Я, Марзалюк Аляксандр Iванавiч, нарадзiўся 4 сакавiка 1941 г. у вёсцы Падлессе Стаўбцоўскага раёна Баранавiцкай вобласцi ў сялянскай сям’i. Калi пачалася Вялiкая Айчынная вайна, мне споўнiлася 4 месяцы i 18 дзён.
Гаварыць i пiсаць, што я памятаю пачатак вайны, было бы абсурдна i не разумна, сам я дзiця вайны, так наканавана было лёсам, але аб вайне я памятаю з аповядаў бацькоў, родных i аднавяскоўцаў. Многае засела ў дзiцячай памяцi. Але аб усiм па парадку.
Вось адна гiсторыя. Юзiк Юр’евiч Марзалюк, па мянушцы Юрачка, у канцы мая 1944 г. баранаваў на сваiм конiку поле. У гэты час нiзка ляцеў нямецкi самалёт, казалi, што падбiты пад Масквой. 3 самалёта немцы выкiнулi аўтамат з магазiнам i прывязаныя да яго яшчэ два магазiны з патронамi. Самалёт праляцеў яшчэ метраў пяцьсот, i на дарогу летчыкi выкiнулi кулямёт. Мужчыны сабралiся, разглядалi кулямёт i разважалi: «Падбiты самалёт, немцы выкiдваюць усё, каб аблегчыць яго i даляцець да сваiх». Мне ўрэзалася ў памяць, што ў кулямёце быў жоўты тоўсты патрон. Прыехала нямецкая палiцыя i забрала кулямёт. А з аўтамата Юзiк з суседам Косцiкам хацелi пастраляць, але нiчога не атрымалася, абодва ў арміі не былі, зброяй не валодалі. Нямецкi самалёт даляцеў да вёскi Сiмакова (Гродзенская вобласць, Карэлiцкi раён), лётчыкi выскачылi на парашутах i схавалiся ў вадасцёкавай трубе ўздоўж дарогi Mip – Гарадзея, прасядзелi ноч, а днём убачылi, што едуць немцы на матацыклах, i з iмi яны паехалi ў Mip. Юзiка ў 1944 г. прызвалi ў армiю, ён хацеў прывезці з сабой той аўтамат. Але яму адказалi: «Гэтага дабра ў нас хапае i тут». Быўшы пастушкамi, мы знайшлi гэты аўтамат у лужыне, ён быў iржавы, таму i кiнулi яго там.
Жыццё кароткае, а Айчына вечная
Добра памятаю лiпень 1944 г., прыкладна 5-га чысла. Падвячорак. Цёпла, цiха, свяцiла сонца. Нашы войскi стаялi ў вёсцы. Штаб ix размяшчаўся ў пачатковай школе. Раптам да нас у хату прыбег знаёмы – Саша Садоўскі. Ён быў музыкам. Граў на баяне, акардэоне, гармонiку. Ён папрасiў паказаць яму дарогу да нашых ваенных. Бацька мой паказаў, як прайсцi ў школу. Хутка ля нашага дома спынiлiся дзве крытыя брызентам грузавыя машыны, мабыць, студэбекеры, з салдатамi. «Немцы ў нас на хутары ўстроiлiся на начлег, - cкaзaў Саша. - Я прывяду салдат». Машыны засталiся з шафёрамi, якiх адразу акружылi жанчыны. Мужчын было мала. Саша разам з камандай адправіліся на хутар. Прыкладна праз паўгадзiны на хутары пачалася стралянiна. Салдаты-шафёры крыкнулi: «Лажыцеся ўсе за колы машын». Усе залеглi. Стралянiна на хутары раптам сцiхла. Прыкладна праз гадзiну мы ўбачылi групу немцаў пад канвоем нашых салдат. Колькi ix было дакладна, не ведаю, мабыць, чалавек дваццаць. На дарозе быў калодзеж, немцы папрасiлi ix напаiць. Пiлi ваду з вядра па чарзе. Не парушаючы строй. Гадоў праз пяць чысцiлi калодзеж i знайшлi нямецкi пiсталет. Мабыць, хто з палонных выкiнуў. Палонных каля машыны абшукалi, забралi дакументы, акупацыйныя маркi. Наш афiцэр звярнуўся да жыхароў i спытаў: «Хто ведае нямецкую мову?» Адзiн з немцаў сказаў, што разумее польскую мову. Мой бацька Iван Васiльевiч Марзалюк, 1904 года нараджэння, добра размаўляў па-польску. З допыту стала вядома, што немцы выходзiлi з акружэння. Мабыць, з Мiнскага катла. Стральбу на хутары адкрылi падпалкоўнiк i маёр, якiя знаходзiлiся на гарышчы хлява.
На сёняшнi розум я думаю, што Аляксандр Садоўскі здзейснiў подзвiг. Яго бацькi i ён змаглi непрыкметна ад немцаў пакiнуць хутар i прывесцi з вёскi Падлессе нашых салдат. Падрабязнасцей я не ведаю. У якiм стане немцы прыйшлi на хутар? Змораныя выхадам з акружэння, не можа быць, што яны не выставiлi вартавых, а пакiнуць хутар трэба было непрыкметна для нix. Я не ведаю, быў узнагароджаны наш герой цi не. Па маладосцi i нявопытнасцi я не спытаў яго, але аб яго подзвiгу ведала ўсё наваколле. Саша адслужыў у армii, пераехаў жыць у вёску, працаваў у клубе музыкам, праводзiў суботнiкi для моладзi, ажанiўся. Жонка была заатэхнiкам у калгасе. Пражыў да 79 год, памёр у 2008 г. Жыццё кароткае, а Айчына вечная. Чалавек жыве ў нашай памяцi, пакуль мы яго памятаем.
Дзякуй хiрургу за бацьку
... Мой бацька вярнуўся з фронту ў чэрвенi 1945 г. цяжка параненым, на грудзях ордэн Славы III ступенi i медаль «За перамогу над фашысцкай Германіяй». Паранены пад Кёнігсбергам 24.01.1945 г., доўга лячыўся ў горадзе Горкi. Калi ён распранаўся, усе грудзi былi сшыты аперацыйнымi крыжамi, асколкi сядзелi да самой смерцi ў кiшэчнiку, руках i твары. Адчуваў ён сябе вельмi дрэнна, быў не работнiк, усю працу па гаспадарцы выконвала мацi.
У 1948 г. бацьку адвезлi ў Чыгуначную бальнiцу ў Баранавiчы. Яго агледзеў хiрург (на жаль, яго прозвiшча я забыўся) i сказаў мацi i родным: «Патрэбна тэрмiновая аперацыя, без яе ён пражыве не больш тыдня, ён хворы, слабы вельмi, пiшыце распiску, без яе аперацыю не зробiм». Мацi i родзiчы заплакалi, але бацька сказаў: «Доктар, пiшыце распiску, я падпiшу». Аперацыя прайшла удала, аднак пацыент 2 гадзiны не прыходзiў у свядомасць, але ўрачы зрабiлi ўсё, i ён выжыў, пражыў да лютага 1984 г. (80 гадоў). Вялiкi дзякуй хiрургу з Баранавiчаў i ўсiм медыкам за выратаванне. Бацька ніколі не забываў прозвiшча хiрурга i з удзячнасцю заўсёды ўспамiнаў яго.
А. I. Марзалюк, ветэран пед. працы, настаўнiк гiсторыi,аг. Ленiна Краснапольскага раёна Магiлёўскай вобласцi