Найти в Дзене

Горкі смак нямецкіх цукерак

Яна памятае смак вайны. I ён зусім не падобны да аладак з лебяды, супу з крапівы  ці хлеба з жалудамі – так, здаецца, павінна пахнуць гора. Не. Вайна на смак – як цукерка. Салодкая, чужынская, зневажальная. Тая, што даюць і тут жа адбіраюць пад грукат гармонікаў і варожы рогат. І пасля чаго застаецца сорам, які не змыць ні вадой з калодзежа, ні часам – ён застаецца з табой на ўсё жыццё. Леанарда АЛЯШЭВІЧ нарадзілася на Пастаўшчыне, у вёсцы Сяргеевічы. Там, дзе першыя кроплі вайны ўпалі на зямлю разам з крывёю аднавяскоўцаў, яшчэ ў чэрвені 1941-га. «Навошта? І за што?» «Мне ішоў чацвёрты год, калі немцы ўварваліся ў нашу вёску. Гэта было 29 чэрвеня 1941 года. Пачулася страляніна. Мама, ведаючы жахі з Першай сусветнай вайны, загадала нам, дзецям, не высоўвацца ў вокны. Стральба заціхла на нашай вуліцы і пачалася ў іншым канцы вёскі, па суседстве з домам бабулі і цётак, маміных сясцёр, – успамінае суразмоўца. – З суседняга ад іх двара выбег Фэлька Матошка і, убачыўшы немцаў, кінуўся да ба

Яна памятае смак вайны. I ён зусім не падобны да аладак з лебяды, супу з крапівы  ці хлеба з жалудамі – так, здаецца, павінна пахнуць гора. Не. Вайна на смак – як цукерка. Салодкая, чужынская, зневажальная. Тая, што даюць і тут жа адбіраюць пад грукат гармонікаў і варожы рогат. І пасля чаго застаецца сорам, які не змыць ні вадой з калодзежа, ні часам – ён застаецца з табой на ўсё жыццё.

Леанарда АЛЯШЭВІЧ нарадзілася на Пастаўшчыне, у вёсцы Сяргеевічы. Там, дзе першыя кроплі вайны ўпалі на зямлю разам з крывёю аднавяскоўцаў, яшчэ ў чэрвені 1941-га.

«Навошта? І за што?»

«Мне ішоў чацвёрты год, калі немцы ўварваліся ў нашу вёску. Гэта было 29 чэрвеня 1941 года. Пачулася страляніна. Мама, ведаючы жахі з Першай сусветнай вайны, загадала нам, дзецям, не высоўвацца ў вокны. Стральба заціхла на нашай вуліцы і пачалася ў іншым канцы вёскі, па суседстве з домам бабулі і цётак, маміных сясцёр, – успамінае суразмоўца. – З суседняга ад іх двара выбег Фэлька Матошка і, убачыўшы немцаў, кінуўся да балота. Бег зігзагамі, то прыпадаючы да зямлі, то падскокваючы, каб засцерагчыся ад куль. Перад вайной ён служыў у польскім войску, таму ведаў спосабы абароны, але не дапамаглі: упаў не дабегшы. Ён першы з вяскоўцаў адчуў на сабе прыход ворага. Пасля будуць і наступныя: адны не вернуцца з фронту, другія прыйдуць параненыя і кантужаныя».

Вайна на смак для нашай гераіні – як пякуча-салодкая цукерка ад немца. Пра гэта жанчына расказвае так: «У нашым двары была (ёсць і цяпер) глыбокая з чыстай халоднай вадой студня. Каля яго на вуліцы, аблюбавалі сабе стаянку немцы. Яны смажылі яйкі, елі жабіны кумпячкі, пілі каву, мыліся і гралі на губных гармоніках. Аднойчы, стоячы ў кузаве машыны, немец паклікаў нас з сяброўкай і працягнуў дзве даўгаватыя цукеркі ў разгорнутай паперцы…».

Леанарда і яе сяброўка пацягнуліся – як цягнуцца ўсе дзеці за салодкім, забываючыся пра асцярожнасць. Але рука з цукеркамі паднялася ўверх, а вушы разанула ржанне. Дзікае, статкавае, зневажальнае. «Навошта? І за што?» – гэтыя пытанні ўеліся ў дзіцячую душу вастрэй, чым цукровая гарката падману. Леанарда Амброжаўна прызнаецца: здаецца, яна і цяпер адчувае той пякучы сорам. А смак цукеркі і дагэтуль, нават праз восем дзесяцігоддзяў, немагчыма нічым вытруціць.

А потым быў бізун каменданта Гіка, які замахнуўся на маму Леанарды, калі тая ратавала сямейную карміцельку – карову Гарбалыску. Следам выстраліў нямецкі салдат. На шчасце, куля прайшла міма. Леанарда з мамай упалі ў снег. «Гарнізон стаяў у Дунілавічах, за сем кіламетраў, але немцы часта зазіралі ў нашу вёску. Мужчын з коньмі гналі ў падводы, збіралі прадукты, забіралі хатнюю жывёлу. Салдат вывеў з двара нашу карову, прывязаў да саней у абозе на вуліцы – так мы засталіся без малака», – уздыхае суразмоўца.

На востраве выратавання

Леанарда Амброжаўна прыпомніла, як немцы сілком прымушалі дарослых працаваць на будаўніцтве вузкакалейкі ў Будславе. Сярод вязняў аказаліся бацька і сястра сяброўкі Лёдзі. Была позняя восень, людзі працавалі на марозе, спалі на яловых лапах у халодных бараках. Сястра Эдзя вярнулася дадому і хутка памерла ад сухотаў. «Вярнулася», – такое светлае слова для такога чорнага зыходу…

У сорак трэцім на Пастаўшчыне палілі вёскі адну за адной, а моладзь прымусова вывозілі ў Германію. Летам жыхары Сяргеевічаў уцякалі на Круглую ніву – на поле, якое знаходзілася пасярод балоцістага лесу. Грузілі на вазы маёмасць, ежу і выязджалі за балота. Круглая ніва стала для вяскоўцаў востравам выратавання.

«На паляне людзі ставілі ў круг вазы з паднятымі аглоблямі, нібы агароджвалі поле, у цэнтры пасвіліся коні і каровы. Каля вазоў палілі вогнішчы, гатавалі ежу, там жа размяшчаліся і ноччу. Нам, дзецям, нават падабалася такое лагернае жыццё: побач былі нашы родныя і шмат сяброў-аднагодак. Толькі нясцерпна даставалі камары, а за лесам грымела і грукатала, неба чырванела: гарэлі вёскі. Вецер даносіў пах гары і шматкі сажы ад спаленых стрэх, – горкі ўспамін шчыміць душу суразмоўцы. – Калі ўсё супакоілася, вярнуліся дадому. На шчасце, наша вёска не згарэла, усё было цэлае ў дамах. У канцы вуліцы ўбачылі свежую магілу з шыльдачкай, што тут пахаваны пяць савецкіх салдат. Мужчыны абгарадзілі магілку, і мы насілі «байцам» букеты палявых кветак. Пасля вайны астанкі салдат перахавалі ў раённым цэнтры».

Каштоўнасць не ў тым, што нажылі, а ў тым, што перажылі

«Улетку сорак чацвёртага прыйшло вызваленне, і пачалася мабілізацыя ў Заходняй Беларусі. Мая бабуля адпраўляла на вайну адначасова дваіх сыноў, дваіх зяцёў і шматлікіх пляменнікаў. Памерла, не дачакаўшыся сыноў… Пад канец ліпеня 1944 вярнуўся дадому наш тата, тады яму споўнілася 50 гадоў. Адзіны мужчына на сем сем’яў радні. Штораніцы да нас прыходзілі цёткі і стрыечныя сёстры: трэба было касіць траву, араць зямлю, сеяць азімыя – у кожнага была свая зямля. Бацька ўсім кляпаў косы, вучыў касіць, араць, баранаваць», – зазначае Леанарда Амброжаўна.

А вось сеяць нікому не давяраў. «Не жаночая гэта справа хадзіць па полі з сявенькай», – казаў ён строга. І сам абыходзіў надзелы, раскідваючы зярняты ў яшчэ не астылую ад вайны зямлю. Так з’явіўся «Салаўіны калгас» – людзі назвалі агульную гаспадарку па сямейным прозвішчы Салавей. Форма гаспадаркі, прыдуманая самім выжываннем.

Школа за вайну была разбіта, але настаўніца-ленінградка Марыя Барысава зберагла галоўнае – кнігі. Некалькі томікаў раздала вучням. Леанарда, дзякуючы старэйшым сёстрам, навучылася чытаць па-руску і па-беларуску, а па-польску навучыла мама – па малітоўніках. Потым дзяўчынка перачытала ўсё, што было ў хаце. Завучвала на памяць. Без розніцы, на якой мове – словы самі клаліся ў памяць, як зярняты ў бацькоўскую сеянку.

Калі ў вёску заходзілі партызаны, прасілі перакусіць, маленькую Леанарду ставілі на табурэтку. І яна «выступала» – чытала вершы на трох мовах, выклікаючы смех і ўхвалу стомленых, няголеных людзей, якія пахлі порахам. Яны смяяліся.

«У першы клас пайшла ў 1946 годзе, і праблем з вучобай не мела. Цяжэй было ў іншым: ні апрануць, ні абуць няма чаго. Даношвала тое, што засталося ад сясцёр. Мама перашывала са старога, даматканага. У школе было холадна (стары будынак), замярзалі вада і чарніла... З’явіліся хваробы... Але, дзякуй Богу, перажылі і гэта. Галоўнае, што жыццё пачалося без вайны”, – падвяла рыску пад нашай размовай гераіня.

Леанарда Амброжаўна – сведка эпохі. Сваю памяць перадае далей нашчадкам. Яна не вучыць жыць. Яна проста расказвае – як было. А мы слухаем і разумеем: вось яна, сапраўдная каштоўнасць, не ў тым, што нажылі, а ў тым, што перажылі.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Теги: общество эхо военного детства