Кожная беларуская сям’я захоўвае памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, якая беззваротна змяніла лёсы некалькіх пакаленняў.
Жыхар вёскі Слабада-Кучынка Уладзімір Іванавіч Кандыбовіч ва ўзросце 36 гадоў быў мабілізаваны на барацьбу з ворагам Капыльскім РВК 23 чэрвеня 1941 года. У той дзень разам з ім пайшлі абараняць Айчыну яшчэ восем чалавек, дамоў вярнуўся толькі ён адзін. Слаўны баявы шлях пройдзены палітработнікам, капітанам У.І. Кандыбовічам на перадавой – Заходні і Рэзервовы франты, Маскоўская зона абароны, Калінінскі, Паўднёва-Заходні і 3-і Украінскі франты, вызваляў Украіну, Малдавію, Румынію і Балгарыю. За доблесць і мужнасць, праяўленыя пры выкананні баявых заданняў, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі "За баявыя заслугі", "За абарону Масквы", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1944 – 1945 гг.", медалём Народнай Рэспублікі Балгарыі "Айчынная вайна 1944 – 1945 гг." і інш.
Першыя дні вайны
Адразу яго накіравалі на Заходні фронт у аўтамабільны батальён намеснікам камандзіра па палітычнай частцы. Маладыя прызыўнікі, трапляючы ў месцы жорсткіх баявых дзеянняў, не паспявалі набрацца вопыту: многія з іх гінулі ў першым баі ці не даходзячы да фронту.
…Гэта было пад Магілёвам. Ішла калона ГАЗ-АА з салдатамі, якія толькі-толькі пераапрануліся ў ваенную форму і атрымалі зброю. Наляцелі нямецкія самалёты. Паступіла каманда: "Паветра!". Аўтамабілі прыпыніліся, а салдаты кінуліся ў розныя бакі ад дарогі. Пасля бамбёжкі частка навабранцаў засталася ляжаць на зямлі. Многія загінулі ад асколкаў бомб і куль. Калі зноў загрузіліся ў кузавы грузавікоў, аказалася, што не хапае вадзіцеляў. Адказны за калону афіцэр аддаў загад, каб пры наступнай бамбёжцы вадзіцелі не збіраліся ў групы. Галоўнае было – выратаваць людзей. Прыйшлося Кандыбовічу сесці за руль, а астатнія паўтаратонкі ўзяць на жорсткую сцэпку.
Уладзімір Іванавіч ваяваў на Заходнім і Рэзервовым франтах у складзе 911-га стралковага палка 244-й стралковай дывізіі 19-й арміі, удзельнічаў у баях пад Смаленскам, дзе Чырвоная Армія мела невялікі поспех. Змагаўся ў акружэнні падчас Вяземскай абарончай аперацыі.
Нямецкія войскі рваліся да Масквы, пераўзыходзячы Чырвоную Армію ў жывой сіле і тэхніцы. Дывізія, дзе служыў Кандыбовіч, трымала абарону даўжынёй каля 10 км. Адчуваўся востры недахоп артылерыйскага і стралковага ўзбраення, інжынерных сродкаў, нават бутэлек з запальнай сумессю КС. Нашы воіны ў цяжкіх умовах праяўлялі выключную вытрымку і гераізм, стрымліваючы галоўны ўдар 3-й танкавай групы Гота і знаходзячыся пад пастаянным пікіраваннем самалётаў люфтваффе. У поўным акружэнні камандзір палка сабраў усе агнявыя сродкі, усіх, хто застаўся ад парадзелай кулямётнай роты, асабовы склад штаба, каменданцкі ўзвод. Артылерысты адкрылі па ворагу моцны агонь прамой наводкай. Калі скончыліся снарады, пайшлі ў штыкавую атаку. Акружэнне было прарвана. З невялікай групай байцоў Кандыбовічу ўдаецца выйсці да сваіх і злучыцца з асноўнымі сіламі. Пасля перафарміравання трапляе ў Маскоўскую зону абароны. У маі 1942 года была трагічная Харкаўская наступальная аперацыя. Шмат загінулых, параненых і прапаўшых без вестак. Зноў выходзілі з акружэння на перафарміраванне. У баі загінулі камандзір і камісар дывізіі. Уладзімір Кандыбовіч вызваляў Данбас, гарады Запарожжа, Нікапаль, Адэсу.
Ваяваў мужна
У загадзе ад 27 жніўня 1944 года аб узнагароджанні яго як намесніка камандзіра батальёна па палітычнай частцы 911-га стралковага палка ордэнам Чырвонай Зоркі сказана: "У перыяд наступлення ўвесь час знаходзіўся ў баявых парадках батальёна, натхняючы байцоў і афіцэраў асабістым прыкладам. У баі за вёску Сатул-Ноу таварыш Кандыбовіч першым са сваім батальёнам уварваўся ў населены пункт…" Гэта было ў Малдавіі ў час Яса-Кішынёўскай аперацыі.
Вызваляў народы Заходняй Еўропы
Дывізія фарсіравала Дунай, з баямі прайшла праз Румынію – краіну-сатэліта нацысцкай Германіі – і дасягнула мяжы з Балгарыяй. Нялёгка было пераадольваць горныя хрыбты ў спякоту і пыл. У верасні 1944 года Чырвоную Армію сустракалі сардэчна: з хлебам-соллю, кветкамі і песнямі, частавалі віном, цукеркамі, яблыкамі і дынямі. Разам з балгарскім народам радаваліся і нашы воіны – прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Яны ўпершыню за гады вайны адчулі сябе амаль як дома. Ведалі, што зусім хутка скончыцца вайна. Там, на балгарскай зямлі, Уладзімір сустрэў Перамогу.
У мірнай працоўнай дзейнасці
Пасля звальнення ў запас вярнуўся на Радзіму, дзе актыўна праявіў сябе ў аднаўленні народнай гаспадаркі. Кандыбовіч працаваў добрасумленна і з вялікай адказнасцю там, куды накіроўвала яго партыя: ваенруком у роднай школе, старшынёй сельсавета, намеснікам дырэктара саўгаса "Крыніца".
Вельмі любіў і чакаў дзень 9 Мая. Мабыць, у сваім галоўным свяце бачыў тую часцінку, якую ён унёс у Перамогу, рызыкуючы сваім жыццём. Каля яго хаты ў гэты дзень збіраліся ветэраны-аднавяскоўцы. У той час іх было нямала. Разам накіроўваліся ў цэнтр саўгаса. Уладзімір Іванавіч выступаў на мітынгу, а затым усе ішлі ўскладаць кветкі да брацкіх магіл воінаў і партызан. "Мы выжылі дзякуючы веры ў перамогу над ворагам!" Гэтыя словы сапраўднага патрыёта нашай Айчыны гучаць як наказ будучым пакаленням. Мы не маем права забыць пра гэта!
– Хапануў ён усяго на вайне, – узгадвае дачка Таісія Уладзіміраўна Захарава. – Доўга адыходзіў ад перажытага. Вярнуўшыся ў родную вёску, сустрэў маю маму Зінаіду Юльянаўну Качаноўскую, якая неўзабаве стала яго жонкай. Пабудавалі ўласны дом, завялі гаспадарку. Нарадзіліся мы з сястрой Галяй, і вайна пачала крыху забывацца. Калі была круглая дата, прыязджаў ваенны камісар і кожнаму ветэрану ўручаў юбілейны медаль, а дырэктар саўгаса – памятны падарунак. У нашай хаце накрывалі стол. Гаварылі аб франтавых буднях, шчаслівых выпадках, якія дазволілі вярнуцца жывымі дамоў. Знаходзячыся на пенсіі, ён усё марыў з’ездзіць у Балгарыю ў горад Плоўдзіў і ўскласці кветкі да помніка савецкаму салдату-вызваліцелю, так званаму "Алёшу".
Жыццё У.І. Кандыбовіча дае нам сапраўдны ўрок мужнасці. Праз некалькі гадоў не застанецца ніводнага ветэрана вайны. Новыя пакаленні павінны шанаваць памяць аб загінулых, паважаць тых, хто застаўся ў жывых, трапятліва ставіцца да іх успамінаў.
Барыс ДЗЕНІСЮК, намеснік старшыні Савета РА ГА "Беларускі саюз афіцэраў"