Жывёлагадоўля – адна з важнейшых галін аграрнага сектара. Ад эфектыўнасці яе работы залежаць эканамічны стан сельгасарганізацый, харчовая бяспека, стабільны экспарт беларускай прадукцыі на замежныя рынкі. Гэтаму пытанню была нададзена ўвага і на VI Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ніколі не будзе дзяржавы, калі яна не зможа накарміць сваіх людзей. Беларусы не толькі поўнасцю забяспечваюць сябе прадуктамі харчавання, у тым ліку малаком і мясам, але і прадаюць іх у іншыя краіны блізкага і далёкага замежжа.
Будаўніцтва і мадэрнізацыя малочнатаварных ферм, прымяненне новых тэхналогій і сучаснага абсталявання, механізацыя вытворчых працэсаў, мэтанакіраваная работа па захаванні рацыёну кармлення, утрыманні статка, прафілактыкі захворванняў – усё гэта дазваляе нарошчваць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, зніжаць яе сабекошт. Менавіта па такім шляху развіцця жывёлагадоўчай галіны ідуць у ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”.
На пабудаванай МТФ “Мышкавічы” былі максімальна ўкаранёны сучасныя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі.
Большасць працэсаў тут механізавана. Сярод “плюсаў” і тое, што малако не кантактуе са знешнім асяроддзем, з рукамі работнікаў, што станоўча адбіваецца на яго якасці і гатунковасці. Адным з крокаў у плане павышэння паядаемасці жывёлай кармоў для рассветаўцаў стала будаўніцтва кармавых сталоў са спецыяльным пакрыццём, якое не дазваляе масе акісляцца, а таксама прадухіляе працэс размнажэння шкодных бактэрый, здольных адмоўна ўплываць на якасць малака. У памяшканнях заўсёды светла: дах зроблены з полікарбаната, праз які паступае дастатковая колькасць натуральнага святла, такім чынам эканоміцца электраэнергія. На вокнах усталяваны спецыяльныя шторкі, якія ў выпадку халоднага надвор’я апускаюцца, падчас цяпла – хлявы праветрываюцца. З навінак – падаграваемая падлога ў даільным і пераддаільным залах: у цеплыні малако не застойваецца ў вымені, каровы з лёгкасцю дояцца. Камфортна працаваць у такіх умовах і работнікам МТФ.
Прадуманая да дробязей тэхналогія ўтрымання жывёлы, а таксама дзякуючы павелічэнню дойнага статка, які зараз налічвае 600 галоў, правільна збалансаваным і энергетычным паўнацэнным рацыёнам, прыносяць свае станоўчыя вынікі. Калі за студзень 2020 г. валавы надой малака складаў 391455 т, то ў студзені бягучага – тут надаілі ўжо 593160 т.
З першага дня сваёй работы і дагэтуль на МТФ атрымліваюць малако толькі гатункам “экстра”. Сёлета сярэдні ўдой на карову на раздоі (ад 0 да 100 дзён) складае 37 л, а па ферме – 32,9 л. Зразумела, што такія малочныя “рэкі” бываюць толькі там, дзе строга захоўваюцца тэхналогіі. А яшчэ – ёсць надзейныя і добрасумленныя кадры, якія забяспечваюць штодзённую бесперабойную работу аб’екта.
Як адзначыла яго начальнік Ларыса Бародзіч, калектыў падабраўся адказны і добрасумленны, з такімі людзьмі вырашэнне многіх пастаўленых задач аказваецца па сілах. Значныя і важныя ўчасткі работы вядуць заатэхнік Марыус Бераснеў і тэхнік па штучным асемяненні Віталь Бяляўскі. Добрасумленна працуюць аператары машыннага даення Валянціна Клімовіч і Валерый Абрамовіч, якія па выніках працоўнага спаборніцтва ў ліку лідараў за 2020 год, Святлана Каралёва і Вікторыя Несцярэнка, на раздоі – Барыс Кукабака.
Без малога за 3 гады работы на МТФ забяспечаны замкнёны цыкл вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі: ад нараджэння цяля да яго ўводу ў асноўны статак. З радзільнага аддзялення пасля абагрэву і выпайкі малодзіва цяляты пераводзяцца ў пабудаваны хлеў-“тэнтавік” на 288 галоў. Утрыманне тут ажыццяўляецца ў індывідуальных станках, наладжаны строгі кантроль за вакцынацыяй і лячэннем, у выніку ўдалося дасягнуць практычна 100% захаванасці маладняку.
Па словах Ларысы Бародзіч, немалая заслуга ў гэтым і адказных кадраў – аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм Алены Логачавай, Святланы Новік і Алены Ставер, а таксама Юліі Шчэрбіч, якая даглядае цялят у радзільным аддзяленні.
На МТФ створаны належныя санітарна-бытавыя ўмовы для работнікаў. Маюцца пакоі для адпачынку і прыёму ежы, гардэроб і душавыя, устаноўлена пральная машына. Дзякуючы таму, што ў “Рассвеце” свой пашывачны цэх, няма праблем з забеспячэннем спецаддзеннем.
Мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі, ініцыятарам правядзення якой у свой час стаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прынесла свае станоўчыя вынікі. Як было адзначана Прэзідэнтам на народным форуме, у мінулым годзе сельская гаспадарка адзіная ў краіне спрацавала з “плюсам” амаль на 6 працэнтаў. А гэта значыць – беларусы на правільным шляху.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.