🩺Знакаміты гродзенскі лекар, арганізатар аховы здароўя ў Гродне, які лекаваў Пілсудскага і сябраваў з Элізай Ажэшкай
🧸 2 ліпеня 1873 года ў 🧜♀️Варшаве нарадзіўся Аляксандр Тальгейм.
🎓 Вучыўся ў Гродзенскай мужчынскай гімназіі і на медыцынскім факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў у Варшаве, але заўсёды марыў вярнуцца ў Гродна, дзе меў радавы маёнтак Путрышкі, звязаны з Элізай Ажэшкай.
🚑 З 1900 года жыў у Поразаве, а ў 1905-м пераехаў у Гродна, дзе працаваў лекарам Гродзенскай суполкі сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа. Працаваў таксама прыватна па ўнутраных і жаночых хваробах. У 1911 годзе пабудаваў у Гродне свой дом у стылі мадэрн, які захаваўся дагэтуль і стаў турыстычным аб’ектам (вул, Леніна, 22).
✍️ Быў блізкім сябрам Элізы Ажэшкі і гарадской інтэлігенцыі. У 1907 годзе стаў старшынёй таварыства аматараў драматычнага і музычнага мастацтва «Муза» і кіраваў ім да 1915 года, арганізоўваючы літаратурна-музычныя вечары. Некалькі разоў абіраўся старшынёй і ў міжваенны час.
🧤 У Першую сусветную і польска-савецкую вайну арганізоўваў дапамогу бежанцам і барацьбу з эпідэміямі. Быў галоўным урачом гарадской бальніцы, кіраўніком аддзела аховы здароўя Гродна, спрыяў санітарнаму добраўпарадкаванню горада. Працаваў таксама ў Друскеніках, дзе лячыў Юзэфа Пілсудскага і актыўна развіваў курорт.
💉 Адзін з заснавальнікаў гарадскога таварыства ўрачоў і аўтар артыкулаў пра ахову здароўя і курорты. Удзельнічаў у грамадскім жыцці: быў у складзе камітэта па зборы сродкаў на помнік Элізе Ажэшцы, уваходзіў у склад кіраўніцтва гарадскога музея прыроды.
❤️ Быў вядомы дабрачыннасцю — прымаў і заможных, і бедных пацыентаў.
⚰️Памёр 28 чэрвеня 1937 года ў 🦌 Гродне. Пахаваны на каталіцкіх фарных могілках. У гонар Тальгейма ў 1998 годзе была выдадзеная паштовая капэрта з яго партрэтам, а ягоны дом на вуліцы Леніна, 22 мае ахоўны статус і нагадвае пра спадчыну знакамітага лекара.