У нашай краіне рэалізуецца праект «Кожная пятніца – роднае, сваё» Пра тое, якім беларускім таварам варта аддаць перавагу і ці часта яна размаўляе на матчынай мове, пагутарылі з начальнікам аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама Таццянай КУЗЬМОЙ.
На матчынай мове
– Таццяна Мікалаеўна, што для Вас беларускае слова?
– Мы ў сферы культуры даволі часта праводзім мерапрыемствы на беларускай мове. Выкарыстоўваю яе ў напісанні выступаў і дакладаў. Для мяне суразмоўца падымаецца на прыступку вышэй, калі добра валодае беларускай мовай. Сярод іх супрацоўнікі дзяржаўных устаноў культуры, адукацыі.
– А якія беларускія кнігі можна сустрэць на вашай кніжнай паліцы?
– Скажу шчыра, у школьныя гады я чытала пераважна тое, што трэба было па праграме. Мне вельмі падабаліся творы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Але, прызнаюся, больш актыўна пачала знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай пасля 25 гадоў.
– Важна захоўваць і песні на беларускай мове.
– Што тычыцца нашых раённых артыстаў, у нас ёсць аматарскія калектывы, якія носяць назвы «заслужаны», «народны», «узорны». У іх рэпертуары абавязкова прысутнічаюць песні на беларускай мове. Гэта вельмі важна, бо праз беларускую мову мы перадаем культуру нашай краіны. Магу прывесці ў якасці прыклада наш фальклорны калектыў «Жывіца», які атрымаў званне заслужанага, тэатр народнай песні «Матуліна песня» Жытамлянскага дома фальклору. Песні могуць быць напісаны і на дыялекце. Падчас экспедыцый на тэрыторыі Гродзенскай вобласці мы збіраем такі матэрыял і аднаўляем. Адна і тая ж песня ў розных месцах можа адрознівацца вымаўленнем. І іх трэба захоўваць. Гэта ж сваё. Скажам, у Адэльску мы адраджаем народныя абрады.
– Назавіце любімых беларускіх выканаўцаў, якія спяваюць на матчынай мове.
– Мне вельмі падабаюцца старыя песні гурта «Верасы», напрыклад, «Завіруха», а таксама калектываў «Сябры» і «Песняры». Песні Мулявіна – гэта сапраўдны брэнд Беларусі. Названыя калектывы – твар нашай краіны. Калі працуем над мерапрыемствамі, якія прысвечаны дзяржаўным святам, імкнемся ўключаць песні з рэпертуару гэтых гуртоў і іншых беларускіх выканаўцаў у нашу праграму. Іх людзі ведаюць і любяць. Калі гляджу канцэрты беларускіх выканаўцаў на вялікіх сцэнах за мяжой, захапляюся тым, як іх сустракаюць гледачы!
– У сацыяльных сетках можна ўбачыць кліпы, зробленыя з дапамогай штучнага інтэлекту. Паэты «ажываюць» і нават самі выконваюць песні на свае вершы. Як Вы глядзіце на тое, каб спелі і беларускія класікі?
– Чаму б і не? Узяць той жа нейракліп на песню «Снягурка». Ён літаральна ўзарваў інтэрнэт. Голас, вобраз, выкананне – усё спадабалася слухачам. Песня, вядомая многім з дзяцінства, набыла новае жыццё.
– У дзяцінстве многія ездзілі ў вёску да бабулі і дзядулі, дзе чулі беларускую мову. У Вас таксама была такая гісторыя?
– Так, мае бабуля і дзядуля жылі ў вёсцы на Брэстчыне. І каб разумець некаторыя іх выразы, трэба было пабыць у гэтым асяроддзі. Часам, калі прыязджала дадому з канікулаў, прамаўляла «гэ», «дзэ», «цэ», гукі былі набліжаны да беларускай мовы.
Знак якасці
– Ці ёсць у Вас любімая прадуктовая марка?
– Я родам з Бераставіцы. Бліжэй за ўсё да нас знаходзіўся ваўкавыскі «Беллакт». І мы часцей за ўсё куплялі яго прадукцыю. А вось сыры, малако, масла «Малочнага Міра» стала купляць, калі пераехала ў Гродна. З гэтым прадпрыемствам і Гродзенскім мясакамбінатам мы цесна супрацоўнічаем. Гэтыя флагманы вытворчасці з'яўляюцца і нашымі спонсарамі. Напрыклад, калектывы з Верцялішкаўскага цэнтра культуры часта выступаюць на мерапрыемствах, якія праводзяць названыя прадпрыемствы. Яны ў сваю чаргу заахвочваюць нашых дзетак, даюць ім падарункі. Напрыклад, да калядных і навагодніх святаў. А вось хлебабулачныя вырабы заўсёды купляю нашага «Гроднахлебпрама». Гэтае прадпрыемства заўсёды дае сваю прадукцыю для нашых мерапрыемстваў. Мы заказваем караваі, калі сустракаем гасцей ці кудысьці адпраўляемся з візітам. Такім чынам папулярызуем прадукцыю. Яна і прыемная знешне, і смачная. Гэта ўжо брэнд, знак якасці. Калі нашы артысты выязджалі ў Расію і Індыю, у якасці сувеніраў везлі беларускія прысмакі або ільняныя вырабы. І касцюмы мы шыем з нашых высакаякасных тканін. Бо калектыў павінен адпавядаць званню беларускі народны аматарскі.
– Выкажу думку, што вы, як сапраўдная беларуска, любіце сала. Гэта так?
– Мне падабаецца гэты прадукт. Але я яго не купляю. І сала, і кумпячкі робяць мае бацькі. Рэцэптура перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яшчэ мае бабулі рабілі каўбасу і капусту квасілі. Я зараз задумалася: трэба больш шанаваць сваё.
Роднае і моднае
– А што тычыцца адзення беларускай вытворчасці?
– Афіцыйна-дзелавое адзенне ў мяне толькі беларускае. Па-першае, падабаецца яго якасць. Па-другое, адпавядае тэндэнцыям сучаснай моды. Яно адносіцца да прадукцыі коштавага сегмента вышэй за сярэдні. І я гатова плаціць, бо ведаю, што гэта рэч будзе служыць доўга. У летні перыяд выкарыстоўваю адзенне з ільна. Яно практычнае, у ім вельмі камфортна.
– Многія са знаёмых купляюць і нашу касметыку. Як Вы да яе ставіцеся?
– Аддаю перавагу толькі беларускай касметыцы: LUXVISAGE, RELOUIS, «Беліта-Вітэкс». На мой погляд, наша касметыка класа люкс выдатная і разам з тым бюджэтная.
– Наколькі людзям цікавы вырабы нашых народных майстроў?
– Мы вырабляем і сувенірную прадукцыю, якая змяшчае ў тым ліку і нашы сімвалы. А гэта таксама твар культуры нашага рэгіёну і ў цэлым краіны. Цяпер можна набыць шмат цікавых рэчаў, зробленых сваімі рукамі. Саломапляценне, кераміка, выцінанка, ткацтва – гэта вельмі цікавы, але працаёмкі, карпатлівы працэс. Заўважыла, што вырабы з гэтых матэрыялаў падабаюцца і дарослым, і дзецям. Паглядзіце, як зараз папулярна кераміка! Сама яе купляю на розных кірмашах, выкарыстоўваю ў побыце. А вязаныя аксэсуары з задавальненнем носяць і жанчыны, і дзяўчаты. Думаю, за народнымі вырабамі будучыня. Ужо ў студзені іх убачаць у Кітаі. У рамках супрацоўніцтва гэтай краіны і Гродзенскай вобласці туды паедуць нашы майстры па кераміцы і саломапляценні. Яны прадставяць беларускія вырабы і правядуць майстар-класы. Таксама выступіць калектыў «Жывіца».
– Як Вы ставіцеся да праекту «Кожная пятнiца – роднае, сваё»?
– Гэта вельмі разумнае рашэнне. Мне здаецца, часта мы самі недаацэньваем маштабы і разнастайнасць таго, што ёсць у нас.