✉️ У штаце Дэлавэр у ЗША памерла ўраджэнка Гродзеншчыны, якая ліставалася з Ларысай Геніюш, Людміла Бакуновіч
Памерла Бакуновіч 2 жніўня, пра гэта паведаміла даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка на сваёй старонцы ў Facebook.
Людміла нарадзілася ў 1938 годзе ў 🦅 Міры (сёння 🪻 Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) ў сям’і доктара Віктара Войтанкі. Падчас нямецкай акупацыі яе бацька працаваў у Баранавічах, выкладаў у медычнай школе. У 🐘 Слоніме, у лазарэце, ён замяніў доктара Янку Геніюша, які вярнуўся з беларускай камандзіроўкі ў Прагу.
У 1944 годзе Людміла разам з дзедам і бабуляй, бацькамі і братамі выехала на эміграцыю, а ў 1948 годзе — да сваякоў маці ў ЗША. Пасяліліся ў штаце Нью-Джэрсі. Дзед Людмілы — праваслаўны святар Сцяпан Войтанка — стаў першым святаром у беларускай царкве ў Гайлэнд-Парку.
У ЗША Людміла пазнаёмілася са сваім будучым мужам — праўнукам удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага Уладзімірам Бакуновічам. У наступным годзе сям’я перабралася ў ЗША. Спачатку жылі з бацькамі Людмілы ў Нью-Джэрсі, пазней пераехалі ў Дэтройт.
У Дэтройце Людміла стала адной з заснавальніц беларускай царквы Святога Духа, высвячэнне якой здзейсніў ейны дзед Сцяпан Войтанка.
Пасля смерці мужа ў 1992 годзе і выхаду на пенсію Людміла вярнулася ў Нью-Джэрсі, дзе жыла адна з дачок. Яна стала актыўнай прыхаджанкай царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ у Гайлэнд-Парку — той самай, дзе служыў яе дзед, а пазней і бацька, які пад канец жыцця таксама быў высвячаны на святара. Людміла займала пасаду старшыні сястрыцтва, арганізоўвала царкоўныя мерапрыемствы.
На пачатку 1990-х яна прыязджала ў Беларусь і ў 1993 годзе ўдзельнічала ў Першым З’ездзе беларусаў свету.