Добавить в корзинуПозвонить
Найти в Дзене
Proregion24.by:Перспектива

«Сукенка для прынцэсы»: трогательная новогодняя история девочки из Гродненского района

У Алёнкі зноў ёлку запалілі… Добра ёй! У яе ёсць татка! І кожны год на свята ён прывозіць ёлку. І яны затым усе разам яе ўпрыгожваюць рознымі бліскучымі цацкамі, агеньчыкі ўключаюць – яны мігцяць, як зоркі. Вядома, Дзед Мароз такую нізавошта не прапусціць – вунь як ззяе. Таму і падарункі кожны год носіць – і Алёнцы, і яе брату, гэтаму задаваку Дзянісу, хоць ён ужо і вялікі. І цукеркі, і лялькі прыгожыя, і кніжкі, і нават ровар. А сёлета, хвалілася, камп’ютар папрасіла. Канешне, пад такую ёлку і камп’ютар можна пакласці. А мне ён куды падарунак пакладзе, як ёлкі ў хаце няма? Таты ў нас няма, а маме не да ёлкі, яна вечна ці спіць п’яная, ці ў госці куды-небудзь ідзе, ці ў нас усе ся-дзяць і п’юць… А які б я папрасіла у Дзеда Мароза падарунак? Ровар? Ці камп’ютар, як Алёнка? Не! Я папрашу ў яго сукенку! Такую – белую, прыгожую, як воблака, у якіх дзяўчынкі летам у касцёл хадзілі. І вяночак такі, і туфлікі. Алёнка тады такая прыгожая была – як прынцэса. А мне нават дакрануцца да той сукенк

У Алёнкі зноў ёлку запалілі… Добра ёй! У яе ёсць татка! І кожны год на свята ён прывозіць ёлку. І яны затым усе разам яе ўпрыгожваюць рознымі бліскучымі цацкамі, агеньчыкі ўключаюць – яны мігцяць, як зоркі. Вядома, Дзед Мароз такую нізавошта не прапусціць – вунь як ззяе. Таму і падарункі кожны год носіць – і Алёнцы, і яе брату, гэтаму задаваку Дзянісу, хоць ён ужо і вялікі. І цукеркі, і лялькі прыгожыя, і кніжкі, і нават ровар. А сёлета, хвалілася, камп’ютар папрасіла. Канешне, пад такую ёлку і камп’ютар можна пакласці. А мне ён куды падарунак пакладзе, як ёлкі ў хаце няма? Таты ў нас няма, а маме не да ёлкі, яна вечна ці спіць п’яная, ці ў госці куды-небудзь ідзе, ці ў нас усе ся-дзяць і п’юць…

А які б я папрасіла у Дзеда Мароза падарунак? Ровар? Ці камп’ютар, як Алёнка? Не! Я папрашу ў яго сукенку! Такую – белую, прыгожую, як воблака, у якіх дзяўчынкі летам у касцёл хадзілі. І вяночак такі, і туфлікі. Алёнка тады такая прыгожая была – як прынцэса. А мне нават дакрануцца да той сукенкі не дала, сказала, што ў мяне рукі брудныя. І што такую сукенку можна надзяваць толькі тады, як усе пацеры вывучыш і ксёндз дапусціць цябе да першай камуніі…

Дык што, калі нават Дзед Мароз падорыць мне гэтую сукенку, я яе ўсё роўна не змагу надзець, пакуль пацеры не вывучу? Але хто мяне ім навучыць? Я цёцю Геню папрашу – яна добрая, яна мне летам малако давала і хлеб. І на мамку заўсёды сварыцца, што тая п’е. Яна мяне і жагнацца навучыць, і «анёл панскі» гаварыць. А мо нават у касцёл возьме... Алёнка казала, што там добра, толькі калі сумна бывае. А мне б не было сумна. Асабліва калі б у мяне была такая прыгожая сукенка…

Я вось зараз, пакуль мама спіць, абую яе гумовікі і сама схаджу ў лес. Толькі б не прачнулася, а то сварыцца будзе і біцца… Прынясу яловых галінак, пастаўлю ў слоік і зраблю нібыта ёлачку. У мяне у каробачцы пад ложкам ляжаць абгорткі ад цукерак, якімі Алёнка на свой дзень нараджэння частавала. І пачак ад чыпсаў, маміны госці неяк мне яго далі, каб я гулялася і есці не прасіла. І яшчэ бляшанка з-пад піва – таксама яркая і прыгожая.

Вось толькі ці ўбачыць Дзед Мароз маю ёлку без агеньчыкаў? Але ў мяне ёсць кавалачак свечкі, як сцямнеецца, я яго запалю. І папрашу ў Дзеда Мароза падарунак. Ну калі ў яго не хопіць грошай на сукенку прынцэсы, то хоць бы боцікі. Хай сабе не такія прыгожыя, як у Алёнкі – такія не трэба, бо мама іх абавязкова некуды знясе. Хай будуць старыя, можна нават крыху парваныя, абы толькі ногі не мерзлі. І паесці чаго-небудзь…

Толькі б ён убачыў маю ёлачку без агеньчыкаў і яркіх бліскучых цацак!