У гэтыя дні не працавалі і нават не палілі ў печы. Групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу. У сераду святкаванне працягвалася. Дзень меў дзве назвы: Людаў дзень і Градавая серада. Апранутыя ў новае адзенне дзеці і падлеткі гулялі ў біткі і качалі яйкі з лубкоў. Каб лён рос доўгім, гушкаліся на арэлях. Дарослыя не працавалі, асцерагаючыся, каб летам поле не пабіў град. У некаторай мясцовасці гналі зіму, кідаючы на ваду шкарлупіны з яек, і спявалі: "Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела".