Грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Смаргонская ініцыятыва” і дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй распачалі экалагічны праект “Працягні прыродзе руку”. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
15 студзеня ў актавай зале Смаргонскага політэхнічнага ліцэя прайшло пасяджэнне круглага стала, дзе адбылася прэзентацыя праекта і былі агучаны яго мэты і задачы.
У абмеркаванні пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем задач праекта, бралі ўдзел прадстаўнікі раённай улады, сябры партнёрскіх арганізацый, педагогі і навучэнцы ліцэя. Прывітаў прысутных намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шчасны. У прыватнасці, ён адзначыў важнасць узнятай праблемы ў выхаванні экалагічна адукаванай моладзі. Прэзентавала праект яго кіраўніца Надзея Карасёва.
Па розных аспектах экалагічнай адукацыі выступілі начальнік інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Голубеў, дырэктар СДППЛ Наталля Ліпавая, кіраўнік гімназіі і клуба экалагічнага маніторынгу Ірына Дурэйка, старшыня ГДА “Смаргонская ініцыятыва” Вольга Чэкун, выкладчыца ліцэя, кіраўнік працоўнай групы праекта Тамара Кісілевіч, фельчар-валеолаг занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Кундра, навучэнка ліцэя Ксенія Малахава, намеснік дырэктара ліцэя Тэрэса Кабялькова.
(Больш падрабязна пра мерапрыемства чытайце ў газеце “Светлы шлях”).