За шматлікімі домікамі ціхага Траецкага прадмесця ў Мінску прытаілася “літаратурная мекка” краіны - Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Некалі, у дарэвалюцыйны час, вядомы як дом абутковай фабрыкі Моўшы Шлемавіча Цытвера, у пачатку 1990-х тут быў размешчаны літаратурны музей.
Сягодня фонды музея, у які ўваходзяць адразу дзесяць культурных устаноў, налічваюць каля 65 тысяч адзінак захоўвання. Сярод наібольш значных – фотадакументы і архівы Васіля Быкава, Цішкі Гартнага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Бураўкіна і іншых вядомых беларускіх літаратурных класікаў. Але тут ёсць і іх асабістыя рэчы, якія даюць уяўленне аб жыцці вядомых творчых людзей. Падрабязна аб некаторых з іх мне распавядала загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Валянціна Кароткіна.
1 Буфет сям’і Францішка Багушэвіча
Датаваны апошняй чвэрцю ХIХ стагоддзя, ён з’яўляецца ўнікальнай мемарыяльнай рэччу, якая знаходзілася ў сядзібе сям’і Багушэвічаў. Яшчэ да стварэння музея-сядзібы ў Кушлянах супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук, розных музеяў, у тым ліку гістарычнага (на тую пару Дзяржаўнага музея БССР), ладзіліся экспедыцыі, большасць прадметаў іх удзельнікі прывезлі ў Мінск. Затым большасць рэчаў, пра якія гісторыкі дакладна ведаюць, што яны з сям’і Багушэвічаў, вярнулася ў кушлянскі музей.
Гэты буфет наадварот патрапіў у музей гісторыі БССР, а ў 1990 годзе быў пераданы ў фонды літаратурнага музея. Дарэчы, вядома, што дом у Кушлянах – адзіная ў Беларусі захаваная пісьменніцкая сядзіба канца ХІХ стагоддзя. Буфет - разная ручная работа, мае акрамя таго што гістарычную памяць, яшчэ і мастацкую цану, як рэч дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
2. Лялька Вася Вясёлкін
Адзін з незвычайных экспанатаў. Гэты прадмет трапіў у літаратурны музей дзякуючы сяброўству супрацоўнікаў музея і рэдакцыі часопіса “Вясёлка”. Шмат розных рэдактароў, у тым ліку Артур Вольскі, перадалі ў фонды музея асабістыя рэчы. Такія лялькі ствараліся ў 1960 гады як сімвал “Вясёлкі” – аднаго з першых дзіцячых пасляваенных выданняў. Лялька часта трапляла на ілюстрацыйныя старонкі кніг і абгорткі ад цукерак. А дзеці пісалі шмат лістоў у часопіс менавіта Васе Вясёлкіну.
3. Ружанец Рыгора Барадуліна
Асабістая рэч пісьменніка, якую ён атрымаў у час сустрэчы з Папам рымскім Янам Паўлам ІІ за зборнік вершаў рэлігійнай паэзіі. Як вядома, імя Рыгора Барадуліна трапіла ў спіс магчымых намінантаў Нобелеўскай прэміі. Але так як спісы “нобелеўкі” - гэта засакрэчаная інфармацыя, то зараз ніхто не ведае, ці патрапіў Рыгор Іванавіч у спіс намінаваных…
4. Кубак Уладзіміра Караткевіча
Менавіта гэты кубак быў сярод рэчаў, якімі карыстаўся Уладзімір Караткевіч падчас сваёй апошняй вандроўкі. Ен часта ездзіў у экспедыцыі з мастакамі, пісьменнікамі, фатографамі. І пасля апошняй цяжкой хваробы выправіўся і літаральна праз некалькі тыдняў паехаў на плыце ў экспедыцыю па Прыпяці збіраць матэрыялы, звязаныя з Палессем.
У музее ёсць і лямпа, якая належыла Уладзіміру Караткевічу, яна знаходзілася ў яго мінскай кватэры.
5. Друкарка Івана Чыгрынава
Гэтая нямецкая пішучая машынка была прывезена ў Мінск з Дрэздэна, з Нямеччыны, пасля вайны ў змест кантрыбуцыі. Патрапіла ў музей разам з рэчамі Івана Чыгрынава, хаця належыла раней многім пісьменнікам (Іван Чыгрынаў атрымаў яе ад Максіма Танка падчас працы у Саюзе пісьменнікаў).
6. Кітайскі альбом Максіма Танка
Максім Танк меў магчымасць вандраваць па усім свеце, і таму часта прывозіў розныя сувеніры. У экспазіцыі ёсць нарды з Азербайджана, а таксама альбом з Кітая. Куплены ў 1957 годзе як звычайны сувенір, ён з часам напоўніўся рознымі фотаздымкамі і вершамі на замежных мовах, якія паэт выразаў з розных газет.
7. Кінакамера і мікрафон Алеся Адамовіча
Трэба адразу сказать, што гэтымі прыладамі карысталіся ўсе члены группы, якія вандравалі па Беларусі на пачатку 1970 гадоў і збіралі матэрыялы для выдання кнігі-хронікі “Я з вогненнай вескі”. Акрамя Алеся Адамовіча гэта былі Янка Брыль і Ўладзімір Калеснік. Як вядома, у першым выданні кнігі была грампласцінка з успамінамі жыхароў вёсак і галасамі тых, хто распавядаў тыя трагічныя гісторыі.
Таксама ў музеі змешчана афіша з презентацыі ў Маскве фільма “Ідзі і глядзі”. Гэта трагічная карціна нашумела ў 1980-х. Сам Алесь Адамовіч часта прысутнічаў на здымках фільма. Многія рэчы з архіва пісьменніка, у тым ліку арыгінальны кінасцэнарый, зараз захоўваюцца ў літаратурным музеі.
8. Свінкі Пятра Васючэнкі
У музеі знаходзіцца некалькі свінак з калекцыі вядомага пісьменніка, перакладчыка і філолага. Адна з іх с сакрэтам - з механізмам, які дазваляе яе раскрыць. Гэта фігурка з’яўляецца прататыпам каляднай свінкі з аповесці Пятра Васючэнкі “Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”. Пасля таго, як твор стаў папулярны, прыяцелі сталі дарыць яму менавіта гэтых жывёлін.
9. Рушнік Яугеніі Янішчыц
Гэта адна з рэчаў, якую перадала у музей маці вядомай пісьменніцы. Пасля гібелі “палесскай ластаўкі” ва ўзросце 45 гадоў – яна выпала з акна – шмат было версій. У інтэрнэце і сёння мноства матэрыялаў аб тым, як яна трагічна загінула. Калі паэткі не стала, многія блізкія людзі перадалі ў музей яе рэчы, у тым ліку і ручнік з вёскі Рудка Пінскага раёна, дзе яна нарадзілася - як сімвал яе малой радзімы.
10. Тазік беларускі
Гэта сімвал аднаго з літаратурных аб’яднанняў, якое ставіла мэтай захаванне беларускай культуры. Творчая суполка існавала напрыканцы 1990 - пачатку 2000 гадоў. Літаратары рабілі самвыдатаўскія зборнікі, стараліся прыцягнуць увагу да сваёй творчасці, і славіліся сваімі пастаноўкамі: хтосьці мог граць на скрыпцы, іншы - на гармоніку, трэці калаціў у тазік, нехта спяваў. Сярод іх пазней стала многа вядомых пісьменнікаў, перакладчыкаў, мовазнаўцаў, а сімвал таварыства потым яны перадалі ў музей.
Ігар Кандраль, фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при размещении гиперссылки