Найти в Дзене
БелТА

Усіх цікавяць звароты да жанчын. Пра што распавядаюць інсткрыпты на кнігах Коласа?

Дароўныя надпісы на кнізе паказваюць стаўленне пісьменнікаў да свайго мінулага і жыцця, да розных асоб з акружэння. Нярэдка такія аўтографы нясуць у сабе цікавыя гісторыі, зважаюць на тыя ці іншыя думкі аўтара, нагадваюць аб былых сустрэчах і блізкіх адносінах. З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа даследуем яго iнскрыпты.

Гісторыі знаёмства і перапіскі

- У нас захоўваецца 93 кнігі з дароўнымі надпісамі, - распавядае галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучка класіка Васіліна Міцкевіч. - Кнігі з аўтографамі аўтара, часам не абавязкова знакамітага, з нейкай цеплынёй захоўваюцца ў асабістай бібліятэцы кожнага яе ўладара. Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа мы падгатавалi выставачны праект, якi дазволіць пазнаёміцца з кнігамі, якія некалі народны паэт Беларусі дарыў сваім сябрам, знаёмым, калегам. Яны беражліва захоўвалі іх ў прыватных бібліятэках. Былі выяўлены 16 новых інскрыптаў Якуба Коласа, якія раней не друкаваліся. Гэта лічба ўражвае, таму што зараз знайсці рукапіс, аўтограф класіка - вялікае шчасце для даследчыка. На выставе інскрыпты прадстаўлены ў 9 блоках. Увогуле гэта была любімая лічба паэта, мы не імкнуліся зрабіць гэта спецыяльна, але так супала.

-2

Адрасаваныя родным

На кнізе "Раніца жыцця" аўтограф ад 19.11.1951 года прысвечаны старэйшаму ўнуку Якуба Коласа. Цікава, што ў Сяргея Міхайлавіча быў яшчэ адзін знакаміты дзед - Янка Маўр. Ёсць нават фотаздымак, дзе можна ўбачыць двух пісьменнікаў разам з унукам.

Шамякин с внучкой Машей и легендарный Медведь с сыном. 15 фото известных белорусов

Са сваім сватам, Янкам Маўрам, Якуб Колас быў знаёмы вельмі даўно, яны разам удзельнічалі ў нелегальным настаўніцкім з'ездзе, за які Колас адбываў пакаранне ў Мінскім астрожным замку.

-3

Падчас вайны, ў 1943 годзе, Якуб Колас падарыў Маўру сваю паэму "Суд у лесе".

- Калі Маўр яе атрымаў, ён знаходзіўся ў эвакуацыі ў Алма-Аце. Ён быў у даволі цяжкім матэрыяльным становішчы. Катастрафічна не хапала грошай, ён не мог знайсці працу, а трэба было забяспечваць сямью, у тым ліку і маю бабулю, малодшую дачку Янкі Маўра Наталлю Іванаўну Фёдараву, якая выдатна вучылася. А яе выключалі са школы, таму што ў Маўра не было грошай заплаціць за навучанне, - расказвае праўнучка. - Вось ён і пісаў Коласу аб сваім становішчы, грошай не прасіў, але Колас даслаў яму патрэбныя сродкі. І так атрымалася, што ў хуткім часе гэта дзяўчынка стала яго нявесткай. А лісты Маўра да Коласа ўвогуле вельмі шчымлівыя. Іх немагчыма чытаць без нейкага асаблівага трапяткога пачуцця, бо бачны кроплі, напэўна, слёзы Янкі Маўра, калі ён пісаў гэтыя лісты. Беларускі пісьменнік, канешне, вельмі перажываў за сваю сямью, за лёс сваёй Радзімы і, безумоўна, быў узрадаваны атрымаць вестачку ад Коласа.

-4

А наконт паэмы "Суд у лесе" Маўр напісаў сябру, што яму яна вельмі спадабалася, і даслаў Коласу чатырохрадкоўе, напісанае пад уражаннем ад гэтага твора:

"Калі я чую леса голас,

таемны шум, нібы шагі,

здаецца мне, што гэта Колас

Шукае там баравікі".

У класіка была асаблівая любоў да грыбоў. Гэта хобі яго радавала, натхняла. Маўру і іншым беларускім пісьменнікам ён пісаў, што марыў аб тым, што вернецца ў Беларусь, вызваленую ад захопнікаў, і паходзіць па нашых лясах, пазбірае грыбоў. І калі ён знойдзе першага баравіка, то стане перад ім на калені і складзе спецыяльна для яго верш.

-5

На памяць жанчыне

- Інскрыпт можна разглядаць як нейкі дыялог паміж людзьмі, і гэты дыялог прыемна чуць менавіта зараз, разгадваючы тое, што хацеў сказаць аўтар. Інскрыпты, якія адрасаваны жанчынам з яго акружэння, заўсёды выклікаюць інтарэс нашых наведвальнікаў, - распавядае Васіліна Міцкевіч. - Вось, напрыклад, аўтограф Алесе Смоліч, жонцы вядомага беларускага навукоўца Аркадзя Смоліча. Ён датаваны 1928 годам. З Алесяй Ігнатаўнай Колас сябраваў, ліставаўся ў 1950-я гады, яна вельмі падтрымлівала паэта, калі той хварэў. А вось інскрыпт, адрасаваны Таццяне Іванаўне Замоцінай. Гэта дачка вядомага навукоўца Івана Іванавіча Замоціна. На выставе можна ўбачыць яе падарунак Коласу - прыгожы нож для паперы.

Цудоўная гісторыя звязана са зборнікамі вершаў на рускай мове "Голос земли" і "Адпомсцім", выдадзенымі ў гады вайны. Яны адрасаваны Вользе Грудзінскай. З ёй пісьменнік сустрэўся вельмі даўно. Цікава, што спачатку яна пазнаёмілася з будучай жонкай паэта - Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай, яна была яе настаўніцай у адной з віленскіх школ. Вучні вельмі любілі Марыю Дзмітрыеўну за абаяльнасць, дабрыню і лагоднасць. І калі яе пераводзілі ў Пінск у другую школу, усе яны плакалі, бо не хацелі расставацца.

-6

Колас пазнаёміўся з Вольгай Грудзінскай, калі з жонкай ездзіў у Вільню ў святочнае шлюбнае падарожжа. Жанчыну запрасілі на сустрэчу з маладымі. Захаваліся нават яе ўспаміны аб тым, як яна ўпершыню ўбачыла Коласа. Прызнавалася, што зусім па-іншаму яго ўяўляла і была здзіўлена, калі насустрач выйшаў такі просты чалавек у кашулі, падпярэзаны паяском. Дарэчы, Колас - аўтар яе псеўданіма (Вольга пазней стала вядомай артысткай Купалаўскага тэатра). Аднойчы яна звярнулася да паэта, каб ён дапамог ёй з гэтым выбарам. Той сказаў: "Вы такая тоненькая, маладзенькая, як галінка". Вось так і з'явіўся яе творчы псеўданім - Вольга Галіна.

Вольга Галіна ўспамінала, што падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі яна з трупай тэатра апынулася ў Томску, усе шукалі роднага чалавека, каб падзяліцца сваёй бядой, сваімі перажываннямі. Яна даведалася, што ў Ташкенце знаходзіцца Колас, і напісала яму ліст. У адказ ёй прыйшлі лісты з цёплымі словамі, поўныя бацькоўскага клопату і перажыванняў, а таксама кнігі з памятнымі радкамі. Вольга Галіна беражліва захоўвала гэтыя дзве кнігі, а потым перадала іх у музей Якуба Коласа.

-7

Унікальны экзэмпляр

Кніга "Новая зямля", падпісаная ў 1955 годзе Аляксандры Дзмітрыеўне Жукоўскай, - ўнікальная. Гэта сігнальны экзэмпляр паэмы "Новая зямля", якая рыхтавалася да друку ў 1941 годзе. Друкарскія гранкі былі знішчаны немцамі, і захавалася толькі адна кніга, якую класік падарыў сваёй вучаніцы.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 4 лістапада адкрываецца выстава "Ад усяго сэрца. Ад усёй душы", прысвечаная кнігам з аўтографамі славутага класіка. Сярод экспанатаў - 16 новых інскрыптаў, якія раней не друкаваліся. Выставачны праект, які мы прадстаўляем, атрымаў падтрымку спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы культуры.

| Алена ЕЛАВІК, газета "7 дней", фота з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

КАПІРАВАННЕ ГЭТАГА МАТЭРЫЯЛУ (ЦАЛКАМ АБО ЧАСТКОВА) АБО ІНШАЕ ЯГО ВЫКАРЫСТАННЕ ЗАБАРОНЕНЫ

Чытайце таксама:

Свой юбілей назваў "вясёлай рэпетыцыяй пахавання". Ведалі гэта пра Максіма Танка?

Писал стихи даже в тюрьме и прожил 33 года. Вы знаете, кто такой Валентин Тавлай?

Чудом прошёл 4 войны, был жёстким и требовательным. Вы знали это о Кондрате Крапиве?