У Калядную ноч адзінокі хлопчык Крабат апынаецца на незвычайным чорным млыне – яго ўласнік вучыць чорнай магіі сваіх вучняў-крумкачоў. Крабат зацікаўлены і становіцца адным з іх. Тут нельга сябраваць, ні аб чым марыць, спадзявацца на лепшае. Трэба толькі ўважліва слухаць настаўніка і працаваць да сёмага поту. Але ёсць адзін дзень у год, калі майстар дазваляе вучням адпачываць, есці самыя смачныя стравы і размаўляць пра рознае.
Усё ж такі Крабат знаходзіць сабе сябра, ў яго ёсць свае маральныя каштоўнасці, ён нават закахаўся ў дзяўчыну. Чым скончыцца парушэнне правілаў? Ці вызваліцца наш хлопец з ярма чорнага мага, альбо застанецца пад яго ўладай на ўсё жыццё?
Отфрыд Пройслер намаляваў таямнічую атмасферу, месцамі сапраўды страшныя моманты, а перакладчык Сяргей Матырка цудоўна перадаў усё гэта на беларускай мове. Дарэчы, цікава было дазнацца, як ён перакладаў асобныя дэталі твора, чаму з асаблівым трапятаннем адносіўся да гэтай працы. Можна паслухаць у 64-м выпуску падкаста Bellit на «Яндекс.Музыка» (і іншых сэрвісах).
Лічыцца, што твор падлеткавы, але я ўпэўнена: і дзецям гадоў 10 таксама цікава будзе чытаць гэтую лужыцкую легенду. А дарослым? Дарослыя ўбачаць тут не казку, а шмат іншасказанняў, актуальных і ў наш час.