Амерыканскі Netflix Inc. — найбуйнейшы ў свеце сэрвіс струменевага відэа па падпісцы, плануе выпусціць яшчэ каля 40 відэагульняў у 2023 годзе. Пра гэта паведамляе выданне MarketWatch.
Netflix адзначае, што імкнецца сфармаваць вялікі партфель гульняў розных жанраў і фарматаў. З моманту адкрыцця гульнявога напрамка ў лістападзе 2021 года сэрвіс выпусціў 55 гульняў. Яшчэ 70 Netflix распрацоўвае сумесна з партнёрамі і 16 – самастойна.
За апошнія гады кампанія набыла шэраг гульнявых студый, нагадвае MarketWatch. "Мы разглядаем гульні як яшчэ адну катэгорыю нашага кантэнту, - заявілі прадстаўнікі кампаніі акцыянерам у 2021 годзе. - Аналагічным чынам мы асвойвалі сегменты арыгінальных фільмаў, анімацыі і рэаліці-шоў".
На 31 снежня 2022 года ў Netflix было больш за 230 млн падпісчыкаў па ўсім свеце. Аднак у мінулым годзе іх колькасць практычна не расла, і сэрвіс імкнецца пашырыць кліенцкую базу з дапамогай гульняў.
Адзначым, што на цяперашні час абаненты Netflix могуць гуляць у гульні бясплатна праз свае мабільныя прыкладанні. Рэклама ў гульнях адсутнічае.