Найти тему

З сялянскай жылкай

На такіх мужчынах – моцных, надзейных, працавітых – заўсёды трымалася вёска. У свой час Эдуард ЖДАНЮК працаваў у калгасе “Расія”, увесь час быў звязаны з тэхнікай, працоўны шлях прайшоў ад вадзіцеля да галоўнага інжынера. З-за сур’ёзнай траўмы вымушаны быў пакінуць гаспадарку. Але калі здароўе ўзнавілася, не мог сядзець без работы, узяў вялікі ўчастак зямлі (амаль пяць гектараў) і пачаў апрацоўваць.

-2

“Я вельмі люблю тэхніку. Ужо шмат гадоў маю трактар, сам сканструяваў саджалку, капалку, апырсквальнік, – расказвае Эдуард Іванавіч. – Безумоўна, з гадамі сілы менш, таму адмовіўся ад гектараў, але ўчастак на 30 сотак маю, бульбу саджу, капаць дзеці дапамагаюць”.

Восем гадоў таму мужчына захапіўся дрэваапрацоўкай. Сам навучыўся рабіць аконныя і балконныя рамы, аркі, столікі, лавачкі, дзіцячыя арэлі… Драўлянага жураўля ўбачыў у газетным артыкуле пра Бярэзінскі запаведнік і сам зрабіў такога ж. А ружу з металу “падгледзеў” у праграме Андрэя Малахава (хтосьці з гасцей падарыў вядучаму), і наш герой таксама змайстраваў цікавую кветку.

-3
-4
-5
-6

“Я чалавек вясковы, нарадзіўся ў Ардашах. Горад пераношу цяжка, не магу там доўга знаходзіцца, – усміхаецца суразмоўца. – У вёсцы прыгожа. Прасторна. Недалёка ад нашай кватэры захаваўся дом бацькоў. Сын прыязджае туды, як на дачу, а ў мяне там майстэрня, пчальнік. У свае 65 гадоў без справы сядзець не магу. Жыццё для мяне не перастае быць цікавым”.