⛪️ Рэдкая гравюра XIX стагоддзя прымусіла перагледзець іканаграфію Каложскай царквы
У Telegram-канале «Спадчына» распавялі, як адна публікацыя малюнка сярэдзіны XIX стагоддзя змяніла ўяўленні пра Каложскую царкву. Вока даследчыка зачапілася за элемент, які раней на гравюрах Каложы не сустракаўся — тромп, нішападобная скляпеністая канструкцыя паміж паўночнай і цэнтральнай апсідамі храма.
Тромп дапамагае перайсці з формы вугла ў просты абрыс і шырока выкарыстоўваўся ў старажытнарускім дойлідстве ўнутры, але амаль невядомы ў экстэр’еры. Затое яго прыклады ёсць у гатычнай архітэктуры ВКЛ, напрыклад у Сынкавіцкай і Віленскай Траецкай цэрквах пачатку XVI стагоддзя.
Менавіта ў гэты час — у пачатку XVI стагоддзя — Богуш Багавіцінавіч перабудоўваў Каложскую царкву, якая страціла купал і атрымала стромкі схільны дах. Каб накрыць тры апсіды адным дахам і пазбегнуць складаных вузлоў, маглі зрабіць тромпы паміж імі. Гэта адпавядае традыцыям беларускай готыкі, дзе складанасці вырашаліся прасцей — апсіды злучаліся праз ступеністыя тромпы і накрываліся адзіным дахам.
Даследчыкі адзначаюць, што на самой Каложы бачная «гатычная» дамуроўка з цэглы замест старажытнай плінфы, што пацвярджае змены гэтага перыяду.