У зладжаным ланцужку пасяўной і ўборачнай кампаній харчаванне механізатараў — вельмі важнае звяно. У ААТ "Скабін" з гэтым згодны на ўсе сто працэнтаў і дадаюць, што добры работнік – сыты работнік. У сельгас-таварыстве загадзя прадумваюць алгарытм ахопу механізатараў гарачым харчаваннем, каб падчас правядзення непасрэдна вызначаных работ не было збояў. Пры гэтым улічваюць, што карміць патрэбна сытна, смачна, з захаваннем санітарных патрабаванняў.
У гаспадарцы для забеспячэння харчаваннем работнікаў падчас пасяўной, уборачнай і іншых кампаній арандуецца сталовая ў ААТ "Піянер-Агра" ў аг. Мажа. Для таго, каб аператыўна развезці ежу, задзейнічаны два аўтамабілі, з кожным на палеткі выязджае кухонны работнік-раздатчык. І справа гэта зусім не лёгкая, як можа падацца, бо трэба разлічыць час ад’езду ад сталовай, адлегласць да месца працы кожнага механізатара і колькасць такіх кропак прыпынку. Таму "сталовая на колах" адпраўляецца ў дарогу прыблізна ў 11.30 і заканчвае сваю работу дзесьці ў 15.