Добавить в корзинуПозвонить
Найти в Дзене

Крэве ёсць ключ… да разумення вялікай гісторыі

"Смаргонская палітра: чатыры фарбы гісторыі" Калі б гісторыя мела колер, якое адценне можна было б «прысвоіць» велічы Крэўскага замка, мелодыі геніяльнага кампазітара, сіле паэтычнага маніфеста альбо стойкасці цэлага рэгіёна? Мы прапануем наш новы праект «Смаргонская палітра: чатыры фарбы гісторыі», дзе чытачы разам з намі змогуць даследаваць чатыры ключавыя месцы Смаргоншчыны, і, ўрэшце, самі знайсці адказ на вышэй згаданае пытанне. Крэўскі замак, музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, музей-сядзіба Францішка Багушэвіча і Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей – не проста кропкі на карце, гэта «пігменты», з якіх складаецца поўная карціна краю з багатым лёсам. Паважаныя чытачы, запрашаем вас узяць у рукі гэту «палітру» і самім убачыць, як чатыры фарбы сплятаюцца ў адзіную карціну пад назвай Смаргоншчына. У акадэмічным выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет зборнік навуковых артыкулаў «Крэва і акруга: гісторыя, археалогія, культурная спадчына». Выданне рыхтавалася ў Інстытуце гіст

"Смаргонская палітра: чатыры фарбы гісторыі"

Калі б гісторыя мела колер, якое адценне можна было б «прысвоіць» велічы Крэўскага замка, мелодыі геніяльнага кампазітара, сіле паэтычнага маніфеста альбо стойкасці цэлага рэгіёна?

Мы прапануем наш новы праект «Смаргонская палітра: чатыры фарбы гісторыі», дзе чытачы разам з намі змогуць даследаваць чатыры ключавыя месцы Смаргоншчыны, і, ўрэшце, самі знайсці адказ на вышэй згаданае пытанне. Крэўскі замак, музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, музей-сядзіба Францішка Багушэвіча і Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей – не проста кропкі на карце, гэта «пігменты», з якіх складаецца поўная карціна краю з багатым лёсам.

Паважаныя чытачы, запрашаем вас узяць у рукі гэту «палітру» і самім убачыць, як чатыры фарбы сплятаюцца ў адзіную карціну пад назвай Смаргоншчына.

У акадэмічным выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет зборнік навуковых артыкулаў «Крэва і акруга: гісторыя, археалогія, культурная спадчына». Выданне рыхтавалася ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. Гэта стала нагодай для размовы з Алегам ДЗЯРНОВІЧАМ – вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі, кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам. Алег Іванавіч – адказны сакратар арганізацыйнага камітэта «Крэўскіх чытанняў», навуковы рэдактар і ўкладальнік зборніка. У інтэрв’ю ён распавядае пра тое, як даследаванне аднаго мястэчка адкрывае шырокія навуковыя гарызонты.

– Алег Іванавіч, «Крэўскія чытанні» і аднайменны навуковы зборнік ужо сталі традыцыяй. З чаго ўсё пачалося?

– У чэрвені 2016 года ў Крэве адбылася першая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Крэўскія чытанні», мэтай якой стала падвесці вынікі даследаванняў за апошняе дзесяцігоддзе. Гэта была спроба паглядзець на Крэва праз ракурс мікрагісторыі.

Але мы адразу задумалі не пра як аднаразовае мерапрыемства, а як пастаянную платформу. Таму вынікам стаў не проста зборнік матэрыялаў канферэнцыі, а самастойнае навуковае выданне, першы том якога выйшаў у 2020 годзе (ён меў такі чытацкі поспех, што ў наступным годзе яго перавыдалі дадатковым накладам).

Так нарадзіліся дзве звязаныя пляцоўкі: канферэнцыя, дзе адбываецца жывая дыскусія, і зборнік, у якім яна знаходзіць увасабленне. Вельмі важным быў і шырокі праблемны спектр першых «Чытанняў» – ад балта-славянскіх кантактаў да падзей Другой сусветнай вайны. Гэта задало тон усёй нашай будучай працы.

– Вы кажаце пра мікрагісторыю. Чаму для такога паглыбленага вывучэння абралі менавіта Крэва?

– Бо ў гісторыі Крэва, як у фокусе, адлюстроўваюцца ключавыя працэсы для ўсёй Беларусі і рэгіёна. Вось некалькі «вузлавых» тэм, якія мы назіраем праз прызму мястэчка. Генезіс Вялікага Княства Літоўскага, Крэва – адзін з цэнтраў «Літвы летапіснай». Малая ўрбанізацыя: развіццё мястэчка як формы гарадскога жыцця ў познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе. Ваенная гісторыя ХХ стагоддзя: лінія фронту Першай сусветнай вайны праходзіла праз Крэва, і гэта была вельмі моцная траўма для мястэчка.

Такім чынам, мы не проста збіраем факты пра адно месца. Мы выкарыстоўваем Крэва як «аптычны фокус», каб праз яго разглядаць генеральныя пытанні развіцця краіны.

– Як «Крэўскія чытанні» ўплываюць на жыццё самога мястэчка і разуменне яго спадчыны?

– Гэта двубокі працэс. Наша праца актыўна спрыяе «ажыўленню» спадчыны. Напрыклад, другія «Чытанні» ў 2020 годзе праходзілі ўжо на фоне актыўных прац па кансервацыі Крэўскага замка. Тады прадстаўнікі «Бел­рэстаўрацыі» ўпершыню дэталёва расказалі навуковай супольнасці пра прынцыпы рэстаўрацыі замка, актыўныя працы над якім вядуцца з 2018 года. І гэта не абстрактныя дыскусіі. Напрыклад, у першым зборніку ёсць маё даследаванне, прысвечанае праблемам датавання і архітэктурным асаблівасцям замка на аснове найноўшых раскопак. Мы працуем з планамі XIX стагоддзя, фотаздымкамі 1930-х гадоў, знаходкамі археолагаў – усё гэта паступова складае аб’ектыўную карціну.

Акрамя таго, мы пастаянна прыцягваем да ўдзелу мясцовых краязнаўцаў і школьнікаў. А падчас канферэнцый прапануем удзельнікам навуковыя экскурсіі. У 2020 годзе мы наведалі не толькі замак, але і выстаўку «Нечаканае Крэўскае гарадзішча», дзе ўпершыню былі прадстаўлены публіцы артэфакты з раскопак IX–XIV стагоддзяў.

– Зборнік, які Вы рэдагуеце, уключае таксама матэрыялы круглага стала пра Першую сусветную вайну. Чаму гэтай тэме ўдзяляецца такая ўвага?

– Гэта цэнтральная тэма для гісторыі краю, але доўгі час была прызабытай. У 2024 годзе мы правялі круглы стол «Гістарычная памяць: Першая сусветная вайна скрозь прызму часу» ў Смаргоні, дзе сабраліся даследчыкі з Беларусі і Расіі. Барацьба за Смаргонь, пазіцыйная вайна – гэта жывая гісторыя, якая цалкам закранула і Крэва. Уключэнне гэтых матэрыялаў у зборнік – наш уклад у аднаўленне паўнавартаснай гістарычнай памяці.

– Якія планы на будучыню? Трэці том зборніка ўжо рыхтуецца?

– Абодва праекты – і канферэнцыя, і выданне – цалкам сфарміраваліся як традыцыя. Мы толькі што аддалі ў рукі чытачоў другі том, і праца над трэцім ужо ідзе. Мы бачым, як вырас інтарэс да гісторыі Крэва, як актывізавалася праца па яго захаванні. Наша задача – утрымліваць высокі навуковы ўзровень, заставацца адкрытай пляцоўкай для дыскусіі і прыцягваць новых даследчыкаў, у тым ліку маладых. Крэва дае невычарпальны матэрыял для мыслення. Таму мы ўпэўнена глядзім у будучыню і працуем далей.

-2

22 студзеня ў Мінску, у кінатэатры «Піянер», пройдзе прэзентацыя зборніка «Крэва і акруга: гісторыя, архіалогія, культурная спадчына». Пачатак у 19.00.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва «Светлага шляху»

Теги: общество История музей Кревский сельсовет