Найти тему

Таццяна Блажыеўская распавядае вучням цікавыя факты аб родным беларускамоўным слове

«Беларускае слова ад Бога. Слову нашаму Бог дапамог. Хто не любіць яго, ад таго н азаўсёды адвернецца Бог!» , – менавіта так і вельмі трапна сказаў некалі наш славуты суайчыннік, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Сёння не кожны беларус ведае, што яшчэ ў 2011 годзе ЮНЕСКА — спецыялізаваная ўстанова ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры — прыйшла да высновы, што пасля італьянскай мовы наша родная беларуская мова значыцца другою моваю ў свеце па сваёй мілагучнасці. Менавіта таму пераможца конкурсу «Еўрабачанне-1990» Тота Кутуньё некалі здзівіў публіку, калі ў Віцебску заспяваў па-беларуску знакамітую песню «Вы шуміце, бярозы» з рэпертуара вакальна-інструментальнага ансамбля «Сябры» на словы таксама народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

Аб родным беларускамоўным слове цікавыя факты распавядае сваім вучням настаўніца СШ №1 г. Быхава Таццяна Блажыеўская. Беларускую мову і літаратуру яна, спецыяліст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, выкладае ў шостам, дзявятым і адзінаццатым класах.

Педагог амаль з трыццацігадовым стажам на сваіх занятках скарыстоўвае самыя розныя формы падачы засваяльнага матэрыялу. На ўроках беларускай літаратуры, да прыкладу, школьнікі  імкнуцца адчуваць сапраўдную мілагучнасць роднага слова не толькі з вуснаў настаўніцы, калі яна гамоніць, а і калі слухаюць па яе прапанове народныя песні ў выкананні легендарных музычных калектываў “Песняры”, “Стары Ольса”, “Троіца”.

Вопытны педагог звяртае таксама ўвагу сваіх выхаванцаў на вялікую колькасць адкрытых складоў у беларускай мове, а таксама на адметны санорны гук “ў” нескладовае. Па яе словах, у многім гэта абумоўлена яшчэ і асаблівай мяккасцю вымаўлення.

Таццяна Андрэеўна – карэнная быхаўчанка. Сярэднюю адукацыю яна атрымала ў СШ №3, цяперашняй гарадской  гімназіі, яшчэ ў савецкія часіны, калі вывучэнне беларускай мовы было неабавязковым для дзяцей вайскоўцаў, якія ў большасці сваёй прыязджалі з розных рэспублік СССР служыць у Быхаў, у 57- ю Чырванасцяжную марскую ракетаносную авіядывізію. Але дзяўчынцы пашанцавала сустрэць на пачатку свайго жыццёвага шляху маладую настаўніцу Валянціну Пятроўну Чарняўскую, якая выдатна ведала матчыну мову, а таксама літаратуру.Школьніцу адразу ўразілі своеасаблівы, нават спецыфічны каларыт, сакавітае вымаўленне і гучанне беларускіх слоў.

Цяперашняя настаўніца і мая суразмоўца ўспамінае, што яшчэ ў пяцігадовым узросце навучылася чытаць. Таму дзядуля, які заўважыў імкненне сваёй маленькай унучкі пазнаць моўны і літаратурны свет, павёў яе ў дзіцячую бібліятэку, запісаў у пастаянныя чытачы. Праўда, дзяўчынка спачатку аддавала перавагу рускамоўным аўтарам, паколькі іх там рэкамендавалі. Вельмі ёй пазней спадабаліся творы савецкага пісьменніка Аркадзя Гайдара. Асабліва аповесць “Цімур і яго каманда”. Ды потым, дзякуючы Валянціне Чарняўскай, адкрыла для сябе бліскучых майстроў беларускага слова, класікаў беларускай літаратуры — Максіма Багдановіча, які, на вялікі жаль, вельмі рана пайшоў з жыцця, Янку Купалу і Якуба Коласа, якія сталі народнымі, а таксама Уладзіміра Караткевіча, іншых слынных творцаў.

Зараз па школьнай праграме і на дадатковых занятках вучні таксама знаёмяцца з творчасцю сучасных пісьменнікаў і паэтаў. Напрыклад, драматурга і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Георгія Марчука, стыль-рэдактара літаратурнага часопіса » Дзеяслоў” і вядомага драматурга Андрэя Федарэнкі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, а таксама іншых літаратурных прэмій Раісы Баравіковай, якая пачынала свой творчы шлях у нашай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя”, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэмі і нашага земляка з вёскі Заброддзе Міхася Пазнякова, чыі вершы часта друкуюцца на старонках «МП» шэрагу іншых літаратараў.

Таццяна Блажыеўская прызнаецца, што з дзяцінства марыла аб прафесіі настаўніка. Узорам для яе сталі родная цётка і старэйшая сястра, якія выбралі педагагічны шлях. Таму, калі ў 1994 годзе атрымала атэстат сталасці, паступіла ў  Магілёўскі педагагічны інстытут, сённяшні дзяржаўны ўніверсітэт. Вучылася завочна на філалагічным факультэце па спецыяльнасці “настаўнік рускай мовы і літаратуры”, але з правам выкладаць яшчэ і беларускую мову, літаратуру. Тады ж яна пачала працаваць у СШ №1 г. Быхава. На той момант названай гарадской установе адукацыі быў тэрмінова патрэбен настаўнік менавіта беларускай мовы і літаратуры. І яна з задавальненнем стала ім. Студэнтцы-завочніцы давялося вельмі нялёгка. Каб выкараніць з паўсядзённай размовы “русізмы”, шмат чытала розныя беларускамоўныя кнігі, часопісы, перыядычныя выданні.  Да таго ж, пад рукой заўсёды знаходзіўся руска-беларускі слоўнік. Але такое было вельмі даўно. Цяпер ніякіх складанасцяў не ўзнікае, таму што думае настаўніца выключна па-беларуску і, калі трэба, з задавальненнем па-беларуску гамоніць.

Настаўніца ў размове падкрэслівае: сучасныя дзеці, як і павінна быць, цікавяцца сучаснай роднай мовай. Толькі трэба ўмець даносіць да іх яе вялікія вартасці, а затым замацаваць атрыманыя неабходныя веды. І гэта робіцца праз узаемныя стасункі на ўроках, у тым ліку з выкарыстаннем пазнавальных відэаролікаў, захапляльных квестаў – гульняў. Такім чынам праяўляецца таксама любоў, павага да сваіх вучняў, а яны адказваюць тым жа.

На думку Таццяны Андрэеўны, сёння ў нашых агульнаадукацыйных школах на вывучанне беларускай мовы і літаратуры трэба даваць значна больш часу, а не дзве гадзіны ў тыдзень. На айчынных тэлеканалах вельмі не хапае пазнавальных беларускамоўных праектаў, журналісты перыядычных выданняў пішуць у асноўным толькі па-руску. Такую сітуацыю патрэбна выпраўляць, бо яшчэ ў 2019 годзе на мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і 25-годдзя Канстытуцыі Беларусі цяперашні кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны Уладзімір Макей казаў, што “… наша мова шчыра характарызуе нас як спелую нацыю са сваім светапоглядам і менталітэтам, адлюстроўвае вопыт, каштоўнасці, традыцыі беларускага народа. Яна з’яўляецца важнай прыкметаю этнічнай самасвядомасці беларусаў і важкім падмуркам дзяржаўнасці”.

Аспрэчыць такую вельмі правільную выснову немагчыма.

Сяргей ЛЕЎЧАНКА.

С подпиской рекламы не будет

Подключите Дзен Про за 159 ₽ в месяц