Найти в Дзене
Газета Кіравец

Ніна Шаболда: “Культурная спадчына беларусаў – каштоўны скарб”

Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг і дэпутат Ніна Шаболда абмяркоўваюць надзённыя пытанні жыццядзейнасці насельніцтва
Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг і дэпутат Ніна Шаболда абмяркоўваюць надзённыя пытанні жыццядзейнасці насельніцтва

Прадстаўляем дэлегатаў VI Усебеларускага народнага сходу. Ніна Шаболда: “Культурная спадчына беларусаў – каштоўны скарб”

Ганаровае права прадстаўляць Кіраўшчыну ў ліку іншых дэлегатаў
на VI Усебеларускім народным сходзе прадастаўлена і загадчыцы Стайкаўскага сельскага клуба, дэпутату Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ніне Шаболда.

Для Ніны Уладзіміраўны гэты факт стаў асабліва хвалюючым у жыцці: удзельні­чаць у форуме такога высокага ўзроўню яна будзе ўпершыню, прычым, жанчына з ліку жыхароў Стайкаўскага сельсавета першы дэлегат, які прыме ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе, і гэта таксама да многага абавязвае. Аднавяскоўцы, калегі і знаёмыя людзі рады за яе, бо стаць удзельнікам мерапрыемства дзе будуць абмеркаваны і прыняты важныя для нашай краіны і кожнага беларуса рашэнні і задачы, не кожнаму даводзіцца.
Як адзначыла Ніна Шаболда, для яе, як вясковага жыхара, як дэпутата сельскага савета дэпутатаў і прадстаўніка сацыяльнай сферы, самым важным на Усебеларускім народным сходзе стане абмеркаванне пытанняў паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, раскрыцця культурнага патэнцыялу нашай прыгожай, непаўторнай і міралюбівай Беларусі.
– Пра гэтае і многае іншае адзначана ў Асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады. Прачытаўшы дакумент адзначу, што ўзнятыя ў ім пытанні – важныя для кожнага з нас: для дзяцей і падлеткаў, для працуючых і пенсіянераў, для гараджан і вяскоўцаў. Сярод прыярытэтаў развіцця на першым месцы – шчаслівая сям’я. Сапраўды, што можа быць даражэй за здароўе і дабрабыт родных і блізкіх людзей, за выхаванне дастойных дзяцей, за агорнутую клопатам старасць…
Ніна Уладзіміраўна нара­дзілася, вырасла, жыве і працуе ў аг.Стайкі. Больш за два дзесяцігоддзі яна ўзначальвае мясцовую ўстанову культуры. За гэты час сельскі клуб аграгарадка стаў любімым месцам адпачынку дзятвы і моладзі, пенсіянераў і працуючых сяльчан. Яго без перабольшвання можна назваць цэнтрам жыцця аграгарадка. Чаму так? Асаблівага сакрэту няма – кожны знаходзіць тут сабе занятак па душы: падабаецца спяваць – калі ласка, можна паспрабаваць свае вакальныя да­дзеныя ў саставе аматарскага калектыву “Задорынка”, любіш танчыць, чытаць вершы ці займацца творчасцю – ніякіх праблем, было б толькі жаданне. Несці культуру ў масы – справа выключна адказная і нялёгкая, да таго ж, яна патрабуе ў прадстаўнікоў гэтай прафесіі наяўнасці старання і таленту, умення зацікавіць, зрабіць так, каб чалавек зноў і зноў захацеў прыйсці і акунуцца ў чароўны свет мастацтва.
У зоне абслугоўвання Стайкаўскага сельскага клуба – аг.Стайкі і некалькі прылягаючых населеных пунктаў, у якіх пражывае 364 чалавекі. У сваёй рабоце загадчык установы робіць акцэнт на развіццё беларускай самабытнасці, захаванне непаўторных народных традыцый і абрадаў, дапамагае ў гэтым і атрыманая ў свой час у Магілёўскім каледжы мастацтваў спецыяльнасць рэжысёра народных святаў і абрадаў. Ніна Уладзіміраўна ўпэўнена, што беларусы ніколі не адмовяцца ад сваіх вытокаў, не адправяць у небыццё цудоўны і непаўторны народны фальклор, які створаны часам. Для падобнага меркавання ў яе ёсць падставы: жыхары Стаек з задавальненнем наведваюць праводзімыя ў сельскім клубе мерапрыемствы, якіх нямала: канцэрты, баль-маскарады, тэатралізаваныя пастаноўкі, святочныя сустрэчы і тэматычныя размовы, ранішнікі для дзяцей.
У 2019 годзе Стайкаўскі сельскі клуб быў адзначаны Дыпломам Магілёўскага аблвыканкама, як пераможца штогадовага спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па захаванні і развіцці культуры Магілёўскай вобласці за 2018 год.

– Немалая частка нашых вяскоўцаў – людзі пажылога ўзросту, але вельмі радуе, што цікавасці да розных культурных падзей яны не губляюць. Прыемна падчас святочных канцэртаў і мерапрыемстваў бачыць поўную залу гледачоў, іх шчырыя ўсмешкі, чуць гучныя апладысменты і словы ўдзячнасці ў адрас самадзейных артыстаў. Нават у мінулым годзе і пачатку сёлетняга, калі адзначаецца неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя, вяскоўцы не застаюцца без святаў. Шмат мерапрыемстваў мы праводзілі на свежым паветры. Дарыць іншым радасць – гэта цудоўна.
Належную ўвагу загадчык сельскага клуба надае адра­джэнню і захаванню культурнай спадчыны. Так, з дапамогай Зінаіды Ачыновіч і Зінаіды Фірагінай удалося аднавіць і ўвасобіць прыгожы народны абрад “Вербніца”, які ў былыя часіны праводзіўся напярэдадні Пасхі ў Вербную нядзелю. Займаецца Ніна Уладзіміраўна і запісам аўдыёфайлаў са старадаўнімі беларускімі народнымі песнямі. Пры падтрымцы сяльчан удалося аформіць музейны пакой, які з задавальненнем наведваюць дзеці і моладзь.
Сярод самых любімых у жыхароў Стаек народных святаў – Калядкі і масленічныя гулянні, удзельнічаюць у іх і маладыя, і пажылыя, а дапамагаюць арганізаваць і правесці школьнікі і настаўнікі. За гады работы Ніна Шаболда ўпэўнілася, што такія мерапрыемствы здольныя аб’яднаць людзей самых розных узростаў, поглядаў, а самае галоўнае – захаваць і перадаць нашчадкам часцінку багатай і непаўторнай беларускай культурнай спадчыны. Калі з дзяцінства навучыць шанаваць сваю малую радзіму, паважаць гісторыю свайго народа і продкаў, то людзі пранясуць гэта ў сваім сэрцы праз усё жыццё і ніколі не здрадзяць краіне.
Старшыня Стайкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Міхаіл Фрэйберг ахарактарызаваў Ніну Шаболду як чалавека адказнага, адукаванага і ўважлівага да клопатаў сяльчан. “Яе ведаюць і паважаюць і дарослыя, і дзеці. Не кожны здольны так аб’ядноўваць лю­дзей самых розных узростаў і інтарэсаў, у Ніны Уладзіміраўны гэта атрымліваецца выдатна.
Адказныя адносіны ў жанчыны да дэпутацкай работы: па першым закліке яна гатова прыйсці на дапамогу, актыўна ўдзельнічае ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва нашага сельсавета, добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў, разам з моладзю належную ўвагу надае захаванню памяці пра абаронцаў Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Святлана Зыранава, жывёлавод СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёў­абл­нафтапрадукт”, выбаршчык па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання па Стайкаўскаму ўчастку для галасавання №27, актыўны
ўдзельнік аматарскага калектыву “Задорынка”, адгукаецца пра Ніну Шаболда як пра неабыякавага і добразычлівага чалавека, які сярод штодзённых клопатаў імкнецца падарыць сяльчанам свята. “З’яўляючыся нашым дэпутатам, Ніна Уладзіміраўна дапамагае вырашаць самыя розныя жыццёвыя пытанні і праблемы. Яе выбаршчыкі ўпэўнены – калі жанчына бярэцца за справу – усё будзе выканана. Асабіста я няшмат сустракала такіх аддадзеных сваёй малой радзіме людзей. Наш сельскі клуб жыве і бруіць творчасцю ў любую пару года. Нягледзячы на тое, што вольнага часу ў працуючых сяльчан не так шмат, культработнік да кожнага з нас знаходзіць падыход, умее зацікавіць, і мы з задавальненнем прыходзім на рэпетыцыі, удзельнічаем у мерапрыемствах. А як мнагалюдна ў нас падчас народных гулянняў! Несумненна, заслуга ў гэтым нашага загадчыка клуба, якая ўкладае душу ў кожны канцэрт ці сустрэчу. Мы вельмі рады, што менавіта такі неабыякавы да людзей, да жыцця на вёсцы і захавання непаўторнасці нашай беларускай культурнай спадчыны чалавек будзе прадстаўляць інтарэсы сяльчан на VI Усебеларускім народным сходзе”.
Алена Волкава, дырэктар Стайкаўскага НПК ДС-ПШ, адзначыла: “Калі прымала ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання ні хвіліны не сумнявалася, аддаўшы свой голас за Ніну Шаболда. Шмат год ведаю яе толькі з лепшага боку і як работніка ўстановы культуры, і як жонку і маці, і як ветлівага, добразычлівага чалавека. Яна ніколі і нікому не адмовіць у падтрымцы, яе любяць вяскоўцы – як дарослыя, так і дзеці. Дарэчы, Ніна Уладзіміраўна вельмі плённа працуе з дзецьмі і моладзю, прывівае ім любоў да малой радзімы, дзе нарадзіліся і жывуць, праз тэматычныя сустрэчы і гутаркі вучыць шанаваць гісторыю беларускага народа, паважаць законы сваёй краіны, захоўваць багатую культурную спадчыну”.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.