Даўно хацела напісаць разгорнуты матэрыял пра Расціслава Сцяпанавіча Шчаснага. На момант, калі я прапанавала яму сустрэцца, настаўнік быў моцна хворы, пра што я, канешне, не ведала. Ведала, што захварэў, лечыцца і жыве марамі, што зноў выйдзе на работу.
Некалькі разоў мы сустракаліся, разважалі, абмяркоўвалі матэрыял. Калі ён быў гатовы да друку, Расціслаў Сцяпанавіч папрасіў пакуль не ставіць яго ў газету. Відаць, чакаў, што яму стане лепш і зноў пераступіць парог сваёй любімай першай школы. Тады і матэрыял будзе своечасовым.
Яму не стала лепш, і ў школу ён больш не вернецца. 11 студзеня Расціслаў Сцяпанавіч пакінуў нас. Гэты матэрыял – своеасаблівы рэквіем вялікаму Педагогу і выдатнаму Чалавеку.
Асвячаць шлях дабром
Пасля школы ён паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Разам з дыпломам агранома атрымаў рэкамендацыю на паступленне ў аспірантуру. Толькі працаваць на хлебнай ніве яму давялося нядоўга, а вось сяўбе “разумнага, добрага, вечнага” Расціслаў Шчасны прысвяціў практычна ўсё жыццё.
Расціслаў Сцяпанавіч нарадзіўся ў 1953 годзе ў вёсцы Дракі (цяпер Вясенняя) у звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў паляводстве і вельмі хацелі, каб дзеці выраслі людзьмі працавітымі і адукаванымі, таму зрабілі ўсё магчымае, каб абедзве дачкі і сын скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Але ж ні мама, ні тата і ўявіць сабе не маглі, што іх меншы, Росцік, прайшоўшы няпросты педагагічны шлях, стане кандыдатам педагагічных навук, заслужаным настаўнікам Рэспублікі Беларусь.
“Завіруха мяце, завіруха…”
У дзяцінстве Расціслаў асвоіў практычна ўсе вясковыя работы: садзіць і капаць бульбу, сеяць зерне ўручную, упраўляцца з канём, араць, баранаваць, касіць, жаць сярпом бульбоўнік і збожжа… Расціслаў Сцяпанавіч яскрава распавядаў пра сваё тагачаснае жыццё: ”Выразна памятаю пару сенакосу. Цэлы дзень бацька, сястра і я сушым-варочаем сена. На вуліцы ўжо цёмна, накладаем вялікі воз, узбіраемся наверх, уладкоўваемся і едзем дахаты. Драўляныя колы рытмічна рыпяць, на калдобінах наш воз падскоквае. Тата частуе нас яблыкамі, падсохлым хлебам і салам, што засталіся ад абеду. І няма, здаецца, нічога смачнейшага на свеце!
Цёмную дарогу асвятляе месяц, начное зорнае неба праплывае над нашымі вачыма, мы ўтраіх углядаемся ў яго, бацька паказвае Вялікую і Малую Мядзведзіцу, іншыя сузор’і… Я адчуваю сябе амаль касманаўтам.
У школьны час урокі робім пасля таго, як управімся з хатнімі справамі. Познім вечарам. А раніцай, яшчэ сонца не ўстала, мы, дзеці – на нагах. Да школы па прамой – пяць кіламетраў. Бывае, зімой мама кажа: “Сцюдзёна, завіруха, не ідзіце ў школу”, а мы ўсё роўна ідзём”.
Цяга да вучобы ў Расціслава была неймаверная. Сваіх настаўнікаў ён успамінаў з асаблівай цеплынёй: “Яны былі для нас прыкладам чалавечнасці, дабрыні, бацькаўшчыны. Да вучняў адносіліся як да родных дзяцей. Станіслава Пятровіча і Марыю Сцяпанаўну Мінкевічаў лічу сваімі другімі бацькамі. Памятаю, калі ехаў на свой першы ўступны экзамен у інстытут, Марыя Сцяпанаўна прыйшла ў шэсць гадзін раніцы на аўтобусны прыпынак і падрабязна тлумачыла, як правільна дабрацца да ВНУ, як не згубіцца ў вялікім горадзе”.
На той час вясковыя дзеці, якія добра вучыліся ў школе, звычайна аддавалі перавагу медыцыне, педагогіцы ці сельскай гаспадарцы. У сельскагаспадарчы інстытут Расціслава ўгаварылі пайсці бацькі: “На вёсцы дадуць жыллё, і нам будзеш падтрымкай. У калгасе не прападзеш, а зямлю ты любіш”.
Застацца ў сельгасінстытуце пасля заканчэння і паступіць у аспірантуру ў Расціслава не атрымалася, трэба было прайсці адпрацоўку па профілю. Ён размеркаваўся на радзіму, у калгас імя Дзяржынскага, якім кіраваў Пятро Карней, фігура вядомая ў раёне. Праз паўгода калгас аб’ядналі з двума суседнімі – дэфіцыту ў кадрах не стала, і кіраўнік адпусціў маладога агранома ў вольны палёт. Гэта быў 1979 год.
Неўзабаве Расціслаў паступіў… у Мінскі дзяржаўны педінстытут імя Горкага на гістарычны факультэт. Потым уладкаваўся на працу ў Лакачоўскай школе, дзе выкладаў гісторыю, грамадазнаўства і геаграфію, нярэдка замяняў настаўнікаў хіміі і біялогіі – веды, атрыманыя ў сельгасінстытуце і ў школе спатрэбіліся.
Як адзначаў Расціслаў Сцяпанавіч, у Лакачах быў выдатны педагагічны калектыў, моцныя настаўнікі савецкай школы – Аляксандра Саламаха, Тамара Пашкевіч, Ала Савіцкая… Ад іх пераймаў вопыт.
А кожнае лета, на працягу пятнаццаці гадоў, працаваў у аздараўленчым турысцка-краязнаўчым лагеры ў Байбах інструктарам школьнага турызму. Арганізоўваў экскурсіі, паходы, вечарыны. Дзеці наведвалі Вільнюс, Каўнас, Друскінінкай, Полацк і многія іншыя гістарычныя месцы, дзе Расціслаў Сцяпанавіч праводзіў для іх экскурсіі. Разам са сваімі выхаванцамі ён пехатой хадзіў да Крэва, Залесся, Кушлян, Вязынкі…
Шлях да навукі
Разам з дыпломам настаўніка Расціслаў Шчасны атрымаў прапанову паступаць у аспірантуру. Прафесар Канстанцін Кулінковіч быў упэўнены, што хлопцу з такімі ведамі і апантанасцю трэба ісці ў навуку. “Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму школьнікаў у сучасных умовах” – так гучала тэма кандыдацкай дысертацыі, якую ў маі 1994 года абараніў Расціслаў Шчасны.
Яе апрабацыя прайшла ў Сольскай сярэдняй школе – на той час самай перадавой вясковай ўстанове адукацыі. “У Солах я адчуў моцную падтрымку ад дырэктара Леаніда Страха, яго намесніцы Станіславы Баркоўскай і педагогаў. Цяпер, калі аналізую той час, разумею, якія цудоўныя людзі на розных этапах жыцця мне сустракаліся. Без іх мой лёс мог бы быць іншым”, - зазначаў мой суразмоўца.
У 1996 годзе Расціслаў Шчасны выдаў брашуру “Ці ведаеце вы гісторыю Смаргоншчыны?” – лагічнае прадаўжэнне яго дысертацыі. Выпуск ажыццявіў Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў “Мы – дзецям”.
Трыццаць гадоў таму Расціслаў Сцяпанавіч перайшоў з Лакачоў у першую гарадскую школу, якую ўзначальваў на той час заслужаны работнік адукацыі БССР Станіслаў Мінкевіч. Былы настаўнік і вучань зноў сустрэліся.
За гады педагагічнай працы Расціслаў Сцяпанавіч выступаў на 2 міжнародных і 12 рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях, быў пастаянным членам Савета Беларускага педагагічнага таварыства, у рабоце якога прымалі ўдзел Міністры адукацыі РБ, рэктары педагагічных ВНУ, лепшыя настаўнікі Беларусі. На рахунку Расціслава Шчаснага – больш за 40 публікацый у спецыялізаваных выданнях. У 1995 годзе яго ўзнагародзілі нагрудным знакам “За актыўную працу” – за прапаганду дасягненняў педагагічнай навукі сярод шырокай педагагічнай грамадскасці і актыўны ўдзел у распаўсюджванні педагагічных ведаў сярод насельніцтва.
У 2001 годзе Расціслаў Сцяпанавіч удзельнічаў у ІІ рэспубліканскім з’ездзе настаўнікаў Беларусі, на якім атрымаў дыплом аб прысваенні ганаровага звання “Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь”.
Але ж не дзеля рэгалій і званняў шчыраваў на ніве адукацыі гэты настаўнік. Яго педагагічнае крэда – “Навучаючы іншых, вучуся я сам”. “Англійскі паэт Аляксандр Поўп сцвярджаў: “Сілу розуму надаюць практыкаванні, а не супакой”. Выдатна сказана. Добры настаўнік увесь час павінен развівацца, шмат чытаць. Інакш ён будзе нецікавым сваім вучням, - быў упэўнены мой субяседнік. – А што тычыцца прадметаў, які я выкладаю… Маё перакананне – гісторыю трэба ведаць кожнаму, яна не толькі люстэрка жыцця грамадства, але і пэўны алгарытм яго будучыні”.
Да 50-годдзя СШ№1 Расціслаў Шчасны напісаў кнігу пра гісторыю школы. Пазней па яго ініцыятыве пачалі ствараць школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Наш гонар”, дзе нярэдка праходзяць урокі гісторыі, пасяджэнні клубаў “Беларусь” і “Мы – моладзь”.
Вельмі шмат экспанатаў для музея Расціслаў Сцяпанавіч сабраў сам. Гледзячы на апантанага педагога, рэчы з гісторыяй у школьны музей сталі прыносіць настаўнікі, дзеці, бацькі. Назапасіўся багаты архіў прадметаў побыту, кніг, фотаздымкаў. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху Уладзіміра Церабуна, для якога былы вучань школы перадаў свае асабістыя рэчы і творы. Ёсць асобны раздзел, прысвечаны таленавітай самабытнай мастачцы Ліліі Трохалевай, якая працавала ў першай школе сакратаром і кіраўніком тэатральнага гуртка. Пакуль няма асобнага раздзела, прысвечанага самому Расціславу Шчаснаму. Варта было б стварыць…
Адшукваць добрыя зярняткі
“У сваёй педагагічнай дзейнасці я шмат увагі ўдзяляю выхаваўчай рабоце, - зазначаў
Расціслаў Сцяпанавіч. – Нам, гісторыкам, у адрозненні ад іншых настаўнікаў-прадметнікаў, пашанцавала , бо не толькі на пазакласных занятках, але і на ўроках ёсць больш магчымасцяў для выхавання моладзі. Як можна проста выкладаць гісторыю ці грамадазнаўства? Гэтыя навукі – у цеснай сувязі з педагогікай і псіхалогіяй, з выхаваннем грамадзянскасці, патрыятызму, чалавечнасці, дабрыні і маралі, а гэта ж усё – складнікі асобы”.
“Расціславу Сцяпанавічу давялося шмат працаваць з “цяжкімі падлеткамі”. У класах, дзе ён быў кіраўніком, сустракаліся розныя дзеці – і выдатнікі, і “харашысты”, а сярод іх 8 – 10 чалавек, якія стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. І яму ўдавалася іх вывесці з гэтага ўліку, - сцвярджаюць калегі. - Ці то жартам, ці то ўсур’ёз бацькі сталі называць яго “папраўчай калоніяй”. Часам таты і мамы “цяжкіх падлеткаў” таксама былі нялёгкія, але настаўнік падбіраў ключыкі і да іх”.
“Тэрмін “цяжкія падлеткі” я не прызнаваў. У кожным вучні мне заўсёды хацелася знайсці добрае зернейка (працавітасць, поспехі ў творчасці, спорце ці ў школьным прадмеце). І калі гэта адбывалася, я “чапляўся” за гэта зярнятка, узводзіў яго ў абсалют, дапамагаў дзіцяці раскрыцца. Як толькі гэта ўдавалася, яно пачынала адчуваць сілу, падымаць крылы – і ўзлятаць”, - адкрываў свае прафесійныя сакрэты настаўнік. - Прыемна, што з тымі вучнямі, з якімі даводзілася больш працаваць, мы і дагэтуль – добрыя сябры”.
“Жыццё дадзена на добрыя справы”, - пісаў Сенека. Дабро, любоў да чалавека, узаемадапамога, шчодрасць учынку. “Каму на карысць? У чыіх інтарэсах? Ці ўсе зразумеюць?” – усе мы рана ці позна задаём сабе гэтыя пытанні, - разважаў Расціслаў Сцяпанавіч. - Штодзень я кажу сабе: “Калі шчаслівы той, хто разам са мной, калі я камусьці патрэбны, значыць, дзень і жыццё пражытыя недарэма”.
З гэтай нагоды прыпамінаюцца словы вялікага Шэкспіра: “Як далёка распасціраюцца промні маленькай свечкі. Гэтак жа ззяе і добрая справа ў стомленым свеце”. Няхай толькі ззяе і ніколі не гасне…
І пакуль мы будзем жыць, не згасне наша памяць пра гэтага светлага чалавека.