выглядаць немцаў. Але лес за Вуглянамі закрываў агляд. Міша і Грыша паклікалі мяне і Ваню: «Хлопцы, бярыце кошыкі, ідзіце, быццам «па грыбы». Глядзіце ўважліва, як убачыце немца – тут жа бяжыце да нас».

І мы хадзілі ў такую разведку разоў з восем. Бывала, сядзелі ў кустах па дзве, па тры гадзіны. Трасешся, як заяц: убачыш ці не? Сэрца так калоціцца, што здаецца, немцы за вярсту пачуюць. Калі бачылі кагосьці з іх – беглі з усіх ног, каб пра гэта паведаміць разведчыкам. Калі не – спакойна вярталіся дадому».

У сорак чацвёртым галаву сям’і забралі на вайну. «Як мы плакалі па бацьку! Так шкадавалі! З ім мы яшчэ паспелі жыта зжаць, гарох і грэчку сабраць. А бульбу ўжо капалі без яго. Восень тады надзвычай мокрая была. Гразь да кошыкаў ліпла так, што адной рукой кош было не падняць.

Потым давялося араць. Аралі ўтраіх: я каня вадзіў, а маці з Ванем – па чарзе за плугам ішлі. Конь пройдзе – у баразне вада стаіць. Цэлымі днямі аралі. Бывала, так мне надакучыць гэта работа – кідаю лейцы і наўцёкі. Маці даганяла, давала кухталёў, і я зноў вяртаўся да каня», – гэты момант у бацькавым аповедзе мне здаваўся найбольш эмацыйным. Хоць і вайна, але дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі: яны стамляюцца, ­плачуць, бунтуюць. Але хутка разумеюць, што бунт не дапамагае ў працы, што бульба і жыта – гэта жыццё…

Пасля капання бульбы падымалі зябліва. Адну баразну «наразала» маці, другую – Іван. Франак каня туды-сюды вадзіў. Пасля жыта сеялі. І яно на наступны год так урадзіла! Зямля быццам адчувала, што малыя рукі яе краналі, старалася аддзячыць.

Але самае вялікае шчасце здарылася, калі бацька вярнуўся з вайны. «Зайшоў у хату – і мы ўсе кінуліся да яго, так абдымаліся, што ніхто не мог слова ­выгаварыць. І праз столькі гадоў ад гэтага ўспаміну – камяк у горле», – адзначыў тата.

Не пра гераічныя подзвігі, не пра буйныя бітвы бацькавы ўспаміны. Яны пра тое, што людзі, якія засталі вайну дзецьмі, назаўсёды захавалі ў сабе здольнасць жыць насуперак. Яны не сталі дарослымі занадта рана – яны перасталі быць дзецьмі, калі гэтага запатрабавалі абставіны. Такія дзіцячыя гісторыі не даюць нам забыць, якую цану заплацілі нашы продкі за сённяшняе мірнае неба.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва аўтара