Найти в Дзене

Кушлянскі код Багушэвіча: месца, дзе хочацца гаварыць па-беларуску

У Кушлянах, сярод старажытных інтэр’ераў шляхецкай сядзібы і ценяў векавых дрэў, час цячэ інакш. Тут не проста захоўваюць памяць. Яна тут ажывае. Для многіх наведвальнікаў музей-сядзіба Францішка Багушэвіча – месца сілы беларускага слова. Тут ёсць аўтэнтычная сядзіба, стары парк, абора з сельскагаспадарчымі прыладамі, камень Мацея Бурачка, цішыня і адчуванне, што Францішак проста выйшаў на хвіліну і вось-вось вернецца… «Сюды едуць не за фактамі з падручніка, а «за беларускай мовай». Менавіта так кажуць наведвальнікі, і для нас гэта лепшы камплімент», – усміхаецца Алена ­Ермалаева, загадчыца музея-сядзібы Францішка Багушэвіча. За 2025 год установу наведалі 2 з паловай ­тысячы чалавек. Ці многа гэта? Для маленькіх Кушлянаў – нямала. І галоўнае: наведвальнікі – не выпадковыя людзі. Яны едуць з усёй Беларусі, большасць з іх – дасведчаныя слухачы. Многія ведаюць пра гісторыю сям’і Францішка Багушэвіча, яго творчую спадчыну, самі добра размаўляюць па-беларуску і просяць праводзіць экскурсі

У Кушлянах, сярод старажытных інтэр’ераў шляхецкай сядзібы і ценяў векавых дрэў, час цячэ інакш. Тут не проста захоўваюць памяць. Яна тут ажывае. Для многіх наведвальнікаў музей-сядзіба Францішка Багушэвіча – месца сілы беларускага слова.

Тут ёсць аўтэнтычная сядзіба, стары парк, абора з сельскагаспадарчымі прыладамі, камень Мацея Бурачка, цішыня і адчуванне, што Францішак проста выйшаў на хвіліну і вось-вось вернецца…

-2
-3
-4
-5
-6
-7
-8

«Сюды едуць не за фактамі з падручніка, а «за беларускай мовай». Менавіта так кажуць наведвальнікі, і для нас гэта лепшы камплімент», – усміхаецца Алена ­Ермалаева, загадчыца музея-сядзібы Францішка Багушэвіча.

За 2025 год установу наведалі 2 з паловай ­тысячы чалавек. Ці многа гэта? Для маленькіх Кушлянаў – нямала. І галоўнае: наведвальнікі – не выпадковыя людзі. Яны едуць з усёй Беларусі, большасць з іх – дасведчаныя слухачы. Многія ведаюць пра гісторыю сям’і Францішка Багушэвіча, яго творчую спадчыну, самі добра размаўляюць па-беларуску і просяць праводзіць экскурсіі на беларускай мове. Нават турысты з Расіі, апынуўшыся ў Кушлянах, жадаюць чуць аўтэнтычную гаворку, якую калісьці прапагандаваў сам Францішак Багушэвіч. «Са 150 экскурсій, што мы правялі летась, толькі тры ці чатыры – на рускай мове», – удакладняе Алена Чаславаўна.

Музей сёння – жывы арганізм. Неўзабаве пацяплее – і сядзібу пачнуць ажыўляць ракатанне матацыклаў і сцішаны звон веласіпедаў. Сюды прыязджаюць сем’ямі, вяртаюцца зноў і прывозяць сяброў. Прыязджаюць тыя, хто святкуе дні нараджэння не ў кафэ, а сярод гісторыі.

Тут усё сапраўднае. Дом, дзе дошкі памятаюць дотык паэта. Стол, за якім ён ствараў паэтычныя творы. Каплічка, якая бачыла яго самотныя раніцы. І нават мясцовая котачка Ася, якая ўжо даўно стала неафіцыйным экскурсаводам, сустракае гасцей ля парога.

-9
-10

Аднак загадчыца музея марыць пра большае: каб ­сюды часцей прыязджалі юныя наведвальнікі. «У нас мала бывае дзяцей нават са Смаргоншчыны (калі не лічыць Сольскую школу), часцей сустрэнеш з Мінска ці з Ліды, – кажа суразмоўца. – Да таго ж у Кушлянах неймаверна жывапісныя месцы. Такія краявіды просяцца на палотны, а святло і цені сярод гэтых дрэў проста створаны для пэндзля, таму з задавальненнем прапаноўваю школам мастацтваў праводзіць у нас плэнэры для юных мастакоў».

Алена Чаславаўна адзначыла, што ў планах музея – арганізоўваць і перасоўныя выставы. А ўжо ў сакавіку – выйсці за свае фізічныя межы: тут можна будзе замовіць выязную лекцыю з прэзентацыяй. У жніўні адбудзецца традыцыйны «Кушлянскі фэст».

-11
-12
-13
-14
-15
-16

Вецер у старым парку ўсё шуміць тымі самымі дрэвамі, што памятаюць Францішка Багушэвіча. Здаецца, вось-вось рыпнуць дзверы сядзібы – і на ганак выйдзе чалавек, які падарыў нам «Дудку беларускую» і «Смык беларускі»… Але ж Ён ужо тут: у кожным слове, якое гучыць па-беларуску, у вачах тых, хто прыехаў за жывой мовай за сотні кіламетраў. І пакуль у Кушляны едуць людзі – памяць пра паэта працягвае жыць.

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Теги: общество сельсовет Сольский сельсовет музей