Прадстаўляем дэлегата VI Усебеларускага народнага сходу ад Кіраўскага раёна.
Святлана Шчэрбіч: «Увагу – грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі».
Дырэктару Мышкавіцкай СШ, дэпутату Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў
і Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Святлане Шчэрбіч у ліку іншых даверана прадстаўляць наш раён на VI Усебеларускім народным сходзе. Што значыць для яе гэтая падзея? З якімі думкамі, пачуццямі
і спадзяваннямі збіраецца Святлана Васільеўна на народны форум? На што, на яе погляд, варта звярнуць увагу яго дэлегатам? Каб атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні, мы завіталі да Святланы Шчэрбіч.
Наша сустрэча адбылася на яе рабочым месцы – у кабінеце дырэктара школы. Працоўныя абавязкі кіраўніка установы адукацыі яна сумяшчае з выкладаннем рускай мовы і літаратуры.
Калі размова разгортваецца, разумееш, што Святлана Васільеўна – не толькі прыемная знешне, але і мае багаты ўнутраны свет: і як педагог, і як калега па рабоце, і як грамадскі дзеяч, і як захавальніца хатняга ачага.
Падчас гутаркі аб прадстаячым Усебеларускім народным сходзе Святлана Шчэрбіч адзначыла: “Удзел у народным форуме асабіста для мяне – хвалюючая, важная і адказная падзея, бо ўсе разам мы будзем вызначаць далейшы шлях развіцця нашай дзяржавы з улікам думак і меркаванняў яе жыхароў.
Лічу, што ўвагу трэба звярнуць на ўдасканальванне работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення: праз сустрэчы са знакамітымі землякамі, працаўнікамі, якія вылучыліся высокімі прафесійнымі дасягненнямі на карысць роднай зямлі; таксама неабходна павялічваць колькасць мерапрыемстваў з мэтай азнаямлення з гісторыяй малой радзімы.
Упэўнена, што ўвядзенне ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні будзе садзейнічаць больш цеснаму ўзаемадзеянню з воінскімі часцямі, падраздзяленнямі, зацікаўленымі ў пытаннях патрыятычнага выхавання ўстановамі і арганізацыямі, і дазволіць рэалізоўваць прынцыпы ваенна-патрыятычнага выхавання больш эфектыўна.
Таксама варта ўмацоўваць і захоўваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, падтрымліваць прэстыж сям’і”.
У 2018 годзе Святлана Шчэрбіч упершыню была абрана дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28 склікання па Кіраўскай выбарчай акрузе №1 і Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў па Стаўпіцкай выбарчай акрузе №12.
Яна ўваходзіць у састаў пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы і сацыяльнай абароны грамадзян, якая дзейнічае пры раённым Савеце дэпутатаў.
Старшыня Мышкавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Жанна Камінская адгукаецца аб Святлане Шчэрбіч як аб дэпутаце з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Святлана Васільеўна з’яўляецца членам савета грамадскага пункта аховы правапарадку, уваходзіць у інфармацыйна-прапагандысцкую групу сельскага Савета. Удзельнічае ў сустрэчах з насельніцтвам, абследаваннях домаўладанняў сацыяльна небяспечных і ўразлівых катэгорый насельніцтва.
Разам з калектывам школы аказвае сельскаму савету актыўнае садзейнічанне ў добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў Мышкавіцкага сельсавета.
У скарбонцы асабістых дасягненняў Святланы Шчэрбіч як грамадскага дзеяча – Падзячнае пісьмо раённага Савета дэпутатаў – за значны ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу Кіраўскага раёна, плённую дзейнасць у органах мясцовага самакіравання.
Сваю задачу як кіраўніка ўстановы адукацыі Святлана Шчэрбіч бачыць у тым, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы навучання для дзяцей і працы – для калектыву. Летась у Мышкавіцкай школе былі завершаны маштабныя рамонтныя работы. У перыяд з чэрвеня па верасень праведзены капітальны рамонт і мадэрнізацыя даху па ўсім перыметры, некаторых памяшканняў, харчблока з заменай абсталявання, вонкавае ўцяпленне сцен, іншыя работы.
Па выніках работы за 2018 год Мышкавіцкай СШ было прысуджана ганаровае III месца ў абласным спаборніцтве на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай адукацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах.
Калега па рабоце, настаўнік пачатковых класаў, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мышкавіцкай СШ Ганна Юрчанка, характаразуючы дзелавыя і асобасныя якасці Святланы Шчэрбіч, адзначыла: “Мне падабаецца ў Святлане Васільеўне тое, што яна ўмее прымаць хуткія валявыя рашэнні, дакладна размяркоўваць паўнамоцтвы сярод падначаленых, дзякуючы чаму наш калектыў працуе зладжана, гэта фарміруе ў ім здаровую атмасферу.
Як чалавек, яна неабыякавая да праблем навакольных, імкнецца дапамагчы, даць дзейсную параду, падтрымаць.”
Адной са сваіх галоўных задач як педагога Святлана Шчэрбіч бачыць у тым, каб вучыць дзяцей любіць і паважаць Радзіму: “Я ўпэўнена, нельга не любіць тое месца, дзе нарадзіўся, не паважаць продкаў і іх здабыткі, не імкнуцца зрабіць лепшым населены пункт, дзе жывеш”.
Па словах Святланы Васільеўны, яна ні разу не пашкадавала аб зробленым прафесійным выбары. Самае складанае ў прафесіі педагога, на яе думку, – раскрыць талент вучня, знайсці і закрануць у яго душы тыя тонкія струны, якія дазволяць яму адбыцца як асобе.
_________________________
Святлана Шчэрбич нарадзілася ў Кіраўску, у сям’і простых рабочых людзей – як кажа пра сваіх бацькоў сама С.В.Шчэрбіч. Вучылася ў СШ №1 райцэнтра. Менавіта са школьнай лавы ў яе з’явілася жаданне быць настаўнікам. Падставай таму стаў прыклад любімых педагогаў – Н.Р.Бравусавай
і Ж.А.Завальнікавай. Азы прафесіі пачала атрымліваць у Горацкім педагагічным каледжы, затым вучылася ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. Пасля атрымання адукацыі жадання застацца ў вялікім горадзе не было: цягнулі карані, любоў да малой радзімы, таму першую старонку сваёй працоўнай біяграфіі пачала пісаць, будучы настаўнікам пачатковых класаў Казуліцкай школы. З 2012 года С.В.Шчэрбіч узначальвае Мышкавіцкую СШ, а да гэтага некалькі год была дырэктарам Пацава-Слабадской школы.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.
На здымку: Святлана Шчэрбіч з вучнямі Мышкавіцкай СШ.