Ужо досыць працяглы час мая свядомасць усё ніяк не можа вырашыць адну філасофскую праблему. Што ж гэта пастаянна, урыўкамі-імгненнямі, усплывае з папярэдніх дзесяцігоддзяў – усёпаглынаючая настальгія па мінуўшчыне, невымерны боль па страчаным, адабраная казка салодкага маленства, якое назад ужо ніколі не вернецца, незабыўнае юнацтва з першымі сур’ёзнымі пачуццямі, якія, здавалася, што на ўсё жыццё?.. І сэрца працягвае настойліва ныць, душа балець, а памяць вяртацца назад!
Так, тыя гады фарміравання характару, яго загартоўкі, сталення былі шматабяцаючымі і нават шчаслівымі, трава надзвычай зялёнай, а дрэвы Бацькаўшчыны такімі высокімі, што накіроўваліся прама ў бяздоннае неба... І ўсё ніяк не маглі спыніцца...
Калі факты ды лічбы не сухія, а гавораць самі за сябе
Увесь папярэдні маналог – пра яго вялікасць і магутнасць СССР. Нездарма і сёння, у ХХІ стагоддзі, моладзь ізноў палюбіла насіць сукенкі з абазначэннем гэтай супердзяржавы, хоць там ніколі і не жыла. Так, я таксама нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, і мы ганарыліся – родам з СССР. Паспеў, як і амаль усе суайчыннікі, уступіць у акцябраты, у піянеры, стаць камсамольцам, давялося нават пабыць старшынёй пярвічкі камсамольскай арганізацыі. З камсамолам некаторыя "праляталі" ў першы раз, няправільна адказаўшы на пытанне на засыпку членаў камісіі: "Колькі каштуе камсамольскі білет?" – "35 капеек". А трэба было: "Усё жыццё!" У КПСС я не дайшоў, хоць і дужая, моцная была арганізацыя. Перспектыўная.
Усе мы ганарыліся сярпастым і малаткастым савецкім пашпартам – сваім першым дакументам. Школу мужнасці я прайшоў не завочна – служыў у Савецкай арміі ў 1986–88 гг. Наш батальён дыслацыраваўся ў Брэсце, і мы транспарціравалі савецкія ваенныя грузы з Польшчы і ГДР у многія гарады Расіі, Украіны, Грузіі, Узбекістана, Арменіі. Праязджалі нават знакавае возера Байкал. Служылі ў нашай часці хлопцы з розных кропак Савецкага Саюза. У час службы і давялося адчуць і ўбачыць, што ж гэта такое – савецкі інтэрнацыяналізм.
Калі хто забыў ці не ведае, нагадаю: дэвізам савецкіх пакаленняў быў "Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!", гімнам – "Інтэрнацыянал" (1922–1944 гг.). У 1944–1991 гг. на ўрачыстасцях нашы продкі і затым ужо мы чулі Дзяржаўны гімн СССР. Плошча нашай дзяржавы была 22 млн 402 тыс. 200 км², насельніцтва – 293 млн чалавек. Мае продкі зведалі розныя перыяды развіцця. 1921–1928 гг. увайшлі як НЭП, 1928–1941 гг. – як індустрыялізацыя і калектывізацыя. 1937–1938 гг. – вялікі тэрор. 1939–1945 гг. – час Другой сусветнай вайны. Сярэдзіна 1940-х гг. – пачатак халоднай вайны. 1945–1953 гг. – пасляваенны сталінізм. 1953–1964 гг. – адліга. 1964–1987 гг. – перыяд застою. 1985–1991 гг. – перабудова. 1988–1991 гг. – распад СССР.
СССР існаваў з 30 снежня 1922 года па 1991 год. Займаў другое месца ў свеце па ўзроўні прамысловай вытворчасці – 16,5% сусветнага аб’ёму і 7-е месца – па ўзроўні нацыянальнага даходу (3,4%). Гэта была велізарнейшая кантынентальная дзяржава ХХ стагоддзя. Дарэчы, сярод 50 краін-заснавальніц ААН побач з СССР былі і дзве саюзныя рэспублікі – Беларусь і Украіна.
Мы так любілі марыць...
Мы ўпарта будавалі камунізм, не ведаючы, што ж гэта такое. Мы любілі марыць, наіўна думаючы, што і грошы адменяць.
– А як жа прадукты тады будзем браць у крамах?
– Бярэш бясплатна, але не больш, чым трэба.
– А хто будзе кантраляваць?
– Ніхто не будзе! Камуністычнае сумленне не дазволіць ужо красці...
Лічылася, што ў СССР сексу не было, аднак колькасць дзяцей, што нараджаліся, была немаленькай. Сваю айчынную гісторыю мы акуратна і скрупулёзна канспектавалі. Асабліва шмат па прадмеце "Гісторыя КПСС". Штудзіравалі працы Фрыдрыха Энгельса, Карла Маркса, Уладзіміра Леніна. Успамінаю, як аднагрупніца на іспыце па гісторыі КПСС працытавала вялізную вытрымку па памяці і дадала: "Так сказаў Уладзімір Ленін у томе 18, на старонцы 378".
Дзякуй таварышу Сталіну за наша шчаслівае дзяцінства!
Мы не забывалі, што старшынёй Савета народных камісараў СССР з 1922 па 1924 гг. быў Уладзімір Ленін. Мы добра запомнілі яго запавет "Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!". Больш за тое: у школах і дзіцячых садах дарагога Ільіча называлі дзядулем. У кабінетах навучальных устаноў паўсюль віселі яго партрэты. Яшчэ мне на ўсё жыццё запомніўся філасофскі вывад Уладзіміра Ільіча: "Жыць у грамадстве і быць незалежным ад грамадства нельга!" Дарэчы, на суботніках ён заўсёды хапаўся за таўсцейшы бок бервяна, каб паплечніку было лягчэй... Нездарма ў савецкі час яму літаральна ва ўсіх гарадах былі пастаўлены помнікі, у вялікіх гарадах іх можна налічыць з дзясятак, а калі яшчэ вынесці з запаснікаў…
Генеральным сакратаром ЦК ВКП(б) служыў Іосіф Сталін. Самыя разнастайныя ўспаміны пра яго засталіся – як самыя прыгожыя, так і самыя негатыўныя. У 1945-м яму было прысвоена ганаровае званне "Генералісімус Савецкага Саюза". Прафесар А. Кара-Мурза ў радыёэфіры неяк адзначыў, што сам Сталін ствараў магутны культ уласнай асобы і займаўся гэтым як прыярытэтнай тэмай усе гады кіравання, ажно да сакавіка 1953 года. Культ ствараўся шляхам правак біяграфіі, знішчэння сведкаў, стварэння новых падручнікаў, умешвання ў навуку і культуру. Не сакрэт, што частка партакратыі здолела тады ўмацавацца настолькі, што ўжо сама адважылася ўскласці на культ нябожчыка-дыктатара ўсю адказнасць за свае былыя злачынствы, а сябе выставіць у якасці ахвяр. Адным з аспектаў сістэмы "падарункаў" з’яўлялася неабходнасць выражэння падзякі Сталіну, – напрыклад, за сацыяльныя паслугі і наогул за ўсё, што ў цябе ёсць. А што ў дзетак шчаслівае дзяцінства, дык яго забяспечыў Сталін.
Першым сакратаром ЦК КПСС быў Мікіта Хрушчоў – той самы, які надзвычай палюбіў кукурузу. А яшчэ ён "неабыякава" ставіўся да нашай Сінявокай. Ён сцвярджаў: "Беларусы першымі прыйдуць у камунізм, бо яны першымі адмовіліся ад роднай мовы". Дарэчы, такіх недалёкіх палітыкаў-паслядоўнікаў зведалі ў сваёй гісторыі мы нямала.
Свае сляды ў гісторыі пакінуў і Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў (1964–1982). Успамінаю, як на семінарах ва ўніверсітэце мы абмяркоўвалі яго публіцыстычныя шэдэўры "Малая зямля", "Цаліна", "Адраджэнне". Спрачаліся, пагаджаліся і не зусім...
Юрыя Андропава (1982–1984) мы запомнілі перш за ўсё як вялікага выхаваўчага куратара краіны. Па крамах хадзілі спецыяльныя людзі і, спыняючы пакупнікоў, запытвалі: "Чаму не працуеце?"
Канстанцін Чарненка (1984–1985) многа хварэў. Але ж калі параўноўваць з Джо Байданам – нічога страшнага...
Міхаіл Гарбачоў (1985–1991) стаў адзіным прэзідэнтам СССР (1990–1991). Гэта аўтар знакамітай Перабудовы. Той самы, які вырашыў зрабіць усіх суайчыннікаў цвярозымі. Не, людзі працягвалі піць – нават тое, што гарыць. Але некаторы час пілі, напрыклад, у прыбіральні. Так, туды заходзіць асоба, выпівае сам-насам – і ўжо адтуль выходзіць за безалкагольны стол. Аднак вінаграднікі былі выкарчаваны і знішчаны... І на сок было шкодна?
І звышдзяржавы не стала...
Але з-за нізкай эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, моцнай залежнасці ад цэн на энергарэсурсы, істотных расходаў на гонку ўзбраенняў, масавага дэфіцыту тавараў, міжнацыянальных супрацьлегласцей у другой палове 1980-х гадоў у СССР адбыўся эканамічны і палітычны крызіс. Абвастрылася ўнутранае палітычнае супрацьстаянне. Спробы рэфармавання савецкай сістэмы – дэмакратызацыя, пераход да рыначнай эканомікі і шматпартыйнасці – не маглі ўжо вырашыць шматлікіх супрацьлегласцей. У 1988–1991 гг. адбыўся шэраг заканадаўчых канфліктаў паміж Масквой і саюзнымі рэспублікамі. Вынікі ўсіх гэтых падзей і прывялі да распаду СССР. Апагеем супрацьстаяння путчыстам лічацца падзеі ля Белага дома ў Маскве. 26 снежня 1991 года Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР прыняў дэкларацыю пра спыненне існавання СССР.
Постсавецкі час
Пры СССР такога не было – любяць многія параўноўваць. Так што СССР яшчэ працяглы час заставаўся не толькі настальгіяй, але і ўзорам. Аднак адыходзяць у небыццё ветэраны, старэйшыя пакаленні. І пра СССР з кожным годам усё менш і менш гавораць. Успамінаю, як у тэлеперадачы хлопчыка вядучы нядаўна спытаў: "Хто такі Ленін?" І пачуў у адказ: "Гэта такі лысы дзядзька, які жыў вельмі-вельмі даўно!"
...Але што гэта? Трава ператварылася з зялёнай у рыжую, карані дрэў згнілі. Нават птушкі сталі спяваць неяк не так мілагучна ў лясах Бацькаўшчыны. Гэта – канец Эпохі, канец звышдзяржавы СССР. Еўропа ды ЗША не нарадуюцца, што адолелі такую магутную дзяржаву. Не ў вайну – так, у мірны час...
Сёння мы ўжо родам з постсавецкай прасторы. А прастора – як дым ды туман... На жаль.
Спецыяльна для "СП" Канстанцін КАРНЯЛЮК