Найти тему

Першы званок кліча нас на ўрок

З трапятаннем у сэрцы, з усмешкай на вуснах – менавіта так спяшаюцца ў школу першакласнікі Назар і Захар Крукоўскія. Сёння для іх празвінеў першы школьны званок. Браты старанна рыхтаваліся да школы, цэлы год наведвалі заняткі, якія праводзіліся па суботах у СШ №7, а дома з мамай замацоўвалі веды.

“За год дзеці многаму навучыліся: чытаць, пісаць, лічыць, кажа мама двайнятак Юлія. Заняткі, якія праводзіла Аксана Васільеўна Маісеенка, яны вельмі палюбілі. Часам я прапаноўвала зрабіць перадышку, не пайсці ў школу, але хлопцы ніколі не згаджаліся з маёй прапановай. Нават прасіліся, каб адвяла на заняткі. Нашай настаўніцай будзе Аксана Васільеўна. Хлопчыкі яе добра ведаюць, таму школы зусім не баяцца”. “Сапраўды хочаце ў школу?” – цікаўлюся ў хлопчыкаў. “Так!” – у адзін голас усклікаюць браты Крукоўскія.

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Аксана Мінкоўская, на Смаргоншчыне сёлета за парты сеў 591 першакласнік. Для 228 адзінаццацікласнікаў гэты навучальны год стане фінальным.