Набліжаецца важная дата – святкаванне 80-годдзя Вялікай Перамогі. Наша краіна Беларусь зрабіла вялікі ўнёсак у набліжэнне перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Кожны населены пункт Беларусі мае сваіх герояў Вялікай Айчыннай вайны.
На маёй малой радзіме, ў в. Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, ветэраны вайны ўжо пакінулі гэты свет. Але яны жывуць у памяці сваіх землякоў і маладога пакалення.
Сяргей Аляксандравіч Ражкавец у пачатку вайны дапамагаў партызанам, быў разведчыкам. У 1944 г. адправіўся на фронт. Быў цяжка паранены, вайну прайшоў да Берліна. Меў баявыя ўзнагароды.
Пасля вайны узначальваў мясцовы калгас у в. Махро. Вяскоўцы паважалі свайго старшыню, ганарыліся ім. С. А. Ражкавец меў актыўную жыццёвую пазіцыю. Быў ганаровым грамадзянінам г. Іванава і Іванаўскага раёна.
Мікалай Нікіфаравіч Кунахавец таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў узнагароджаны баявымі ўзнагародамі. Пасля вайны працаваў загадчыкам мясцовага клуба. Пакінуў яскравы след у памяці жыхароў вёскі.
Ён разам з Аляксандрам Андрэевічам Пракапчуком у пачатку 70-х заснаваў духавы аркестр, якім ганарылася в. Махро.
Дзень Перамогі вёска заўсёды святкавала вельмі ўрачыста дзякуючы намаганням М. Н. Кунахаўца. У цэнтры вёскі граў духавы аркестр, з усіх канцоў збіраліся людзі, каб разам святкаваць Дзень Перамогі.
Серафім Якаўлевіч Калінін – адзін з настаяцеляў Мохраўскай Петрапаўлаўскай царквы. У гады вайны ратаваў жыхароў вёскі ад расстрэлаў. Меў сувязь з партызанамі. Быў узнагароджаны медалём. Пра нашага дарагога земляка была знята дакументальная стужка "Хрэсны шлях бацюшкі Серафіма”, якую можна знайсці ў інтэрнэце.
Антон Раманавіч Трушко – мой дарагі і горача любімы ўсімі ўнукамі дзед. Быў прызваны на вайну ў 1944 г. Дайшоў да Берліна, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны дзед адбудаваў вёску, працаваў у будаўнічай брыгадзе. Разам з іншымі ветэранамі вайны будаваў драўляныя хаты аднавяскоўцам. Іх хаты стаяць і цяпер – дабротныя, дагледжаныя, як напамін аб тых выдатных майстрах-будаўніках.
Усе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны нашай вёскі Махро вартыя самых лепшых словаў. Памяць пра іх жыве сярод іх дзяцей, унукаў, праўнукаў і сярод аднавяскоўцаў. Кожны з іх пакінуў пасля сябе яскравы след.
Маладому пакаленню в. Махро ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад.
В. К. Кузьміч, аг. Яечкавічы, Іванаўскі раён