23 ліпеня 2025 г.
Археалагічныя даследаванні Крэўскага замка, якія вядуцца вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дазваляюць пад новым ракурсам паглядзець на гісторыю гэтага помніка Сярэднявечча. Але Крэўскі замак з’яўляецца і месцам памяці Першай сусветнай вайны — з верасня 1915 г. па люты 1918 г. ён знаходзіўся на перадавой лініі расійска-германскага фронту.
Артэфакты часоў Першай сусветнай вайны трапляюцца на тэрыторыі замка. Гэта не толькі фрагменты снарадаў, але і іншыя рэчы: ліхтарык, рэшткі абутку, гузікі.
❗️У ліпені 2025 г. каля падмурка Трэцяй вежы быў знойдзены пагон афіцэра Расійскай арміі. На ім магчыма разабраць літару «б», якая магла быць часткай шыфроўкі «Сб»(Сібірская). На гэтым участку дзейнічалі некалькі Сібірскіх стралковых палкоў: 41, 42, 43, 44. Лічба «4» таксама чытаецца на пагоне.
Выяўленне артэфакта звязана з падзеямі ліпеня 1917 г., калі Крэўскі замак быў узяты рускімі войскамі. Падраздзяленне, якое 22 ліпеня 1917 г. ўвайшло ў замак, складалася з ваеннаслужачых 42 Сібірскага стралковага палка.