На працягу двух дзён, 1 і 2 сакавіка, у Смаргоні працавала здымачная група тэлеканала “Беларусь-3” (Культура). Тэлевізійшчыкі: прадзюсар Алена Манькоўская, аўтар праграмы “Камертон” Анжаліка Новікава і тэлеаператар Дзяніс Бутылін стваралі праграму пра вядомага смаргонца, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптара, ганаровага грамадзяніна горада Уладзіміра Цебаруна. Праз месяц, 11 красавіка, Уладзімір Васільевіч адзначыць 75-гадовы юбілей.
Тэлеаповед пра Уладзіміра Церабуна (26-хвілінны дакументальны фільм) будзе змешчаны ў скарбонку гісторый, творчых шляхоў, поспехаў і дасягненняў, якую з года ў год папаўняюць дзеячы культуры і мастацтва – менавіта так вобразна называюць праграму “Камертон”, якая транслюецца на канале “Культура”.
За сваё жыццё Уладзімір Церабун зрабіў шмат добрых спраў, увогуле – для Беларусі і для роднай Смаргоншчыны, у прыватнасці. Таму падчас стварэння перадачы тэлевізійшчыкі шмат здымалі Смаргонь – тыя месцы, дзе пакінуў свой след скульптар: мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні, скульптурная кампазіцыя “Мядзведжая акадэмія”, помнік “Рэха вайны” (памяці воінам -інтэрнацыялістам), “На хвалях часу” – да 500-годдзя першага ўпамінання Смаргоні, помнік да 100-годдзя пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, мемарыяльная дошка Аляксандру Дзяругу на будынку былога Дома піянераў…
Завіталі работнікі Белтэлерадыёкампаніі і ў першую школу, дзе некалі вучыўся Уладзімір Церабун. У школе ёсць музей, адна з экспазіцый якога прысвечана былому вучню, таленавітаму майстру.
Уладзімір Васільевіч – добры сябра “Светлага шляху”. Не раз быў героем газетных матэрыялаў. Час ад часу сам дасылае нам допісы. А яшчэ ён – ідэйны натхняльнік нашага праекта “Памяці маэстра”. Журналіст газеты Галіна Антонава стварыла цыкл матэрыялаў пра Аляксандра Дзяругу і яго таленавітых выхаванцаў, якія пазней былі сабраны пад адну вокладку – выйшла кніга “Дзяруга”. А зусім нядаўна пры падтрымцы газеты “Светлы шлях” пабачыў свет сігнальны экзэмпляр кнігі-альбома “Лілія Трохалева”. Укладальнікі выдання – скульптар Уладзімір Церабун, журналіст Галіна Антонава і мастак гісторыка-краязнаўчага музея Дзмітрый Ярмак.
Усё вышэй пералічанае будзе прадстаўлена ў “Камертоне”. І многія іншыя старонкі біяграфіі вядомага смаргонца, пра якія мы пакуль не будзем расказваць. Калі перадачу пакажуць на БТ-3, мы паведамім загадзя.