Найти в Дзене
Новости Витебска

Стрэчанне. Як я прыйшла да Бога

Сёння свята — Стрэчанне Гасподне. Стрэчанне азначае "сустрэча". Мая сустрэча з Богам адбылася 19 гадоў таму. Ужо 19 гадоў мяне магло б не быць на гэтым свеце. Але ж я жыву. Дзякуючы Богу. Сёння мне прыйшла думка: каб хоць неяк аддзячыць яму, я павінна сведчыць пра ягоную дапамогу. Я расла ў няверуючай сям'і. Была далёкай ад храма. Вернікаў не асуджала, але глядзела на іх, як на дзівакоў. Ахрысцілася ў 33 гады. Па просьбе мужа. Ён, у адрозненні ад мяне, вернік з дзяцінства. Дзякуючы яму ў кватэры, якую мы тады здымалі, з'явілася ікона. Першая ў маім жыцці. Бог прывёў мяне да сябе праз хваробу. Не хачу ўдарацца ў медычныя падрабязнасці. Скажу проста: у мяне была пухліна. 15 лютага 2007 года, на Стрэчанне, я пайшла да ўрача. Ён дыягнаставаў сур'ёзнае захворванне. Навіна агаломшыла мяне. Той візіт да доктара запусціў шэраг падзей, якія і прывялі мяне да царквы. Муж шмат маліўся за мяне. Саблюдаў строгі пост. Лічы, жыў на хлебе і вадзе. І пухліна зменшылася! Урачы былі ў шоку. Яны не ведалі
Фота: асабісты архіў
Фота: асабісты архіў

Сёння свята — Стрэчанне Гасподне. Стрэчанне азначае "сустрэча".

Мая сустрэча з Богам адбылася 19 гадоў таму.

Ужо 19 гадоў мяне магло б не быць на гэтым свеце. Але ж я жыву. Дзякуючы Богу. Сёння мне прыйшла думка: каб хоць неяк аддзячыць яму, я павінна сведчыць пра ягоную дапамогу.

Я расла ў няверуючай сям'і. Была далёкай ад храма. Вернікаў не асуджала, але глядзела на іх, як на дзівакоў. Ахрысцілася ў 33 гады. Па просьбе мужа. Ён, у адрозненні ад мяне, вернік з дзяцінства. Дзякуючы яму ў кватэры, якую мы тады здымалі, з'явілася ікона. Першая ў маім жыцці.

Бог прывёў мяне да сябе праз хваробу. Не хачу ўдарацца ў медычныя падрабязнасці. Скажу проста: у мяне была пухліна.

15 лютага 2007 года, на Стрэчанне, я пайшла да ўрача. Ён дыягнаставаў сур'ёзнае захворванне. Навіна агаломшыла мяне. Той візіт да доктара запусціў шэраг падзей, якія і прывялі мяне да царквы.

Муж шмат маліўся за мяне. Саблюдаў строгі пост. Лічы, жыў на хлебе і вадзе. І пухліна зменшылася! Урачы былі ў шоку. Яны не ведалі, як гэта патлумачыць. А я перастала глядзець на веруючага мужа, як на дзівака.

Аперацыю мне зрабілі 6 чэрвеня, у дзень памяці Еўфрасінні Полацкай. З таго часу гэта адна з маіх любімых святых.

Калі я апрытомнела ў рэанімацыі, хірург сказала:

— Благодарите Бога. Еще совсем чуть-чуть, и опухоль стала бы злокачественной.

Гэтыя словы я запомніла назаўжды.

Пасля выпіскі з бальніцы я хадзіла сагнуўшыся, памалу, і тое, толькі па кватэры. Як толькі адчула, што прайду хаця б кіламетр на вуліцы, пайшла ў царкву.

Гэта быў Свята-Георгіеўскі храм на Чарняхоўцы. Стаяла на службе, нічога ў ёй не разумела. Стаяла і плакала. Слёзы ліліся — і я не магла іх ніяк спыніць. Гэта пры тым, што я рэдка плачу. І вельмі не люблю, каб хто-небудзь бачыў мае слёзы. Нават блізкія людзі, а не тое, што чужыя.

З таго дня я стала хадзіць у храм. У хрэсныя хады. Пачала набываць іконы, кнігі на духоўную тэматыку. Кінула курыць — гэта прывычка стала мне дужа агіднай. Занялася спортам. Перагледзіла адносіны да людзей. Стала больш цярплівай да іх, не такой катэгарычнай у суджэннях, як раней.

За 19 гадоў было рознае. Сталела я — сталела і мая вера. Але і пытанняў да царквы было шмат. У 2019-2022 гадах перажыла глыбокі духоўны крызіс. Быў час, калі я моцна расчаравалася ў праваслаўі і наведвала грэка-каталіцкі храм. Там мне было ўтульна, добра, як дома. Але я не магла там хадзіць на прычасце. Штосьці стрымлівала мяне. У 2024 годзе, на свята Раства, вярнулася ў праваслаўе.

Я зусім не ўзорная верніца. Прапускаю нядзельныя службы. Рэдка трымаю пасты. Часта злуюся, лаюся, лянуюся, асуджаю іншых. Моцна замыкаюся ў сабе. Або наадварот, жыву душа наросхрыст. Хачу грошай, славы, прызнання. Жадаю ўва ўсім, што раблю, быць першай. Карацей, мне далёка да ідэала. І ніколі да яго нават не наблізіцца. Але я стараюся. І Бог мне ў гэтым дапамагае.

Акрамя ацалення ад хваробы, у маім жыцці было мноства прыкладаў яснай і жывой Божай прысутнасці. Кожная такая гісторыя цягне на апавяданне ці нарыс. Коратка распавяду толькі пра дапамогу Госпада падчас самых страшных выпрабаванняў лёсу.

Бог дапамог мне перажыць смерць мамы ў 2009 годзе. Бог ацаляў мае раны, калі я страціла любімую працу ў 2021 годзе. Бог даваў сілы ў 2022 годзе: падчас наймацнейшай куламесы. Бог не даў звар'яцець 14 студзеня 2025 года, калі я канчаткова зразумела: на прафесію ў мяне воўчы білет. Бог дапамагаў, калі доўгі час мяне не бралі на працу нікуды, нават прыбіральшчыцай і санітаркай.

Бог летась збярог мяне ад няправільных учынкаў на адной з прац, дзе мяне зневажалі і хейцілі. Я ўпотай плакала, малілася за гэтых людзей. Гэта проста цуд для майго характару. Бо ў маладосці я б білася з крыўдзіцелямі! Гэтыя людзі нават блізка не ведаюць, побач з якім агнём хадзілі і чаго пазбеглі і яны, і я дзякуючы Богу.

Цяжкасці не скончыліся. Сіл мала. Страху многа. Як сляпое кацяня, я тычуся туды-сюды, каб вырашаць праблемы. Штосьці атрымліваецца, штосьці не. Але я ведаю: я не адна. Са мной Гасподзь. І дзякуй яму за ўсё: і за радасць, і за смутак.