Найти в Дзене

Шчасце – якое яно? Выказванні беларускіх мастакоў слова

Як выглядае шчаслівы чалавек? Хутчэй за ўсё, кожны адкажа па-свойму на гэта пытанне. Хтосьці скажа, што шчаслівы той, у каго прэстыжная праца і вялікі заробак, а для іншага гэта будзе зусім няважна, таму што для яго галоўнае – гэта сям'я, родныя і блізкія сябры. Некаторыя людзі будуць адчуваць сябе шчаслівымі, знаходзячыся ў поўнай адзіноце. Усе мы розныя, бо у кожнага чалавека свае асаблівасці характару, свой тэмперамент, ад якога і залежыць светапогляд чалавека.

Мне здаецца, што шчаслівым чалавек будзе тады, калі ён навучыцца шанаваць тое, што ў яго ёсць, лавіць кожнае імгненне жыцця, ўспрымаць пражыты дзень як падарунак. Толькі ў такім выпадку чалавек будзе захапляцца жыццём, ён будзе жыць, а не існаваць. Жыццё вымяраецца не колькасцю зробленых удыхаў і выдыхаў, а колькасцю тых момантаў, калі ад шчасця захоплівае дух.

Цікава, што думалі аб гэтым пачуцці беларускія паэты і пісьменнікі. Якое значэнне яны далі гэтаму паняццю? У чым мастакі слова бачылі сэнс жыцця?

Лепшыя выказванні вяршынь беларускага Эльбруса:

Якуб Колас лічыў: "Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар", "Сэнс жыцця нашага ‒ бесперапынны рух".

Словы Уладзіміра Караткевіча трапілі ў сэрца: "Кожны чалавек хоча кахаць і быць каханым, народжаны для кахання, шукае яго ўсё жыццё, моліцца яму і памірае з думкамі аб ім...".

Без роднай мовы Ніл Гілевіч не ўяўляў жыцця: Родныя гукі... // З гукаў —родныя словы...// Са словаў — песні, // Казкі, паэмы, драмы, //Жыццё, Радзіма, Народ".

Максім Багдановіч заклікаў чытачоў: "Ёсць адна толькі мудрасць жыцця і яе шаную; // Вось што кажа яна: // Калі хочаш праўдзіва ты жыць, дык пей чару любую,// Але толькі да дна".

Выказванне Янкі Брыля прымушае нас задумацца: "Прага шчасця настолькі вялікая ў нас, што нават самыя шчаслівыя моманты, дні, тыдні, гады – часцей за ўсё здаюцца … уступам да шчасця”.

Як казаў Янка Купала, "Не шукай ты шчасця, долі. На чужым, далёкім полі".

А ў лірічнай гераіні Ніны Мацяш хапае “жаночай мужнасці”, каб прыняць сваю долю: “Жыццё заўжды – іспыт на мужнасць.// Яе же не возьмеш напракат…”.

Андрэй Макаёнак вымушаны канстантаваць сумную ісціну: “Пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя… ёсць жандары і паэты, ёсць асуджаныя і каты, да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы…”.

“Чытаў без разбору ўсё, што трапляла ў рукі. Час без кніжкі здаваўся пустым і нецікавым”, – пісаў Васіль Быкаў у аўтабіяграфіі.

Міхась Стральцоў заклікаў любіць і вёску, і горад, шанаваць традыцыі: “Я ведаю, что без вёскі нельга, але і без горада нельга таксама. Што я думаю, дык гэта – каб тое і другое ў чалавечнай душы прымірыць…”.

А жыццё героя Івана Чыгрынава страціла сэнс і нічога не прыносіла задавальнення: “Ён жа гэтымі птушкамі і жыў апошні час”. Трымаць у руках птушку было для яго героя самым вялікімі задавальненнем: “Клетку з вераб’ямі…ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго”.

Максім Танк казаў, што "чалавек памірае, калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём".

Па словах пісьменнікаў можна заўважыць, што кожны адчуваў сябе шчаслівым з-за пэўных абставін. Мінуў час - нічога не змянілася. І цяпер у кожнага чалавека свае каштоўнасці ў жыцці. Аднак, спадзяюся, нейкае выказванне беларускага мастака слова аказалася вам бліжэй да сэрца, вы знайшлі тое меркаванне, якое падобнае да вашых думак. Будзьце шчаслівыя!