Наступнай кропкай нашай вандроўкі па Астравецкаму раёну Беларусі будзе вёска Кемелішкі, якая знаходзіцца ўсяго ў трох кіламетра ад мяжы з суседняй Літвой. Дакладней, з 2007 года Кемелішкі гэта аграгарадок, а не вёска, бо тут жыве каля 400 чалавек, ёсць сярэдняя школа, некалькі крамаў, свая аптэка і лазня. Але ёсць яшчэ тое, што прыцягвае сюды нешматлікіх турыстаў якія цікавяцца архітэктурай і гісторыяй - галоўная славутасць Кемелішак, цудоўны драўляны Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які пабудаваны ў стыле барока з рысамі неаготыкі болей за сто гадоў таму.
Сама вёска Кемелішкі даволі старая, бо першы ўспамін аб гэтым месцы ў гісторыі датуецца яшчэ 1644 годам. А ў 1781 годзе ў Кемелішках з'явіўся свой каталіцкі храм. Фундуш на яго будаўніцтва выдаў Станіслаў Прушчынскі. Пасля аканчання будаўніцтва ў 1799 годзе новы Касцёл быў асвечаны віленскім біскупам-суфраганам Давідам Пілхоўскім.
Будынак Касцёла ў сваім першапачатковым стане праіснаваў каля 100 гадоў, ён таксама не пазбегнуў лёсу быць зачыненым, як гэта было з іншымі каталіцкімі храмамі ў Беларусі, пасля падаўлення паўстання супраць расейскай улады спачатку ў 1830 годзе, а потым пасля буйнага паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў.
Трэба таксама адзначыць, што з 1886 па 1889 год ў Кемелішках "адбываў пакаранне" Ян Курчэўскі, вядомы святар і гісторык. У Кемелішкі ён трапіў калі яго перфекта Віленскай гімназіі, выключылі з гімназіі і семінарыі за адмову прымаць кнігі для набажэнстваў на рускай мове. У Кемелішках ён прабыў 3 гады, а потым вярнуўся назад ў Вільню.
Вось так і прайшло 19 стагоддзе для Касцёла і парафіі ў Кемелішках, а напрыканцы стагоддзя было вырашана перебудаваць храм. Рэканструкцыя пачалася прыблізна ў 1897 годзе, а ўжо ў 1900 годзе храм атрымаў свой сучасны выгляд, які мы з вамі можам убачыць калі прыедзем у гэта месца на самам краю мапы Беларусі.
Трэба адзначыць, што фасад будынка святыні з таго часу амаль не змяніўся, што і можна ўбачыць на сучасных здымках.
Таксама трэба расказаць пра адну з галоўных каштоўнасцяў храма - стары барачны арган, які упрыгожаны рознакаляровай драўлянай разьбой. Упершыню інструмент з'явіўся ў Храме яшчэ ў 1786 годзе. У канцы 19 стагоддзя віленскі майстар Іосіф Радовіч выканаў яго рэканструкцыю (кошт работ на той час склаў 600 рублёў), пакінуўшы фасадную частку і трубы. Гэты барочны праспект у сіняй і ружовай мармурызацыі нават называюць самым рознакаляровым ва ўсёй Беларусі.
Таксама ў Касцёле захаваліся карціны канца 18 стагоддзя, гэта "Арханёл Міхал" і "Уручэнне ружанца святому Дамініку".
Вось такое вось цікавае месца можна ўбачыць, калі апынуцца ў аграгарадку Кемелішкі ўсяго за 3 кіламетры ад мяжы з Літвой і за 15 кіламетраў ад бліжэйшай аўтамабільнай трасы Вільня - Полацк. Ну а напрыканцы яшчэ крыху здымкаў з гэтага месца.
Дзякуй Вам, што даглядзелі і дачыталі гэты допіс. Калі Вам падабаўся допіс, калі ласка, падпісывайцеся на мой канал, будзе яшчэ шмат чаго цікавага і таксама не забывайцеся паставіць лайк да гэтага допіса.