12 красавіка 2024 г. у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі прайшоў Міжнародны круглы стол «Раннепалеалітычны помнік Агова 1 — 300? 400? тыс. г.т.: папярэднія вынікі даследаванняў і перспектывы», прысвечаны пытанням гісторыі вывучэння, храналогіі і геалагічным асаблівасцям помніка. У пасяджэнні прынялі ўдзел супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН, Інстытута геаграфіі РАН, Геалагічнага інстытута Кольскага навуковага цэнтра РАН пад мадэратарствам доктара геаграфічных навук, члена-карэспандэнта РАН, намесніка дырэктара Інстытута геаграфіі РАН Андрэя Валер’евіча Паніна.
У працы Круглага стала былі вылучаны некалькі напрамкаў. Падчас працы першага блока «Месцазнаходжанне Агова 1. Комплекс папярэдніх дадзеных: археалогія» была разгледжана гісторыя вывучэння сярэдняга палеаліту Беларусі, умовы выяўлення археалагічных артэфактаў у пясчаных кар’ерах і іх месца ў кантэксце ранняга палеаліту Еўропы.
У другой частцы «Месцазнаходжанне Агова 1. Комплекс папярэдніх дадзеных: хронастратыграфія» былі прадстаўлены вынікі стратыграфічнага, грануламетрычнага аналізу i OSL-датавання. Атрыманыя новыя дадзеныя і вынікі аналізу дазваляюць суаднесці дыяміктон з ціллам дняпроўскага падгарызонту прыпяцкага злядзянення. Папярэднія дадзеныя OSL-датавання паказваюць, што па выніках двух фаз вымярэнняў зерня палявых шпатаў апынуліся ў поўным насычэнні, г.зн. іх выніковы ўзрост можа быць вызначаны як не маладзейшы за 400 тыс. г.т.
Завяршыла пасяджэнне Міжнароднага круглага стала прэзентацыя археалагічных артэфактаў з месцазнаходжання Агова 1.
Спампаваць праграму.