Даніна памяці
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Камсамольскай бібліятэцы-клубе была арганізавана выстава "Званы Хатыні". Акрамя гэтага на тэрыторыі Грозаўскага сельсавета ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання і ўсклалі вянкі да ўсіх мемарыялаў воінам-вызваліцелям і землякам. У рамках клуба "Пераходны ўзрост" прайшоў гістарычны экскурс "Памяць, якой не будзе забыцця..." з ускладаннем кветак да помніка ахвярам фашызму ў вёсцы Канюхі.
З любоўю да прыроды
Загадчыца Грозаўскай сельскай бібліятэкі Таццяна Нераненя ў рамках клуба "Маленькая краіна" на летнім лузе правяла цікавае і займальнае экалагічнае мерапрыемства для маленькіх наведвальнікаў "Любіць прыроду, рабіць дабро". Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем слухалі, а таксама задавалі пытанні.
Праз гады ўспамінаў
Вяртанне ў дзяцінства для выпускнікоў (на здымку), якія скончылі Грозаўскую сярэднюю школу 55 гадоў назад, было самым прыемным, бо ўспаміны падчас сустрэчы – шчырыя і цёплыя. У сяброўскай атмасферы аднакласнікі расказвалі аб любімай школе, аб сябрах, з якімі вучыліся і сядзелі за адной партай. У гэты дзень ім было пра што пагаварыць.
"Ліпавы рай" для пастаяльцаў
Грозаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў перайменаваны ў ДУ "Грозаўскі сацыяльны пансіянат "Ліпавы рай". У гэтыя летнія дзянькі пастаяльцы адсвяткавалі адно з самых запамінальных і яскравых мерапрыемстваў "Купалле". Усе доб-ра правялі час і зарадзіліся пазітыўнай энергіяй. Гэта было сапраўднае свята яднання з прыродай і народнымі традыцыямі.