Старадаўнія сядзібы займаюць асаблівае месца ў культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі. Яны фарміраваліся ў адпаведнасці са стылявымі патрабаваннямі гістарычных эпох, у рэчышчы развіцця агульнаеўрапейскай культуры з улікам гістарычных, эканамічных, прыродных умоў і мясцовых традыцый. Вялікае значэнне мелі таксама лад жыцця і эстэтычныя запатрабаванні іх уладальнікаў. Сядзібы фарміраваліся як радавыя гнёзды пакаленнямі. Адна з такіх сядзіб захавалася на Капыльшчыне, у в. Бабоўня, якой у розныя часы валодалі Радзівілы, Бярновічы, Наркевічы-Ёдкі. Сёння, на жаль, яна не мае сапраўднага гаспадара, але калісьці тут віравала жыццё. Што можна пабачыць сёння ў Бабоўні, хто валодаў маёнткам у розныя гады? Пра гэта – у нашым матэрыяле. Упершыню маёнтак з’явіўся тут у 2-й палове XVI ст. У XVII ст. ім валодалі Радзівілы, з XVIII ст. – Бярновічы. Менавіта Міхаіл Бярновіч заснаваў у сваім маёнтку Бабоўня мястэчка. У 1769 годзе тут была створана суконная мануфактура, сыравінай служыла мясцовая воўна,