Журналіст, дзяржаўны дзеяч, дыпламат, таленавіты беларускі паэт Генадзь Мікалаевіч Бураўкін з яўляецца выдатным майстрам нацыянальнай паэзіі.
Лёсу лірычныя дары
Паэт нарадзіўся ў эмацыянальна маляўнічым месцы на азёрна-квяцістай Расоншчыне ў сям і Фядоссі Ягораўны і Мікалая Сцяпанавіча. Юнак імкнуўся ўзвысіцца над пасляваеннымі бядотамі: настойлівым пазнаннем сусвету, асваеннем складанага вясковага жыцця, зацікаўленай вучобай і над усім гэтым музыкальнымі паэтычнымі вобразамі. У школе Бураўкін адчуў асалоду паэтычнага слова і друкаваў свае першыя творы на старонках полацкай газеты.
У 1955 г. Бураўкін паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ. Вучоба захапіла студэнта інтэлектуальнай віхурай, што вастрыла яго журналісцкі талент яркай лекцыяй, мудрасцю прафесуры, знаёмствам з мэтрамі літаратуры, а таксама паэтычным вопытам у журфакаўскім асяроддзі. У БДУ ён атрымаў таксама моцную грамадзянскую загартоўку. Ідэалам яго стала творчае асэнсаванне жыцця і зацікаўленая грамадская дзейнасць.
Пасля ўніверсітэта Бураўкін быў накіраваны на працу ў навукова-тэарэтычны часопіс "Камуніст Беларусі”. Паэт выходзіў на самастойны шлях жыцця і прастору асабістай творчасці. Праца ў часопісе спрыяла глыбокаму вывучэнню заканамернасцей развіцця грамадства, каштоўнасці літаратуры і мастацтва для фарміравання інтэлектуальнай асобы і моцна ўплывала на яго паэтычную творчасць. У 1960 г. была надрукавана першая кніга вершаў Бураўкіна "Майская просінь”. Першая кніга была ўдачай, падарункам лёсу для маладога паэта і адкрыццём, здабыткам для чытачоў. У беларускай паэзіі адрэкамендавалася новае імя і сцвердзіла надзею на шчаслівы і таленавіты лёс у літаратуры.
Бураўкін - журналіст і паэт - быў запатрабаваны ў сродках інфармацыі. Працуе на беларускім радыё, намеснікам рэдактара газеты "ЛіМ”. У 1968 г. ён становіцца карэспандэнтам газеты "Правда”. Маштаб асобы Бураўкіна вырастае да ўсесаюзнай прасторы. Гэта адначасова прафесійнае прызнанне яго таленту і выхад творчасці на саюзнае абмеркаванне праблем сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця рэспублікі. Карэспандэнт "Правды” паэт Бураўкін становіцца творчай асобай саюзнага маштабу.
Публіцыстыка трымала паэта на вастрыні грамадскіх падзей, якія ён пераплаўляў у лірычныя вобразы ў сваіх вершах. Амаль кожны год у кнігарнях чытача сустракаюць кнігі Бураўкіна. Яго неабсяжная лірыка нібыта абганяе ўспрымальнае майстэрства сучаснай паэзіі, і кожны зборнік вершаў даруе чытачу ўзрушаныя эмоцыі і задавальненне. Паэзія Бураўкіна ад зборніка да зборніка ўмясцілася ў шаноўны рад класічнай беларускай літаратуры.
У 1972 г. Бураўкін быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць”. Прастора літаратурнай творчасці яшчэ больш пашырылася. У гэты час выходзяць яго кнігі вершаў: "Вытокі”, "Вершы пяцi кніг”, "Варта вернасці”. Часопіс "Маладосць” становіцца цікавым і змястоўным выданнем, а рэдактар Бураўкін - паэтам першай велічыні ў Беларусі.
Мастак у тэлемастацтве
У 1978 г. П. М. Машэраў, які ведаў Бураўкіна як выдатнага журналіста і паэта, рэкамендаваў яго на пасаду старшыні Белтэлерадыё. Гэта падзея як двайная ўдача: і для тэлебачання, і для Бураўкіна. На пасаду кіраўніка тэлерадыё прыйшоў журналіст з высокім разуменнем палітычнай і культурнай каштоўнасці сродкаў інфармацыі ў сучасным грамадстве. Разам з гэтым у публіцыста і паэта Бураўкіна было тонкае адчуванне літаратурнага майстэрства і здольнасць мастацкага афармлення публічных матэрыялаў. "Старшыня тэлебачання”, як яго называлі журналісты, сфармуляваў і ўвёў у практыку дзеяння тэлекампаніі тры класічныя ідэі паспяховага тэлебачання: беларускі змест, інтэлектуальнасць дыялогу з аўдыторыяй, высокі прафесіяналізм тэлежурналістаў. "Пры Бураўкіне” беларускае тэлебачанне стала асяродкам высокамастацкай нацыянальнай культуры.
Змест і форма тэлеперадач былі запоўнены рэальным жыццем беларускага народа. Перадачы асвятляліся прамысловым, сельскім жыццем, партрэтамі, біяграфіямі, дасягненнямі людзей, якія ствараюць самыя высокія каштоўнасці – фінансавы і інтэлектуальны капітал грамадства. На экране тэлевізараў, як і ў жыцці, дыялог з грамадствам вялі вучоныя, палітыкі, вядомыя дзеячы культуры і мастацтва. Жыццядзейны змест, ідэалагічнасць і палітычная вытрыманасць былі аздоблены эстэтычным афармленнем перадач, этычнымі адносінамі да герояў і гледачоў.
Аўтарытэту тэлебачання разам з высокім мастацкім узроўнем перадач дапасаваў таксама пераход на каляровы экран. Беларускае тэлебачанне з поспехам выконвала адказную задачу інфармацыйнага, маральна-этычнага і культурна-эстэтычнагаўплыву на ўсенародную аўдыторыю. Строгасць журналістаў у тэлестудыі, адказнасць за афармленне матэрыялаў, трапнасць слова, думкі былі ў полі зроку старшыні Бураўкіна. "Культура тэлебачання – гэта культура нашага народа”, - гаварыў ён сваім творчым работнікам. Дробязей і недарэчнасцей у дыялогу з нацыяй быць не можа, папярэджваў ён. Беларускае тэлебачанне пад кіраваннем Бураўкіна стала народным асветным інстытутам.
У час адказнай працы на БТ Бураўкін не рассядлаў Пегаса. Паэтычная вышыня яго таленту вымяралася вытанчанымі вобразамі любові да жанчыны, блізкіх, чалавека, замілаванай прыроды і да Радзімы. Бураўкін у сваей паэтычнай аповесці выступае як лірычны летапісец Беларусі. Яго незвычайная лірыка аб’ектыўна клалася на музыку, і "пайшлі песні Бураўкіна”. Да яго вершаў далучыліся вядомыя кампазітары. І паляцелі па свеце песні, напрыклад "Зачарованая мая”, "Завіруха” або штодзенная тэле-"Калыханка” для дзяцей ці гімн Полацкага універсітэта. Песенные вершы паэта выкладзены ў спецыяльным зборніку "Табе, Беларусь”. Паэт Бураўкін, старшыня тэлерадыё фарміраваў інтэлектуальную інфармацыйную прастору Беларусі.
Грамадскія вышыні паэта
Інтэлектуал і палітык Бураўкін у 1980 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У гэты час у грамадстве адчувалася сацыяльная напружанасць, у краіне ўзніклі палітычныя супярэчнасці і эканамічныя цяжкасці. Дэпутат Бураўкін узрушана ўспрымаў негатыўныя з явы і імкнуўся супрацьстаяць крызісным наступствам. У яго творах умацаваліся матывы грамадзянскай адказнасці перад людзьмі, захавання іх дабрабыту і сацыяльнай бяспекі. Гэтыя праблемы абвастрыліся яшчэ больш пасля чарнобыльскай аварыі, што зноў жа адлюстравалася ў яго вершах. Праца ў парламенце была для паэта значным накапленнем палітычнага вопыту.
У Беларусі Бураўкін стаў аўтарытэтным дзяржаўным дзеячам, вядомым паэтам і паважаным грамадзянінам. Аўтарытэт палітыка і грамадскага дзеяча вылучыў яго на чарговую адказную пасаду. У 1990 г. урад рэспублікі накіраваў яго на дыпламатычную працу пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН. Місія Бураўкіна ў вышэйшай міжнароднай арганізацыі была адказнай і пачэснай. Праз паўнамоцных прадстаўнікоў усіх краін свету ў ААН ён інфармаваў міжнародную супольнасць аб палітычных і эканамічных ператварэннях, якія адбываліся ў гэты час на тэрыторыі Савецкага Саюза і ў Беларусі. На міжнародным узроўні неабходна было абгрунтаваць і растлумачыць аб ектыўнасць парацэсу аб яўлення Рэспублікі Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, захаваць і пашырыць шэраг краін свету прызнаць новую дзяржаву і ўстанавіць з ёй дыпламатычныя адносіны. Неабходна пачэсна падкрэсліць, што Бураўкіну ўдалося імкліва распачаць гэты працэс. Прадстаўніцтва Беларусі ў ААН стала паўнапраўным і аўтарытэтным голасам на міжнароднай арэне. З Рэспублікай Беларусь пачалі супрацоўнічаць замежныя гуманітарныя арганізацыі, што садзейнічала ўключэнню Беларусі ў міжнародныя палітычныя і эканамічныя працэсы, устанаўленню палітычных і эканамічных сувязей. Дзякуючы гэтаму Беларусь ўваходзіла ў актыўны працэс міжнароднай дзейнасці, гэта быў важны фактар азнаямлення з статус-кво свабоднай беларускай нацыі і ўмацавання незалежнасці беларускай дзяржавы.
Дыпламатычная дзейнасць Бураўкіна не пазбавіла яго свайго асноўнага жыццёвага прызначэння. У першым вымярэнні свайго лёсу ён заставаўся лірыкам для ўсхвалення, спявання жыцця, эмацыянальнага ўзвялічання чалавека, абагаяўлення кахання як асноўнага пачуцця ўзнесласці душы чалавека, радасці жыцця і адчування хараства сусвету. Музыка вершаў Бураўкіна з узростам яго мудрасці станавілася сімфанічнай у сваіх вобразных акордах, філасофскай па ўспрыманню жыццёвай рэальнасці і гуманістычнага ўсталявання жыцця чалавека. Паэтычны спеў Бураўкіна – гэта ўзнёслае жыццё беларускага народа, узвышанае над тэхнагеннымі катастрофамі, палітычнымі супярэчнасцямі, эканамічнымі праблемамі і цяжкасцямі. Песню ўвысь уздымае голас, голас паэта і народа, такое каштоўнае і змястоўнае творчае крэда песняра Бураўкіна. Такая прыгожая народная песня паэта Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.
Пайшоў з жыцця паэт 13 мая 2014 г. Песню сваю ён дапеў. Планета яго паэзіі - неабсяжная, мудрая, чароўная і... дай Бог, вечная...