Блізіцца канец зімы, таму некаторыя вытворцы адзення выставілі на распродаж вясновыя і дэмісезонныя паліто. Зніжкі даходзяць да паловы ад пачатковай цаны.
Каб атрымаць найлепшую якасць пры найменшых выдатках, звернем увагу на мужчынскія паліто з найбольшым працэнтам натуральнай воўны ў тканіне. Найперш жа пацікавімся самымі даступнымі цэнамі на такія паліто ў суседніх краінах. Пры гэтым пастараемся аддаваць перавагу светлым адценням — у адпаведнасці з сезонам.
Латвія. У нашых паўночных суседзяў зніжкі крыху перавышалі палову пачатковай цаны. Паліто з воўны (80%) і поліаміду (20%) каштавала 179,9 еўра, або 532 беларускія рублі.
Літва. Тут абноўку з воўны (75%) плюс 5% кашаміру можна было набыць са зніжкай, крыху меншай за палову цаны — 231 еўра, або 683 руб.
Польшча. На заходніх абшарах удалося натрапіць на паліто цалкам з воўны. Выходзіла танней, чым у краінах Балтыі, — 749,99 злотых, або 464 рублі.
Расія. За паліто з 80% воўны і 20% поліэстэру прапануюць выкласці меншую суму — 10 194 расійскія рублі, або 387 беларускіх. Пры гэтым зніжка перавышае трэць першапачатковай цаны.
Украіна. Тут прапаноўвалі паліто з трыма складнікамі на этыкетцы: 82% — воўна, 10% — поліамід, астатнія 8% — кашамір. Са зніжкай выходзіла 4929 грыўнаў, або 655 беларускіх рублёў.
Беларусь. Адзін з айчынных вытворцаў прадаваў за паўцаны паліто з 95% воўны, астатняе — нейлон. Канчатковая цана спынілася на 189,11 руб.
Па выніках агляду варта адзначыць: нашы цэны — самыя прывабныя ў гэтым рэйтынгу, хоць у некаторых суседніх краінах сустракаліся яшчэ большыя зніжкі. Відаць, не апошнюю ролю адыграла канкурэнцыя сярод мясцовых вытворцаў у Беларусі. Разам з тым прызнаем, што толькі ў адной з краін пашчасціла натрапіць на запаветныя 100% воўны ў складзе тканіны. Пры гэтым прапанова на беларускім рынку парадавала другім вынікам у заліку на найбольшы працэнт воўны. Урэшце, нагадваем: зніжкі на паліто носяць кароткачасовы характар. Прынамсі, сама мэта распродажу ў тым, каб разгрузіць склады пад тавар для наступнай пары года.
Тэкст: Уладзімір Русаковіч